Трава, што расце на саланаватай глебе каля падножжа,—цудоўны корм для жывёлы, таму, для эстанцый звычайна выбіраюць саланчажовыя ўчасткі. Штат эстанцый звычайна невялікі і складаецца з загадчыка, яго памочніка і чатырох пеонаў на кожную тысячу галоў жывёлы.
Паблізу адной з эстанцый падарожнікі мелі магчымасць любавацца міражом, даволі частай з’явай у гэтай раўніне. Здалёк эстанцый здавалася вялікім востравам, а таполі і вярба нібы адсвечваліся ў празрыстай вадзе, якая адыходзіла назад па меры набліжэння падарожнікаў. Ілюзія была такая дасканалая, што цяжка было паверыць, каб так ашукаў зрок.
На працягу гэтага дня, 6 лістапада, падарожнікі праехалі паўз некалькі эстанцый, а таксама аднаго ці двух саладэро.— Саладэро — гэта бойня, дзе адгадованая на багатых лугах жывёла, ідзе пад нож мясніка. Тут-жа і соляць тушы. Гэтая непрыемная работа пачынаецца звычайна ў канцы вясны. Работнікі бойняў — саладэросы — тады ідуць у каралі па жывёлу; яны ловяць яе пры дапамозе ласо, якім валодаюць з вялікім майстэрствам, заводзяць у саладэро і там рэжуць, здымаюць скуру, патрошаць і соляць тушы. Але часта бывае, што бык не хоча добраахвотна ісці за мясніком. Тады апошні ператвараецца ў тарэадора, і, трэба сказаць, спраўляецца з гэтай небяспечнай справай з надзвычайнай смеласцю і... жорсткасцю.
Выгляд у гэтых бойняў жахлівы. Цяжка сабе ўявіць што-небудзь больш агіднае, чым ваколіцы саладэро. З гэтых засценкаў разам з пахам гнілі чутны роспачны рык забіваемай жывёлы, лютыя крыкі мяснікоў, яраснае выццё сабак. Вялізныя каршуны, якія адусюль злятаюцца ў такія дні к саладэро, кружацца над дваром і часта ледзь не проста з рукі мясніка рвуць яшчэ цёплыя, поўныя гарачай крыві потрахі жывёлы.
Але цяпер саладэро былі нямымі, спакойнымі і бязлюднымі: яшчэ не настаў час забою жывёлы.
Талькаў усяляк падганяў падарожнікаў. Ён хацеў абавязкова к вечару дайсці да форта Незалежнасці. Ад шпораў сваіх седакоў і следуючы прыкладу Таукі коні, не беглі, а ляцелі праз высокія пасевы. Па дарозе сустрэлі некалькі ферм, абгароджаных зубчастымі платамі і глыбокімі равамі для абароны ад нападу вандраўнікоў. У галоўным доме кожнай фермы абавязкова збудавана на даху тэраса, з вышыні якой жыхары фермы адстрэльваюцца ад разбойнікаў раўніны.
Тут Гленарван мог-бы атрымаць цікавыя для яго весткі, але ўсё-такі вярней было шукаць іх у вёсцы Тандыль. Таму падарожнікі праехалі міма ферм, не прыпыняючыся. Яны перайшлі ўброд Рыо-Гуэзое, і яшчэ праз некалькі міль — Рыо-Шапалеофу. Хутка коні ступілі на густую траву па схілу С’ера-Тандыль; не мінула і гадзіны, як яны пад’ехалі к першым дамам вёскі Тандыль, размешчанай на дне глыбокай вузкай цясніны, над якой узвышаліся зубчатыя сцены форта Незалежнасці.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Форт Незалежнасці
С’ера-Тандыль узвышаецца на тысячу футаў над узроўнем мора. Гэты горны ланцуг утварыўся ў першабытныя часы, задоўга да з’яўлення арганічнага жыцця на зямлі.
С’ера-Тандыль утварае поўкруг з гнейсавых узгоркаў, якія зараслі густой травой. Акруга Тандыль, названая па горнаму ланцугу, займае ўсю паўднёвую частку правінцыі Буэнос-Айрэс. Паўночнай мяжой акругі служыць схіл гары, па якому цякуць шматлікія рэчкі.
Насельніцтва акругі складаецца прыблізна з чатырох тысяч чалавек. Адміністрацыйны цэнтр — вёска Тандыль — туліцца да падножжа паўночнага схілу гары, якога абараняе форт Незалежнасці. Вёска маляўніча размясцілася на берагах шумлівага ручая Шапалеофу. Заслугоўвае ўвагі тое, што ўсё насельніцтва гэтай вёскі складаецца з французскіх баскаў і італьянскіх каланістаў. І сапраўды, Францыя першай з усіх дзяржаў заахвоціла эміграцыю ў гэты паўднёвы куток басейна Ла-Платы. Форт Незалежнасці, задачай якога з’яўляецца абарона акругі ад нападу вандроўнікаў-індзейцаў, быў пабудаваны ў 1828 годзе французам Паршапам. У гэтай справе яму дапамог першакласны вучоны Алкід д’Орбін'і, лепшы знаўца і аўтар найбольш каштоўных прац па геаграфіі гэтай паўднёвай часткі паўднёваамерыканскага мацерыка.
Вёска Тандыль з’яўляецца даволі важным гандлёвым пунктам. Яна трымае сталую сувязь з Буэнос-Айрэсам на «галерах», вялікіх калёсах, у якія запрагаюць быкоў і едуць да сталіцы Аргентыны дванаццаць дзён. Вёска пасылае ў сталіцу жывую жывёлу з сваіх эстанцый, саленні з сваіх саладэро і арыгінальную прадукцыю індзейскіх саматужнікаў: баваўняныя тканіны, шарсцяныя вырабы, высокакаштоўныя пляценні са скуры і т. д. У Тандылі, апрача некалькіх жылых дамоў гарадскога тыпу, ёсць таксама школа і цэрквы.
Расказаўшы ўсё гэта сваім спадарожнікам, Паганель дадаў, што ў Тандылі безумоўна ўдасца сабраць усе весткі пра палонных еўрапейцаў.
— Апрача таго,— сказаў ён,— у форце Незалежнасці ёсць сталы гарнізон з нацыянальнага войска, які можа ў выпадку патрэбы вылучыць нам на дапамогу невялікі атрад.
Гленарван і яго спадарожнікі прыпыніліся ў «фондзе» — заезным дварэ, з выгляду даволі чыстым. Паставіўшы коней у канюшню, Гленарван, Паганель і маёр, на чале з Талькавым, пайшлі ў форт Незалежнасці.