Вячэра была невясёлай. Зразумела, ні адзін з гэтых мужных людзей не шкадаваў аб перажытых нягодах стомленасці, небяспеках. Але кожны з іх балюча перажываў раптоўнае крушэнне ўсіх надзей. Сапраўды, ці можна было спадзявацца знайсці капітана Гранта на палосцы зямлі між Тандылем і акіянам? Вядома, не! Сержант Мануэль безумоўна ведаў-бы, што нейкі еўрапеец знаходзіцца ў палоне ў вандруючых там плямён. Пра такую падзею не маглі не ведаць тубыльцы, якія ажыўлена гандлявалі з Тандылем і Карменам, каля вусця Рыо-Негро, а значыцца, і сержант ведаў-бы пра такую справу. Заставалася толькі адно: доўга не чакаючы, вярнуцца на борт «Дункана», які павінен быў чакаць каля мыса Медано.
Паганель зноў папрасіў у Гленарвана дакумент, знаходка якога прымусіла распачаць гэтую бескарысную экспедыцыю.
Ён чытаў і перачытваў яго з незахаванай злосцю, імкнучыся вырваць захованую ў ім тайну.
— І ўсё-ж гэты дакумент ясней яснага,— паўтарыў Гленарван.
— Там чорным па беламу сказана ўсё пра крушэнне «Брытаніі» і пра палон капітана Гранта...
— Тысяча чарцей! — усклікнуў географ,— стукаючы кулаком па стале.— Калі Гары Гранта не аказалася ў пампасах, значыцца яго і не было ў Амерыцы. Дзе ён — на гэта павінен адказаць дакумент. І ён адкажа, запэўняю вас, што адкажа, ці я не буду ўжо Жакам Паганелем.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
Паводка
Форт Незалежнасці знаходзіцца за сто пяцьдзесят міль ад берагу Атлантычнага акіяна. Калі не будзе ніякай непрадбачанай затрымкі, Гленарван і яго спадарожнікі дойдуць да месца сустрэчы з «Дунканам» менш чым за чатыры дні. Але Гленарван ніяк не мог пагадзіцца з думкай, што яны варочаюцца на борт без капітана Гранта пасля такога нядобрага канца экспедыцыі. Таму ён так і марудзіў даваць загад аб выхадзе ў дарогу. Тады маёр узяў на сябе ініцыятыву: ён загадаў асядлаць коней, папоўніў запасы ежы і распытаў пра дарогу. Дзякуючы яго старанням маленькі атрад назаўтра ў восем гадзін раніцы ўжо ехаў на ўсход па травяністаму схілу С’ера-Тандыль.
Гленарван, едучы побач з Робертам, маўчаў. Яго энергічная і моцная натура не дазваляла яму пагадзіцца з няўдачай і злажыць зброю. Сэрца яго ўзмоцнена білася, галава гарэла.
Паганель, раздражнены правалам экспедыцыі, на ўсе лады перастаўляў словы дакументаў, каб здабыць з іх новае ўказанне. Маўклівы, як заўсёды, Талькаў, кінуўшы павады на шыю Таукі, дазволіў ёй ісці як сама хоча. Толькі маёр, як чалавек, які не ведаў у жыцці расчараванняў і слепа верыў, што «ўсё ўстановіцца», не падаў духам. Том Аусцін і абодва матросы былі вельмі засмучаныя і шчыра спачувалі Гленарвану.
Калі баязлівы трус перабег дарогу перад іх коньмі, шатландцы, якія верылі ў забабоны, пераглянуліся.
— Дрэнная прымета! — сказаў Вільсон.
— Так, у горнай Шатландыі,— адказаў Мюльрэдзі.
— Што дрэнна ў Шатландыі, тое блага і тут,— навучальна сказаў Вільсон.
Каля поўдня падарожнікі спусціліся з гары і апынуліся на ўзгаркаватай раўніне, што цягнецца аж да самага мора.
На кожным кроку яны сустракалі рэчкі і ручаі, якія абваднялі гэтую надзвычай ўраджайную зямлю. Паверхня зямлі паступова рабілася роўнай, як акіян пасля буры. Апошнія ўзгоркі заставаліся ззаду, і аднастайная прэрыя, заросшая травой, раскінулася ва ўсе бакі.
Увесь апошні час было надзвычай добрае надвор’е, але сёння неба нешта пацямнела. Безліч вадзянай пары, што сабралася за апошнія гарачыя дні, узнялася пад небам густымі хмарамі, якія пагражалі навальніцай. Суседства Атлантычнага акіяна і яго заходнія вятры яшчэ больш рабілі вільготнай атмасферу. Гэта было відаць па незвычайнай нават у гэтай пладароднай краіне вышыні травы, па цёмнай зеляніне пашы.
Аднак у гэты дзень з нізка звіслых хмар не пайшоў дождж. Увечары коні, лёгка прайшоўшы за дзень сорак міль, спыніліся на беразе глыбокага канала — вялікай прыроднай сажалкі. Вакол не было ні аднаго дрэўца. Панчо замянілі падарожнікам палаткі і коўдры, і ўсе заснулі пад зацягнутым нізка звіслымі чорнымі хмарамі пагрозлівым небам.
Назаўтра, пры агульным паніжэнні раўніны, стала сустракацца ўсё больш і больш падглебавай вады. Вада выпірала наверх з усіх шчылін зямлі. Хутка па дарозе пачалі сустракацца шырокія прыродныя сажалкі, адны ўжо глыбокія, другія яшчэ толькі пачыналі фармавацца.
Пакуль падарожнікі сутыкаліся толькі з відочнымі водазборамі і даволі выразнымі граніцамі, усё было ў парадку. Але стала горш, калі на кожным кроку пачалі сустракацца «пентаны» — заросшыя цінай і травой вадзяныя ямы, якіх нават зблізку нельга адрозніць ад навакольнай раўніны. Небяспека тут была відавочнай толькі тады, калі позна ўжо было адхіліць яе.
Гэтыя пасткі ўжо загубілі не адно жывое стварэнне.
Роберт, апярэдзіўшы атрад на поўмілі, вярнуўся назад і крыкнуў:
— Пане Паганель! Пане Паганель! Там цэлы лес з рагоў!
— Што такое? — перапытаў вучоны.— Ты ўбачыў там цэлы лес з рагоў?
— Так, так! Самае малое—гай.
— Гай? Ты трызніш, дзіця маё! — адказаў Паганель, паціскаючы плячыма.