Атрад моўчкі рушыў уперад па адхоннаму ўсходняму схілу Ваіхіці-Рэндж, ні на секунду не прыпыняючыся. Паганель вёў яго на паўднёвы ўсход к вялікаму перавалу між Кайманава і Ваіхіці, цераз які праходзіць дарога з Оклэнда к бухце Гаукса. Ён меркаваў, мінуўшы гэты перавал, пакінуць у баку праезную дарогу і пад прыкрыццём горнага ланцуга накіравацца проста к берагу акіяна па дзікай і бязлюднай мясцовасці.
А дзевятай гадзіне раніцы, пасля дванаццаці гадзін бесперапыннай хады, уцекачы прайшлі дванаццаць міль. Адважныя жанчыны не наракалі на стомленасць, але відаць было, што яны стаміліся і больш не могуць ступіць ні кроку.
Апрача таго, месца, дзе яны апынуліся, было выгоднае для лагера. Падарожнікі знаходзіліся ў даліне, якая падзяляла два горныя хрыбты. Оклэндская дарога заставалася па правую руку ад іх і паварачвала на поўдзень.
А дзесятай гадзіне раніцы Паганель прывёў свой атрад к невялікай пляцоўцы каля краю крутога схілу гары.
Харчы дасталі з пакункаў, і ўсе пачалі есці. Нават Мэры Грант і маёр, якія да гэтага часу скептычна ставіліся да ўжыўных папаратнікаў, прызналі іх спажыўнымі і смачнымі.
Падарожнікі адпачывалі тут да двух гадзін папоўдні, потым зноў рушылі ў дарогу. Наступны прыпынак яны зрабілі позна вечарам за восем міль ад гор. Усе так стаміліся за дзень, што як толькі ляглі, то адразу заснулі моцным сном.
Назаўтра дарога аказалася яшчэ цяжэйшай. Яна праходзіла паўз вулканічныя горы, гейзеры і серныя крыніцы, якія знаходзіліся на ўсходзе ад Ваіхіці-Рэндж. Дарога гэта была прыемная для вока, але не для ног. Кожную чвэрць мілі даводзілася кружыць, абыходзіць, і к канцу дня падарожнікі зусім аслабелі.
Тут амаль не было дзічыны, ва ўсякім разе такой, якую містэр Ольбінет мог-бы спакойна прапанаваць для яды падарожнікам. Таму на снеданне, на абед і на вячэру даводзілася падаваць папаратнікі і салодкую бульбу, а гэта было недастаткова для людзей, якія трацілі столькі фізічнай сілы на хаду па няроўнай мясцовасці.
Але як не стараліся ўцекачы хутчэй пакінуць гэтыя непрыветныя мясціны, усё-ж на пераход цераз іх давялося патраціць каля чатырох дзён. Толькі 23 лютага, адышоўшы на пяцьдзесят міль ад Маунганаму, яны вышлі на адкрытае месца, на якім рос невысокі хмызняк.
Гэты малюнак радаваў вока і прадракаў больш прыемную дарогу, пры ўмове, вядома, што расліннасць не прывабіла ў гэту мясцовасць жыхароў. Да гэтага часу ўцекачы не сустрэлі ні аднаго следу дзікуноў.
Каля паўдня Роберту і Мак-Набсу пашчасціла забіць трох ківі, якія з’явіліся галоўнай аздобай стала. Іх з’елі за некалькі хвілін ад дзюбкі да кончыкаў лапак.
Не варта апісваць ва ўсіх дэталях гэта аднастайнае, не адзначанае ніякімі здарэннямі падарожжа. Кожны дзень ад усходу да заходу сонца ўцекачы ішлі цераз лясы і раўніны. Джон вызначаў кірунак па зорках і сонцу. Надвор’е спрыяла ім і не стамляла ні празмернай спёкай, ні вялікімі дажджамі. Тым не менш, стомленасць падарожнікаў, якія выцерпелі столькі пакут, з кожным днём узрастала.
Агульныя гутаркі, якія ажыўлялі ў мінулыя часы прывалы і ўпрыгожвалі аднастайнасць і беднасць дарожных уражанняў, амаль спыніліся.
Гленарван большую частку дарогі ішоў адзін. Чым бліжэй падыходзілі да берагу акіяна, тым усё часцей і часцей апаноўвалі яго цяжкія думкі аб «Дункане», аб яго загінутым экіпажы. Гленарван забываў пра небяспекі, якія яшчэ падпільноўвалі яго атрад на шляху ў Оклэнд, каб аддацца гэтым сумным думкам.
Пра Гары Гранта ў атрадзе не гаварылі зусім. Дый што было гаварыць? Яму-ж нічым нельга было дапамагчы...
Толькі Мэры і Джон Мангльс часамі ўспаміналі пра капітана Гранта.
Джон не прыпамінаў Мэры слоў, якія яна сказала ў святыні напярэдадні ўцёкаў на Маунганаму. Яго скромнасць не дазваляла яму злоўжываць прызнаннем, выказаным у хвіліну роспачы.
У гутарках з маладой дзяўчынай ён развінаў планы будучых пошукаў капітана Гранта. Ён пераконваў Мэры, што Гленарван адновіць гэтыя пошукі, не гледзячы на няўдачу першай экспедыцыі. Ён пераконваў Мэры, што сапраўднасць дакументаў бясспрэчная і, значыцца, Гары Грант недзе знаходзіцца жывы і здаровы. А калі так — трэба было перавярнуць увесь зямны шар, але знайсці яго!
Мэры з вялікім здаваленнем слухала словы маладога капітана, і між ёй і Джонам расла і мацнела дружба. Часта ў іх гутаркі ўступала і Элен. Але хоць яна больш цвяроза ацэньвала рэчаіснасць і не была такой лёгкадумнай, яна старалася не пазбаўляць Мэры надзеі і не супярэчыла Джону Мангльсу.
Дарогай Мак-Набс, Роберт, Мюльрэдзі і Вільсон палявалі, не адыходзячы далёка ад маленькага атрада, і кожны з іх прыносіў у агульны кацёл сваю частку здабычы.
Паганель, які заўсёды быў захутаны ў свой маарыйскі плашч, ішоў адзін і ўсю дарогу маўчаў і нешта думаў.
Трэба сказаць, што насуперакі правілу, якое сцвярджае, нібы гора, недастачы і ліха псуюць самыя лепшыя характары, усе ўдзельнікі экспедыцыі Гленарвана, як раней, любілі і паважалі адзін аднаго і, не думаючы, гатовы былі афяраваць сваё жыццё адзін за аднаго.