— Яго праўда,— сказаў Гленарван.— Талькаў не пакіне цябе, Роберт. Ён паказаў мне мой абавязак. Паехаць павінен я! Ён застанецца ахоўваць цябе.— Схапіўшыся за аброць Таукі, ён дадаў, звяртаючыся да індзейца:
— Паеду я!
— Не,— спакойна адказаў індзеец.
— Кажу табе, што я паеду! — закрычаў Гленарван, вырываючы аброць з рук Талькава.— Ты павінен выратаваць хлопчыка. Я даручаю яго табе, Талькаў.
У сваім запале Гленарван блытаў англійскія словы з іспанскімі. Але якое гэта мела значэнне! У такія страшныя хвіліны жэсты гавораць больш, чым словы, і людзі разумеюць адзін аднаго з поўслова.
Аднак Талькаў не згаджаўся. Спрэчкі зацягваліся, а між тым з кожнай секундай небяспека павялічвалася. Гнілое дрэва загарадкі трашчала пад клыкамі і кіпцюрамі ваўкоў.
Ні Гленарван, ні Талькаў не паддаваліся адзін аднаму.
Індзеец адвёў Гленарвана к уваходу ў рамаду. На раўніне не было ніводнага ваўка. На сваёй вобразнай мове ён імкнуўся давесці яму, што нельга траціць ні адной секунды; што калі задуманае не ўдасца, дык таму, хто застанецца, пагражае большая небяспека, чым таму, хто паедзе, што ён адзін ведае, як лепш выкарыстаць для агульнага дабра цудоўную лёгкасць і шпаркасць Таукі.
Гленарван упарта спрачаўся і не слухаў ніякіх доказаў. Ён хацеў афяраваць сябе ва што-б та ні стала. Раптам нешта моцна штурхнула яго. Таука стаяла побач з ім, яна стала дыбка, потым адным махам пераскочыла праз вогненную перагародку і трупы ваўкоў і паімчалася ў цемру. Дзіцячы галасок закрычаў ім ужо здалёк:
— Бывайце!
Гленарван і Талькаў ледзь паспелі разгледзець маленькую фігурку. Яна моцна трымалася за грыву Таукі, якая знікала ў імгле.
— Роберт! Няшчасны! — закрычаў Гленарван.
Але гэтых слоў не пачуў нават індзеец з-за ўзнятага раптам дзікага выцця. Чырвоныя ваўкі кінуліся на захад па слядах каня і зніклі ў адзін момант.
Талькаў і Гленарван выбеглі за агарожу рамады. На раўніне зноў запанаваў спакой.
Узрушаны Гленарван бяссільна апусціўся на зямлю, ломячы сабе рукі ад роспачы. Ён паглядзеў на Талькава. Той ўсміхаўся са сваёй звычайнай спакойнасцю.
— Таука — добры конь. Хлопчык — храбры. Ён выратуецца,— сказаў ён.
— А калі Роберт зваліцца? — запытаў Гленарван.
— Ён не зваліцца.
Не гледзячы на запэўненні Талькава, небарака Гленарван не мог заснуць усю ноч. Ён і не думаў аб тым, якой небяспекі пазбавіўся сам, як толькі зніклі ваўкі. Некалькі разоў ён памыкаўся ісці шукаць Роберта, але індзеец не пускаў яго. Ён пераконваў яго, што іх коні не дагоняць Таукі, што яна апярэдзіла нават ваўкоў, што ў цемры наогул усялякія пошукі дарэмныя. Трэба дачакацца дня і тады ехаць па слядах Роберта.
У чатыры гадзіны папоўначы пачало віднець. Цмяная палоска на гарызонце загарэлася бледным святлом.
Празрыстая раса ўпала на раўніну, і высокая трава зашапацела ад дыхання досвітнага ветрыку.
Надышоў момант выхаду.
— Едзем! — сказаў індзеец.
Гленарван замест адказу адразу сеў у сядло Робертавага каня, аддаўшы Талькаву свайго. І абодва коннікі паімчаліся, як духу хапае, прама на захад.
На працягу гадзіны яны імчаліся, не стрымліваючы ходу, шукаючы Роберта вачыма і баючыся напаткаць яго скрываўлены труп.
Гленарван замучыў свайго каня шпорамі. Урэшце здалёку пачуліся стрэлы; стралялі праз пэўныя прамежкі часу, відавочна, падаючы сігнал.
— Гэта нашы сябры! — крыкнуў Гленарван.
Талькаў і ён яшчэ раз прышпорылі коней і за некалькі хвілін даехалі да атрада, пад камандай Паганеля.
Крык радасці вырваўся з грудзей Гленарвана: Роберт ехаў побач з вучоным, жывы, здаровы, вясёлы. Ён сядзеў на Тауцы, яна заіржала ад радасці, убачыўшы свайго гаспадара.
— Мой хлопчык, мой хлопчык! — прагаварыў Гленарван з невымоўнай пяшчотнасцю.
Ён і Роберт саскочылі на зямлю і моцна абняліся. Затым надышла чарга індзейца прыціснуць да грудзей мужнага сына капітана Гранта.
— Ён жывы, ён жывы! — паўтараў Гленарван, які ўсё яшчэ не апамятаўся ад шчасця.
— Так! — адказаў Роберт,— дзякуючы Тауцы.
Патагонец не чакаў гэтых слоў Роберта, каб падзякаваць свайму каню. Ён абнімаў Тауку за шыю, гаварыў з ёю, мілаваў яе, нібы ў жылах гордай жывёлы цякла чалавечая кроў. Звярнуўшыся раптам да Паганеля, патагонец сказаў, паказваючы на Роберта:
— Адважны!
І дадаў:
— Шпоры яго не дрыжэлі.
У індзейцаў гэты выраз служыць для вызначэння храбрасці.
Між тым Гленарван, абняўшы Роберта за плечы, пытаў у яго:
— Мой хлопчык, мой любы хлопчык, чаму ты не даў Талькаву ці мне паспрабаваць гэты апошні шанс выратаваць цябе?
— Сэр,— адказаў хлопчык дрыжачым голасам,— была мая чарга афяраваць сабой. Талькаў ужо выратаваў аднойчы мне жыццё, а вы выратуеце жыццё майго бацькі?
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
Аргентынскія раўніны
Пасля першых хвілін радасці Паганель, Аусцін, Вільсон і Мюльрэдзі, адным словам, усе прыбыўшыя апрача, можа, маёра Мак-Набса, адчулі, што яны аж паміраюць ад смагі. На шчасце, да Гуаміні было зусім недалёка. Атрад рушыў зноў у дарогу, і к сямі гадзінам раніцы пад’ехаў да рамады. Варта было толькі глянуць на трупы ваўкоў, што ляжалі перад уваходам у агарожу, каб уявіць сабе аб лютым нападу і мужнасці абароны.