А шостай гадзіне вечара містэр Ольбінет падаў добры абед. Невядома было, дзе і калі давядзецца есці ў другі раз, і ўсе рашылі наесціся па-горла. Галоўнай аздобай стала было жаркое з пацукоў, якіх злавіў Вільсон і спёк у зямлі Ольбінет. Элен і Мэры Грант рашуча адмовіліся есці гэту страву, якую так паважалі новазеландцы, але менш пераборлівыя мужчыны елі з апетытам сапраўдных маарыйцаў. Мяса аказалася вельмі смачным, і шэсць грызуноў былі ўмомант абгрызены да костак.
Урэшце сцямнела. Сонца схавалася за граду навальнічных хмар на гарызонце. Некалькі разоў бліснула маланка на небе, і здалёк дакаціўся грукат грому.
Паганель быў у захапленні ад гэтай навальніцы. Яна павінна была толькі надаць яшчэ большую пераканаўчасць пачатаму ім спектаклю. Забабонныя новазеландцы лічаць гром голасам раздражненага бога Нуі-Атуа, а маланку — сярдзітым пабліскваннем яго вачэй. Такім чынам бог сам з’явіцца, каб пакараць святататцаў.
А восьмай гадзіне вечара злавесная цемра ахутала вяршыню Маунгаману. Беспрасветная чарната неба служыла цудоўным фонам для фейерверка, які задумаў Паганель.
Надышоў час дзейнічаць. Гленарван, Паганель, Мак-Набс, Роберт, Джон Мангльс, Ольбінет і абодва матросы дружна ўзяліся за справу.
Для кратэра выбралі месца за трыццаць крокаў ад удупы: неабходна было, каб магіла правадыра засталася непашкоджанай, бо, каб яе зруйнавалі, з гары было-б знята табу. На гэтым месцы Паганель заўважыў вялікі камень, з-пад якога вырываліся клубы пары і дыму. Гэты камень, відаць, закрываў натуральны кратэр і сваім цяжарам перашкаджаў выбуху. Каб удалося выкінуць яго з гнязда, безумоўна, пара і лава падаліся-б наверх праз дзірку кратэра.
Усе ўзялі калы і моцна пачалі варочаць каменную глыбу. Адважныя землякопы працавалі моўчкі. Хутка з-пад камення з вялікай сілай вырваўся слуп пары. Работа станавілася небяспечнай. Аднак уцекачы не спалохаліся і, сабраўшы ўсю сілу, вырвалі глыбу з гнязда. Яна павісла на секунду над схілам, потым сарвалася з месца і знікла ў цемры.
У тую-ж секунду тонкі пласт глебы, які прыкрываў жарло кратэра, паддаўся напору. Вялікі слуп полымя падняўся к небу, загрукацеўшы як залп з некалькіх гармат. У гэты час з кратэра выліўся паток распаленай лавы і пакаціўся па схілу гары ўніз, проста на лагер тубыльцаў.
Гара задрыжэла, і адну хвіліну ўсім здавалася, што яна зараз расколецца і вяршыня яе зваліцца ў бяздонне. Гленарван і яго таварышы ледзь паспелі адбегчы ад месца выбуху.
Не гледзячы на тое, што яны беглі к удупе вельмі шпарка, іх апарылі пырскі вады, нагрэтай амаль да тэмпературы кіпення. Вада гэта мела даволі моцны пах серы.
Па схілу Маунганаму зараз сцякалі патокі лавы. Суседнія горы асвятліліся водбліскамі выбуху. Нават глыбокія западзіны былі ахоплены зарывам.
Дзікуны з перапуду ўскочылі на ногі. Лава падходзіла ўжо к самаму іх лагеру. Яны разбегліся па навакольных узгорках і адтуль, назіраючы за тым, як боскі гнеў карае святататцаў, крычалі:
— Табу! Табу! Табу!
Са штучнага кратэра Маунганаму вырывалася між тым вялікая колькасць пары, раскаленага камення і лавы. Гэта не быў звычайны гейзер, як тыя, што знаходзяцца па суседству з вулканам Гекла ў Ісландыі,— гэта быў вулкан не горшы за гару Гекла. Бурлізая лава і сціснутыя пад вялікім ціскам газы, якія стрымліваліся да гэтага часу конусам гары Маунганаму і задавальняліся клапанам Тангарыро для выхаду наверх, знайшлі новы клапан і шугнулі ў яго з вялікай сілай. Па закону роўнавагі ў гэты дзень вулканічная дзейнасць Тангарыро павінна была адпаведна зменшыцца.
Новы кратэр бушаваў на працягу ўсей ночы пры бесперапынных грукатах грому і пабліскванні маланкі. Ярасць яго пачала непакоіць Гленарвана.
Уцекачы, схаваўшыся за частаколам удупы, сачылі за звяржэннем.
Настала раніца, але вулкан не сунімаўся. Густыя клубы жаўтаватага дыму вырываліся зараз з яго кратэра разам з языкамі полымя. Патокі лавы веерам сцякалі па схілу Маунганаму.
Гленарван з трывогай пачаў аглядаць праз шчыліны ў частаколе лагер дзікуноў.
Маарыйцы паўцякалі на суседнія ўзгоркі, куды не дасягалі гарачыя патокі выкінутых парод. Некалькі спаленых трупаў тубыльцаў, якіх заспела лава, ляжалі каля падножжа Маунганаму. Далёка, каля ўваходу ў форт, лава спаліла цэлы пасёлак з дваццаці хацін. Яны яшчэ дыміліся. Новазеландцы, сабраўшыся ў групкі, з набожным выглядам пазіралі на дымную вяршыню Маунганаму.
У гэты час з’явіўся Каі-Куму са сваімі воінамі. Гленарван пазнаў яго, хоць і было далёка. Правадыр маарыйцаў падышоў да падножжа гары з таго боку, дзе не было лавы, але і ён не адважыўся ступіць нават кроку наверх.
Падняўшы рукі к небу, як шаман, ён нешта крыкнуў. Не гледзячы на тое, што адлегласць не дазваляла разабраць ні слова, уцекачы добра зразумелі сэнс гэтага крыку. Паганель правільна ўгадаў паводзіны дзікуноў: Каі-Куму налажыў новае, яшчэ больш суровае табу на гару-мсцівіцу.
Следам за гэтым дзікуны спешна пакінулі схілы бліжэйшых узгоркаў і вярнуліся ў форт.