Падарожнікі зноў пагналі коней рыссю. Але хутка стала відавочным, што гаротная жывёла, выключаючы хіба Тауку, доўга не вытрывае. Яна да таго знясілела, што не хацела нават есці альфафару, рознавіднасць люцэрны, высахлую і пачарнелую пад бязлітасным сонцам.
Гленарван занепакоіўся. Засуха знішчыла навакол усё жывое, і без вады магло блага скончыцца. Талькаў нічога не гаварыў. Відаць, ён лічыў, што не позна будзе прыходзіць у роспач тады, калі яны пераканаюцца, што і Гуаміні высахла, калі толькі наогул у індзейца бываюць гадзіны роспачы.
Пасля невялікага адпачынку падарожнікі зноў селі ў сёдлы і пры дапамозе бізуна і шпораў прымусілі гаротных жывёл рушыць уперад. Цяпер яны ішлі крокам, на большае яны былі няздольны.
Талькаў, вядома, мог паехаць уперад, яго нястомная Таука здольна была мігам даімчаць яго да берагоў ракі. Безумоўна, ён думаў пра гэта; але таксама было безумоўным і тое, што ён не захацеў пакінуць сваіх спадарожнікаў адзінокімі ў гэтай бязмежнай пустыні. Каб не пакінуць іх ззаду, ён прымушаў ісці шагам свайго каня.
Таука выконвала загад свайго гаспадара вельмі неахвотна. Яна станавілася дыбка, брыкалася і гучна іржала. Талькаву даводзілася супакойваць яе, але не сілай, а ўгаворамі. Талькаў зусім насур’ёз размаўляў са сваім канём, а Таука калі не адказвала яму словамі, дык, ва ўсякім выпадку, вельмі добра разумела яго.
Але калі Таука разумела словы Талькава, дык і Талькаў добра зразумеў паводзіны сваёй Таукі. Разумная жывёла сваім надзвычайным нюхам учула, што паветра стала больш вільготным. Конь з асалодай удыхаў яго, шавелячы языком, нібы піў ужо жыватворную вадкасць. Усё гэта гаварыла за тое, што вада была блізка. Талькаў падбадзёрыў сваіх спадарожнікаў, сяк-так растлумачыўшы ім, што азначаюць паводзіны Таукі, ад якой неўзабаве пачалі пераймаць і два астатніх коні. Сабраўшы апошнія сілы, яны пусціліся галопам услед за канём індзейца.
Каля трох гадзін папаўдні за ўзгоркам паказалася нейкая белая палоска. Яна блішчэла пад сонечнымі праменнямі.
— Вада! — крыкнуў Гленарван.
— Вада, вада! — падхапіў Роберт.
Не трэба было падганяць коней — гаротная жывёла і без гэтага імчалася на ўвесь дух. За некалькі хвілін яны даскакалі да ракі Гуаміні і, не чакаючы, пакуль іх рассядлаюць, дайшлі да сярэдзіны ракі.
Коннікам нечакана давялося прыняць халодную ванну, але яны нічога не мелі супроць гэтага.
— Ох, як добра! — крыкнуў Роберт, праганяючы смагу на самай сярэдзіне ракі.
— Роберт, не пі так многа! Трэба быць стрыманым! — сказаў Гленарван.
Але сам ён на гэты раз ніяк не мог быць узорам стрыманасці.
Што да Талькава, дык ён піў павольна, маленькімі, але «даўгімі, як ласо»,— так кажуць патагонцы — глыткамі.
Ён піў так доўга, што яго спадарожнікі пачалі непакоіцца, каб ён не выпіў усёй вады ў рацэ.
— Цяпер я спакойны за нашых сяброў,— сказаў Гленарван.— Калі яны прыедуць сюды, яны будуць мець даволі свежай, празрыстай вады. Калі толькі Талькаў не вып’е ўсёй рыо,— смеючыся, дадаў ён.
— Хіба нельга паехаць насустрач ім? — запытаў Роберт.— Гэтым мы пазбавілі-б іх ад лішніх пакутаў і турбот.
— Можна было-б, мой хлопчык, каб у нас было ў чым вазіць ваду. Але мяшкі засталіся ў Вільсона. Не, лепш ужо чакаць на месцы, як умовіліся. Беручы пад увагу адлегласць і хуткасць бегу стомленых коней, я мяркую, што нашы сябры прыедуць сюды заўтра пад вечар. Падрыхтуем-жа для іх начлег і сытную вячэру.
Талькаў, не чакаючы распараджэння Гленарвана, пачаў выбіраць месца для прывалу. Ён хутка знайшоў на беразе ракі «рамаду» — загарадку для жывёлы. Лепшага месца для начлегу пад адкрытым небам і шукаць не трэба было. А таму што спадарожнікі Талькава не баяліся спаць на адкрытым паветры, дык задача была развязана. Усе ляглі проста на зямлю, каб даць магчымасць высахнуць пад гарачымі праменнямі сонца адзежы, якая замачылася ў часе мімавольнага купання ў рацэ.
— У нас ёсць дзе начаваць,— сказаў Гленарван.— Цяпер падумаем пра вячэру. Трэба, каб нашы сябры былі цалкам задаволены сваімі кватэрмайстрамі. Спадзяюся, што ў іх не будзе падстаў скардзіцца на нас! Уставай, Роберт! Пойдзем на паляванне!
— Заўсёды гатовы, сэр! — адказаў хлопчык, устаючы і падымаючы стрэльбу з зямлі.
Берагі Гуаміні былі месцам збору ўсіх навакольных жывёл і птушак. Падарожнікі бачылі, як у паветра падымаліся цэлыя чароды тынам — рознавіднасці чырвоных курапатак, уласцівай пампасам, чорных рабцоў, сяўцоў, якіх індзейцы называюць «тэру-тэру», жоўтых драчоў і вадзяных курэй.
Чатырохногіх падарожнікі пакуль што не бачылі. Але Талькаў, знайшоўшы сляды на траве і паламанае галлё хмызняку, сказаў, што жывёла ехавалася ў зарасніку на беразе ракі. Такім чынам паляўнічым не трэба было далёка ісці шукаць дзічыны.
Падарожнікі рашылі спачатку настраляць буйнай дзічыны пампасаў і таму не звярталі ўвагі на птушак, якія сотнямі выпырхівалі з-пад іх ног. Неўзабаве яны спудзілі вялікі табун гуанако, якія так нахабна наляцелі на іх на вяршыні Кардыльераў. Але гэтая пужлівая жывёла паімчалася так хутка, што куля не магла дагнаць яе.