Яго паклалі на палубу. Спадарожнікаў славутага француза апанавала роспач. Маёр, які заўсёды выконваў абавязкі ўрача пры ўсіх няшчасных выпадках, хацеў распрануць Паганеля, каб перавязаць яго раны, але ледзь ён дакрануўся да цела беднага вучонага, як той ускочыў, нібы па ім прабег электрычны ток.
— Недакранайцеся да мяне! — крыкнуў Паганель, захінаючы сваё худое цела дзіравым плашчом.
— Але, Паганель...— запратэставаў маёр.
— Не, кажу я!
— Трэба агледзець вас...
— Вы не будзеце аглядаць мяне.
— Вы маглі зламаць...
— Так,— сказаў Паганель, упэўнена становячыся на свае даўгія ногі,— я зламаў... але справа плотніка, а не ваша адрамантаваць тое, што я зламаў!
— Што-ж вы зламалі?
— Я зламаў парэнчы трапа, калі падаў.
Новы выбух смеху сустрэў гэту рэпліку. Сябры Паганеля больш не трывожыліся за жыццё і здароўе няўважлівага вучонага. Яны павіншавалі яго са шчаслівым канцом прыгоды з гарматай.
«Дзіўна,— падумаў маёр.— Да чаго сарамлівы гэты географ!..»
Між тым Паганелю прыпадала яшчэ, пасля ўсіх перажытых хваляванняў, адказаць на пытанне, якое аднолькава цікавіла ўсіх яго спадарожнікаў.
— А цяпер, Паганель,— сказаў Гленарван,— адкажыце мне па шчырасці. Я магу згадзіцца, што ваша няўважлівасць аказалася як нельга больш шчаслівай для нас. Няма ніякага сумнення, што, каб не вы, «Дункан» трапіў-бы ў рукі катаржнікаў, а мы — у палон к маарыйцам. Але скажыце, чорт вазьмі, па якой дзіўнай асацыяцыі думак, пад уплывам якой неадчэпнай ідэі вы напісалі ў пісьме «Новая Зеландыя», калі трэба было напісаць «Аўстралія».
— Няма нічога больш звычайнага... — пачаў Паганель.
Але тут ён паглядзеў на Роберта і Мэры Грант і раптоўна змоўк. Памаўчаўшы крыху, ён сказаў:
— Рабіце са мной, што хочаце, Гленарван. Я вар’ят, непапраўны дурань і, відаць, такім памру ўжо...
— Калі толькі з вас раней не злупяць скуры,— дадаў маёр.
— Як так, з мяне злупяць скуру? — абурана ўсклікнуў географ.— На што вы намякаеце?..
— Я ні на што не намякаю,— спакойна адказаў маёр.
Гутарка на гэтым спынілася. Таямніца раптоўнага з’яўлення «Дункана» ў новазеландскіх водах высветлілася; цудам выратаваныя падарожнікі зараз думалі толькі аб тым, каб як хутчэй трапіць у свае выгодныя каюты, а пасля паснедаць.
Але калі Элен, Мэры, маёр, Паганель і Роберт пайшлі ў свае каюты, Гленарван і Джон Мангльс зноў пачалі распытваць у Тома Аусціна.
— А зараз, мой сябра, скажыце мне, хіба вы не здзівіліся, атрымаўшы загад накіравацца к берагам Новай Зеландыі?
— Праўду кажучы, сэр, я вельмі здзівіўся. Але я не прывык разважаць, калі мне загадваюць дзейнічаць. Таму я падпарадкаваўся. Ці мог я зразумець інакш? Каб я парушыў ваш загад і здарылася-б якое-небудзь няшчасце, хіба не я быў-бы вінаватым? Што вы зрабілі-б на маім месцы, капітан?
— Тое самае, што і вы, Том,— адказаў Джон Мангльс.
— Але што вы падумалі? — настойваў Гленарван.
— Я падумаў, сэр, што інтарэсы Гары Гранта патрабуюць, каб «Дункан» паплыў туды, куды вы загадалі. Я рашыў, што па нейкіх меркаваннях вам зручней было, не чакаючы «Дункана», на іншым судне пераправіцца ў Новую Зеландыю. Дарэчы, пакідаючы Мельбурнскі порт я нікому не сказаў, куды мы едзем. І экіпаж даведаўся пра мэту нашага плавання толькі на моры, калі бераг Аўстраліі ўжо знік з позірку. Але тут адбылася адна падзея, якая вельмі ўстрывожыла мяне.
— Што іменна Том?
— Я хачу сказаць,— адказаў Том Аусцін,— што калі боцман Айртон даведаўся назаўтра, куды плыве «Дункан»...
— Як? — крыкнуў Гленарван.— Значыцца, Айртон на барту яхты?
— Так, сэр.
— Айртон тут! — паўтарыў Гленарван, пазіраючы на Джона Мангльса.
— Лёс! — адказаў капітан.
За адну секунду ў галовах абодвух падарожнікаў мільганулі, як маланка, успаміны аб паводзінах Айртона, аб задуманай ім здрадзе, аб раненні Гленарвана, аб замаху на жыццё Мюльрэдзі, аб пакутах экспедыцыі, заведзенай у балоты Сноуі,— усё мінулае гэтага злачынца прамільгнула ў іх галовах. А зараз, па дзіўнаму наплыву акалічнасцей, гэты нягоднік апынуўся пад іх уладай!
— Дзе ён? — жвава запытаў Гленарван.
— У каюце на носе, пад вартай,— адказаў Том Аусцін.
— Чаму вы яго арыштавалі?
— Таму што, даведаўшыся, што яхта плыве ў Новую Зеландыю, Айртон чуць не ашалеў, прасіў мяне змяніць напрамак, пагражаў мне, урэшце спрабаваў узбунтаваць маіх матросаў. Я зразумеў, што гэта небяспечны чалавек, і рашыў прыняць свае меры перасцярогі...
— І з таго часу?..
— І з таго часу ён сядзіць у каюце пад замком і не выходзіць з яе.
— Добра, Том.
У гэтую хвіліну Гленарвана і Джона Мангльса паклікалі ў кают-кампанію. Снеданне, аб якім яны так марылі на беразе, падалі на стол. Яны селі за стол, нічога не сказаўшы сваім спадарожнікам аб Айртоне.
Але пасля снедання, калі ўсе пад’елі і набраліся сілы, Гленарван паведаміў, што былы боцман знаходзіцца на судне і што ён збіраецца дапытаць яго.
— Ці магу я не прысутнічаць пры гэтым допыце? — запытала Элен.—Прызнаюся вам, дарагі Эдуард, што мне вельмі цяжка будзе бачыць гэтага няшчаснага.
— Гэта будзе допыт адзін-на-адзін, Элен,— адказаў Гленарван.— Я прашу вас застацца. Трэба, каб Бен Джойс бачыў перад сабою ўсе афяры свайго здрадніцтва!