Таму пры праходзе боцмана ў сваю каюту матросы лаяліся і пагражалі яму. Ён адказваў на гэта толькі пацісканнем плячэй, што падвойвала шаленства экіпажа. Каб не заступіўся тут Гленарван і Джон Мангльс, каманда разарвала-б злачынцу.
Але Элен не здалася. Яна рашыла змагацца да канца з гэтым бессардэчным чалавекам і назаўтра сама пайшла ў каюту зняволенага.
На працягу доўгіх двух гадзін добрая і ціхая жанчына заставалася сам-на-сам з атаманам банды збеглых катаржнікаў. Гленарван, увесь апанаваны нервовым узрушаннем, блукаў вакол каюты Айртона, змагаючыся з жаданнем хутчэй пазбавіць сваю жонку ад гэтых цяжкіх перагавораў.
Але за гэтым разам, калі Элен вышла на палубу, яе твар ззяў ад радасці. Няўжо ёй удалося абудзіць драмаўшыя ў душы злачынцы чалавечыя пачуцці і вырваць у яго таямніцу?
Мак-Набс, які першы ўбачыў яе, не мог стрымаць недаверлівага жэста.
Аднак па ўсёй яхце прабеглі чуткі, што Элен удалося нарэшце перамагчы ўпартасць былога боцмана. Уся каманда сабралася на палубе хутчэй, чым па свістку Тома Аусціна для аўрала.
Гленарван пабег насустрач жонцы.
— Ён сказаў? — запытаў ён.
— Не,—адказала Элен,— уступаючы маёй просьбе, Айртон пажадаў пагаварыць з вамі.
— Ах, любая Элен, няўжо вам удалося ўгаварыць яго?
— Спадзяюся, Эдуард.
— Ці не паабяцалі вы яму чаго-небудзь ад майго імя?
— Я абяцала толькі адно, што вы зробіце ўсё магчымае, каб змякчыць яго лёс.
— Добра, Элен, я так і зраблю. Прывядзіце да мяне зараз-жа Айртона,— загадаў ён матросу.
Элен пайшла ў сваю каюту разам з Мэры Грант, а былы боцман пайшоў у кают-кампанію, дзе яго чакаў Гленарван.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Умовы мірнага дагавора
Як толькі боцман падышоў да Гленарвана, вартавыя вышлі.
— Вы хацелі гаварыць са мной, Айртон? — сказаў Гленарван.
— Так, сэр,— адказаў той.
— Сам-на-сам?
— Не, сэр. Было-б лепш, каб маёр Мак-Набс і пан Паганель прысутнічалі пры нашай гутарцы.
— Лепш для каго?
— Для мяне.
Айртон гаварыў зусім спакойна.
Гленарван уважліва паглядзеў на яго і паслаў за Мак-Набсам і Паганелем, якія неадкладна прышлі па выкліку.
— Мы слухаем вас,— сказаў Гленарван, як толькі абодва яго сябры селі.
Некаторы момант Айртон збіраўся з думкамі. Урэшце ён пачаў.
— Сэр,—сказаў ён,— існуе правіла, што пры заключэнні важнага дагавора ці згоды запрашаюць сведак. Вось чаму я прасіў, каб пан Паганель і маёр Мак-Набс прысутнічалі пры нашай гутарцы. Уласна кажучы, тое, што я хацеў вам прапанаваць, ёсць не што іншае, як кантракт.
Гленарван, ужо знаёмы з норавам Айртона, не міргнуў і вокам, не гледзячы на тое, што нават думка аб якім-небудзь кантракце між ім і Айртонам здавалася яму агіднай.
— Што-ж гэта за кантракт? — запытаў ён.
— А вось які,— адказаў Айртон.— Вы хацелі-б атрымаць ад мяне некаторыя весткі, якія могуць быць карыснымі для вас. Я-ж, у сваю чаргу, жадаў-бы атрымаць сякія-такія перавагі, надзвычай каштоўныя для мяне. Дамо іх адзін аднаму, сэр. Згодны?
— Якія весткі? — жвава запытаў Паганель.
— Не,— перапыніў яго Гленарван,— якія перавагі?
Айртон кіўнуў галавой у адзнаку, што ён зразумеў, што хацеў падкрэсліць Гленарван сваімі словамі.
— Вось,— сказаў ён,— умова, якую я выстаўляю ад сябе; вы збіраецеся, сэр, аддаць мяне ў рукі англійскага правасуддзя?
— Так, Айртон, і гэта будзе толькі справядліва.
— Я не адмаўляю гэтага,— спакойна адказаў былы боцман.— Значыцца, вы зусім не маеце намеру адпусціць мяне на волю?
Гленарван задумаўся, перш чым даць адказ на гэта ва ўпор пастаўленае пытанне. Можа ад яго адказу залежаў лёс Гары Гранта! Урэшце пачуццё абавязку перамагло, і ён адказаў:
— Не, Айртон, я не магу даць вам волі.
— Я і не прашу яе ў вас,— горда адказаў боцман.
— Тады чаго-ж вы хочаце?
— Прамежнага становішча, сэр, між шыбеніцай, якая мяне чакае, і воляй, якой вы не можаце мне даць.
— Гэта?..
— Высадзіце мяне на адзін з незаселеных астравоў Ціхага акіяна і забяспечце мяне толькі патрэбнымі рэчамі. Я сам пастараюся выбрацца з гэтага становішча. У мяне дастаткова будзе часу, каб пакаяцца.
Гленарван зусім не быў падрыхтаваны да такой дзіўнай прапановы. Ён па чарзе паглядзеў на сваіх сяброў. Тыя маўчалі. Падумаўшы некаторы момант, ён адказаў:
— Айртон, калі я згаджуся на вашу просьбу, вы раскажаце мне ўсё, што я хацеў-бы ведаць?
— Так, сэр, усё, што я ведаю пра капітана Гранта і пра «Брытанію».
— Усю праўду?
— Усю праўду.
— Але хто мне паручыцца...
— О, я разумею, што вас непакоіць, сэр. Вы павінны паверыць майму слову, слову злачынца. Але такое становішча рэчаў. Можна толькі прыняць маю прапанову або адхіліць яе.
— Я давяраю вам, Айртон,— проста сказаў Гленарван.
— Добра робіце, сэр. Аднак, калі я ашукаю вас, вы заўсёды зможаце пакараць мяне.
— Якім чынам?
— Вы можаце прыехаць за мной на востраў, з якога я не магу ўцячы.
У Айртона былі гатовы адказы на ўсё. Ён папярэджваў усе сумненні, якія маглі ўзнікнуць, ён сам знаходзіў аргументы, якія былі супроць яго. Было відаць, што ён усяляк спрабуе давесці, што ён прапануе свой «кантракт» з самымі сумленнымі намерамі. Але Айртон не абмежаваўся гэтымі доказамі, ён пайшоў далей.