Паляўнічым мімаволі давялося страляць менш рухавую дзічыну, якая, дарэчы мела не менш цікавасці — з пункту гледжання кулінарыі.

Яны хутка настралялі больш як дзюжыну чырвоных курапатак і рабцоў, а па дарозе к прывалу Гленарван падстрэліў пекары таі-тэтр, тоўстаскурае чатырохногае з вельмі смачным мясам.

Такім чынам менш чым за поўгадзіны паляўнічыя, не стаміўшыся, дастаткова назапасілі ежы. Роберт, у сваю чаргу, падстрэліў цікавы экземпляр з пароды бяззубых: гэта быў армадзіл, броненосец, увесь у касцяным панцыры з невялікіх рухомых пласцінак. Жывёла мела ў даўжыню каля паўтара футаў. Яна была вельмі тлустая, і мяса яе, як казаў патагонец, было сапраўдным ласункам. Роберт вельмі ганарыўся сваёй удачай. Што да Талькава, дык ён паказаў сваім спадарожнікам як палююць на нанду, рознавіднасць страуса, які надзвычай шпарка бегае.

Патагонец на Тауцы галопам паімчаўся прама на нанду, які спакойна стаяў у прэрыі. Толькі такім нечаканым нападам і можна ўзяць нанду, бо па сваёй шпаркасці ён лёгка апярэджвае сваіх праследвальнікаў. Пад’ехаўшы к страусу, Талькаў кінуў болас так спрытна, што ён абкруціўся вакол ног нанду і паваліў яго на зямлю.

Талькаў прывязаў здабычу да сядла і прывёз яе на прывал. Ён паляваў на нанду не толькі з-за гонару паляўнічага: мяса нанду вельмі смачнае, і індзеец хацеў даць сваю частку ў агульны кацёл.

Паляўнічыя перанеслі ў рамаду вязанку курапатак, Талькавага страуса, Гленарванавага пекары і Робертавага броненосца. Са страуса і пекары адразу садралі скуру і парэзалі іх мяса на тоненькія кавалачкі. Што датычыцца броненосца, дык гэтая жывёла носіць каструлю з сабой. Яе паклалі проста на гарачае вугалле вогнішча, не здымаючы панцыра. Паляўнічыя карміліся ў абед толькі курапаткамі, захаваўшы да прыезду астатніх падарожнікаў галоўныя стравы, гэта значыць страуса, броненосца і пекары. Абед яны запівалі свежай вадой, якая здалася ім смачнейшаю за ўсе віны свету.

Яны не забылі і пра коней і назбіралі для іх многа сакавітай травы — ежы і падсцілкі адначасова.

Калі ўсё было падрыхтавана, Гленарван, Роберт і Талькаў захуталіся ў свае панчо і ўлягліся на падсцілцы з сухіх альфафар, звычайнай пасцелі пампаскіх паляўнічых.

<p>РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ</p><p>Чырвоныя ваўкі</p>

Настала ноч. Быў маладзік, і малады дыск месяца хутка схаваўся за гарызонтам. Толькі трапяткі бляск зорак асвятляў раўніну. Воды Гуаміні паціху цяклі па рэчышчу, як струмень масла па мрамарнай нахіленай дошцы. Птушкі, паўзуны і жывёла адпачывалі пасля дзённай стомы, і глыбокае маўчанне запанавала на ўсёй вялікай тэрыторыі пампасаў.

Гленарван, Талькаў і Роберт паследавалі агульнаму прыкладу. Лежачы на мяккім травяным подсціле, яны моцна спалі. Знясіленыя доўгім і цяжкім пераходам, коні таксама ляглі на зямлю. Толькі Таука, як сапраўдны пародзісты конь, спала стоячы, гатовая бегчы па першаму выкліку гаспадара. Поўны спакой панаваў у загарадцы. Вогнішча дагарала, толькі зрэдку асвятляючы сваімі апошнімі ўспышкамі маўклівую цемру.

Каля дзесяці гадзін вечара індзеец раптоўна прачнуўся. Вочы яго ўтаропіліся ў беспрасветную імглу. Ён напружана прыслухоўваўся да шумаў раўніны, імкнучыся злавіць нейкі ледзь чутны гук, які патрывожыў яго сон. Неўзабаве на звычайна спакойны твар Талькава набег цень трывогі. Што ён пачуў? Стук капытоў набліжаючагася атрада, рык ягуараў, вадзяных тыграў, ці іншых небяспечных жывёл, прывабленых пахам вады? Відавочна, гэтае апошняе меркаванне здалося яму найбольш магчымым, бо ён кінуў быстры позірк на запас паліва, сабраны ў сярэдзіне агарожы. Вынік агляду быў нездавальняючы: гаручага было мала, і запас яго нядоўга мог утрымаць на адлегласці драпежных жывёл. Твар патагонца зрабіўся яшчэ больш змрочным.

Аднак нічога не зробіш, заставалася чакаць падзей. І Талькаў чакаў іх, напоўлежачы, паклаўшы галаву на рукі і абапіраючыся локцямі на зямлю, у позе чалавека, якога раптоўна абудзіла трывога.

Так прайшла гадзіна. Усякі іншы на месцы Талькава супакоіўся-б ад такой навакольнай цішыні і зноў заснуў-бы.

Але там, дзе іншакраінец нічога не заўважыў-бы, інстынкт індзейца падказваў набліжэнне небяспекі.

У той час, як патагонец узіраўся і прыслухоўваўся, Таука раптам глуха заіржала, павярнуўшы галаву к уваходу ў рамаду. Талькаў ускочыў з месца.

— Таука пачула ворага,— прамармытаў ён і яшчэ больш напружана пачаў узірацца ў цемру.

На раўніне ўсё яшчэ панавала цішыня, але мінулага спакою ўжо не было. Талькаў убачыў шмат ценяў, якія паціху прабіраліся праз зараснік кура-мамель. Тут і там мільгалі светлыя кропкі, якія скрыжоўваліся, патухалі і зноў паказваліся. Можна было падумаць, што гэта лятаюць светлякі. Так, пэўна, падумаў-бы кожны іншакраінец, але Талькава гэта не магло ашукаць: ён зразумеў, з якім ворагам належала сустрэцца. Зарадзіўшы карабін, ён стаў на варту каля ўваходу ў загарадку.

Чакаць яму давялося нядоўга. З пампасаў чуліся ні то гаўканне, ні то рыканне. Індзеец стрэліў. Выццё сотні галасоў было яму ў адказ.

Абуджаныя стрэлам, Гленарван і Роберт умомант усталі.

— Што здарылася? — запытаў Роберт.

Перейти на страницу:

Похожие книги