Элен згадзілася. Мэры Грант і яны селі побач з Гленарванам. Маёр, Паганель, Джон Мангльс, Роберт, Мюльрэдзі, Вільсон і Ольбінет сталі каля яго. Том Аусцін і ўвесь экіпаж яхты сталі крыху воддаль. Не разумеючы яшчэ, што адбываецца, усе стаялі ціха.
— Прывядзіце сюды Айртона,— загадаў Гленарван.
РАЗДЗЕЛ ВОСЕМНАЦЦАТЫ
Айртон ці Бен Джойс
Айртон увайшоў у кают-кампанію. Цвёрдым поступам ён падышоў да стала. Выгляд яго не быў задзірыстым, але і ніякіх адзнак замяшання нельга было прачытаць на яго твары. Апынуўшыся перад Гленарванам, ён скрыжаваў рукі на грудзях і моўчкі чакаў пачатку допыта.
— Айртон,— сказаў Гленарван,— вось мы і сустрэліся зноў на барту таго самага «Дункана», які вы хацелі перадаць катаржнікам з шайкі Бена Джойса!
Ад гэтых слоў губы ў былога боцмана злёгку здрыгануліся. Яго спакойны твар крыху пачырванеў. Гэта было не ад пакут сумлення, а толькі сорам за няпоспех задуманай справы. Ён чырванеў ад таго, што ў якасці палоннага стаяў на палубе судна, якім спадзяваўся камандаваць.
Але ён нічога не адказаў Гленарвану. Той цярпліва чакаў. Айртон упарта маўчаў.
— Гаварыце, Айртон,— сказаў Гленарван.— Што вы можаце адказаць мне?
Айртон яшчэ думаў. Лоб яго быў зрэзаны маршчынамі. Потым ён спакойна адказаў:
— Мне няма чаго сказаць вам, сэр. Я быў такі дурны, што дазволіў арыштаваць сябе. Рабіце са мной, што вы хочаце.
З гэтымі словамі былы боцман павярнуўся к берагу, які відаць быў на захадзе, і зрабіў выгляд, што яму так абыякава ўсё, што адбываецца навокал. Пазіраючы на яго з боку, можна было падумаць, што ён зусім не мае ніякага дачынення да важнай справы, якую абмяркоўваюць у кают-кампаніі.
Але Гленарван рашыў не даваць волі гневу. Важныя інтарэсы патрабавалі высвятлення некаторых загадкавых абставін з біяграфіі Айртона, асабліва таго перыяда яго жыцця, калі ён меў дачыненне да Гары Гранта і «Брытаніі».
Таму Гленарван, заглушыўшы злосць, прымусіў сябе гаварыць зусім спакойным голасам.
— Я мяркую, Айртон,— прадаўжаў ён,— што вы не адмовіцеся даць адказ на некалькі маіх пытанняў. Але перш за ўсё скажыце, як вас называць — Айртонам ці Бенам Джойсам? І ці былі вы калі-небудзь сапраўды боцман на «Брытаніі»?
Айртон спакойна глядзеў на бераг, нібы не чуў пытанняў.
— Ці не скажаце вы мне хаця-б, калі вы пакінулі «Брытанію» і чаму вы апынуліся ў Аўстраліі?
Тое-ж маўчанне, той-жа абыякавы выгляд.
— Слухайце мяне ўважліва, Айртон,— прадаўжаў Гленарван.— У вашых інтарэсах адказваць мне. Адзінае, што можа палегчыць вашу долю — гэта шчырае прызнанне. Апошні раз пытаюся, ці будзеце вы адказваць на мае запытанні?
Айртон павярнуўся тварам да Гленарвана і зірнуў яму проста ў вочы.
— Ведаеце, сэр,— сказаў ён,— мне няма чаго вам адказваць. Не мая справа абвінавачваць самога сябе. Няхай гэтым зоймецца суд.
— За доказамі вашай віны далёка хадзіць не давядзецца,— адказаў Гленарван.
— Вы кажаце, што доказы будзе лёгка сабраць? — іранічным тонам запытаў Айртон.— Па-мойму, вы памыляецеся, сэр. Я ўпэўнены, што самы праніклівы суддзя стане ў тупік, разбіраючы маю справу. Хто зможа растлумачыць, як я апынуўся ў Аўстраліі, калі капітана Гранта не будзе на судзе? Хто давядзе, што я і Бен Джойс, якога шукае паліцыя,— адна асоба; паліцыя-ж ніколі не бачыла мяне, а мае супольнікі знаходзяцца на волі? Хто, апрача вас, зможа абвінаваціць мяне не толькі ў злачынстве, але нават у самым звычайным учынку? Хто зможа давесці, што я імкнуўся заўладаць гэтым судном і перадаць яго збеглым катаржнікам? Ніхто! Чуеце вы, ніхто! Вы падазраеце мяне,— добра, але для таго, каб засудзіць чалавека, адных падазрэнняў мала, патрэбны доказы! А доказаў у вас няма, і пакуль вы іх не знойдзеце, я застануся Айртонам, боцманам з трохмачтавага судна «Брытанія»!
Айртон, які гаварыў з вялікім запалам, зноў стаў спакойным, скончыўшы сваю тыраду. Ён, відавочна, меркаваў, што, атрымаўшы такі адказ, Гленарван спыніць допыт. Але Гленарван зноў загаварыў:
— Я не суддзя, Айртон, і не вяду следства. Гэта — не мая справа. Не лішне вам высветліць сабе дакладна нашы ўзаемаадносіны. Я не збіраюся выпытваць у вас таго, што можа вам пашкодзіць у далейшым. Гэта, паўтараю, справа суда. Але вы ведаеце, якія пошукі я распачаў, і можаце адным словам навясці мяне на страчаны след. Ці будзеце вы адказваць?
Айртон заківаў галавой з выглядам чалавека, які цвёрда рашыў маўчаць.
— Ці скажаце вы мне, дзе знаходзіцца капітан Грант? — прадаўжаў Гленарван.
— Не, сэр,— адказаў Айртон.
— Ці скажаце вы мне, дзе здарылася крушэнне з «Брытаніяй»?
— Не.
— Айртон,— сказаў Гленарван амаль упрашваючым тонам,— калі вы ведаеце, дзе знаходзіцца Гары Грант, скажыце гэта не мне, а гэтым бедным дзецям, якія з мальбою пазіраюць на вас.
Айртон захістаўся. Яго твар скрывіўся. Але ён ціха адказаў:
— Я не магу нічога сказаць.
І ў раптоўным запале, нібы ўнікаючы сябе за хвілінную слабасць, ён закрычаў:
— Не, я нічога не скажу! Можаце мяне павесіць, калі хочаце.
— Павесіць! — крыкнуў Гленарван разгневана.
Але тут-жа, саўладаўшы з сабой, ён адказаў спакойным голасам: