25 лютага дарога на ўсход аказалася перагароджанай ракой. Мяркуючы па карце Паганеля, гэта павінна была быць рака Вайкары. Уцекачы перайшлі яе ўброд.
На працягу наступных двух дзён дарога ўвесь час ішла па стэпу з нізкарослым хмызняком. Палавіна адлегласці між возерам Таупо і берагам акіяна ўжо была пройдзена. Падарожнікі, праўда, стаміліся, але затое ў іх не было ні адной нежаданай сустрэчы.
28 лютага яны ўвайшлі ў лес, вялікі і бясконцы, які нагадваў аўстралійскія лясы. Толькі замест эўкаліптаў тут раслі кауры. Хоць падарожнікі за апошнія чатыры месяцы страцілі сваю здольнасць захапляцца, яны не маглі не зачаравацца, убачыўшы гэтыя гіганцкія дрэвы, вартыя сапернікаў ліванскіх кедраў і каліфорнійскіх мамантавых дрэў. Ствол кауры дасягаў ста футаў у даўжыню ад падножжа да першага галля. Кауры раслі невялікімі групкамі, і лес складаўся не з асобных дрэў, а з мноства невялікіх груп дрэў, якія падымалі на дзвесце футаў над зямлёй сваю пышную зялёную крону.
Некаторыя з гэтых сосен, яшчэ маладыя, не старэй ста гадоў, былі падобныя на чырвоныя ёлкі еўрапейскіх лясоў. Іх цёмныя кроны мелі форму востраканечнага конуса. Наадварот, старыя дрэвы, узростам па пяцьсот-шэсцьсот гадоў, утваралі гіганцкія зялёныя парасоны; гэтыя патрыярхі новазеландскіх лясоў мелі да пяцідзесяці футаў у акружыне, і ўвесь атрад, узяўшыся за рукі, ледзь мог абхапіць іх ствол.
На працягу трох наступных дзён маленькі атрад блукаў пад аркадамі гэтага лесу, які ўпершыню бачыў людзей. Пра гэта ясна сведчылі некранутыя кучы дрэўнай смалы — прадукта, які вельмі цэняць тубыльцы.
Паляўнічыя бачылі тут мноства ківі, якія так рэдка сустракаюцца ў мясцовасцях, дзе бываюць маарыйцы. Гэтыя выдатныя птушкі схаваліся ў некранутыя лясы ад праследавання тубыльцаў і іх сабак. Дзякуючы збытку дзічыны падарожнікі мелі зараз сытную і смачную яду.
Аднойчы Паганель заўважыў воддаль, у гушчары лесу, пару нейкіх гіганцкіх пёрыстых. У ім умомант абудзіўся інстынкт даследчыка прыроды. Ён паклікаў сваіх таварышоў, і, не гледзячы на стомленасць, маёр, Роберт, і ён сам кінуліся даганяць гэтых птушак.
Можна сабе ўявіць узрушанне, якое ахапіла вучонага, калі ён пазнаў у гэтых птушках моа—рознавіднасць дзінорм, якіх большасць натуралістаў лічаць вымершымі. Гэта сустрэча пацвярджала думку Гохштэтэра і некаторых іншых падарожнікаў, што гэта сямейства гіганцкіх бяскрылых уцалела яшчэ ў першабытных лясах Новай Зеландыі.
Моа, за якімі пабег Паганель,— патомкі дапатонных птэрадактыляў і мегатэрыяў, былі восемнаццаці футаў увышкі. Яны ўцяклі так шпарка, што ніякая куля не магла-б іх дагнаць.
Пасля нядоўгай пагоні паляўнічыя зразумелі, што гэта марна і, зірнуўшы апошні раз на купку дрэў, за якой схаваліся шпаркія моа, вярнуліся да сваіх сяброў.
У гэты вечар маленькі атрад урэшце выбраўся з лесу і стаў нанач каля падножжа гары Ікарэнгі, вяршыня якой падымалася на пяць тысяч пяцьсот футаў над узроўнем мора.
Падарожнікі прайшлі сто міль ад Мауніганаму, і не больш трыццаці міль заставалася зараз да берагу акіяна.
Гэта складала яшчэ два доўгіх пераходы, прычым ад падарожнікаў зноў патрабавалася максімум настарожанасці і пільнасці, бо ім трэба было яшчэ прайсці мясцовасць, якую часта наведваюць тубыльцы.
Перамагаючы стомленасць, назаўтра досвіткам маленькі атрад зноў рушыў у дарогу. Асабліва цяжкім аказаўся апошні ўчастак — між гарой Ікарэнгі і гарой Гардзі. На працягу дзесяці міль тут раслі хмызнякі гнуткіх ліянаў, якія справядліва празвалі «ліянамі-душагубцамі». На кожным кроку ў гэтыя ліяны заблытваліся ногі падарожнікаў, і, каб вызваліцца, ліяны трэба было абсякаць. Так, не выпускаючы сякеры з рук, яны ішлі двое сутак сярод гэтых тысячагаловых гідраў, якіх Паганель ледзь згаджаўся прызнаць раслінамі, а не жывымі і да таго-ж варожымі стварэннямі.
У гэтай мясцовасці паляваць нельга было, і маленькі атрад цярпеў не толькі ад вялікай стомленасці, але і ад голаду. У дадатак да ўсяго нехапала і вады, і знясіленыя падарожнікі бесперапынна пакутвалі ад смагі. Сяк-так перастаўляючы ногі, падпарадкоўваючыся толькі інстынкту самазахавання, падарожнікі з нечуванай цяжкасцю дабраліся ўрэшце да мыса Лотын, на беразе Ціхага акіяна.
Тут яны ўбачылі некалькі разбураных і пустых хацін, спустошаныя палі, сляды пажару. Відаць, нядаўна гэта вёска была арэнай ваенных дзеянняў.
Падарожнікі ішлі ўздоўж берагу акіяна, калі раптам за мілю ад іх з’явіўся атрад тубыльцаў; дзікуны таксама заўважылі еўрапейцаў і кінуліся да іх, размахваючы зброяй.
Падарожнікам не было куды ўцякаць. Заставалася сабраць апошнія сілы і паспрабаваць абараняцца. Гленарван хацеў ужо даць адпаведны загад, як раптам Джон Мангльс крыкнуў:
— Лодка! Я бачу лодку!
І сапраўды, за дваццаць крокаў ад іх на пяску стаяла пірога з васьмю вёсламі. Спусціць яе на ваду, сесці ў яе і адплысці ад небяспечнага берагу было справай адной хвіліны. Джон Мангльс, Мак-Набс, Вільсон і Мюльрэдзі селі каля вёслаў. Гленарван стаў за рулём, Паганель, Ольбінет, Роберт і абедзве жанчыны селі побач з ім на карме.