Пасля нядоўгага пад’ёму па спаду с’еры яны падышлі да варот форта, якія, трэба сказаць, даволі безуважна ахоўваў вартавы-тубылец. Яны вольна ўвайшлі ў форт, што сведчыла ці аб вялікай бесклапотнасці камандавання яго, ці аб поўнай бяспечнасці.
На эспланадзе форта некалькі салдатаў займаліся практыкаваннямі. Самому старэйшаму, з іх было не больш дваццаці, самаму малодшаму — ледзь сем гадоў. Па праўдзе кажучы, гэта быў не атрад, а кампанія дзяцей, якія даволі добра фехтавалі. Іх «форма» складалася з адной паласатай рубашкі, падперазанай у таліі скураным раменем і надзетай проста на голае цела. Штаноў, бялізны, пінжака і ў паміне не было. Прынамсі, трэба сказаць, што гарачыня да пэўнай ступені апраўдвала нескладанасць гэтага ўбрання.
Паганель пахваліў урад, які не траціць дарэмна падатковых грошай на нікчэмную мішуру. Кожны з «салдат» быў узброены старадаўняй стрэльбай і шабляй. Шабля была занадта доўгая, а стрэльба занадта цяжкая для гэтых дзяцей. Ва ўсіх былі смуглыя твары, надта падобныя адзін да аднаго; капрал, які камандаваў навучаннем, таксама быў падобны на сваіх падначаленых. Пэўна, гэта былі (ды яно так і было) дванаццаць братоў, якіх навучаў ваеннаму майстэрству трынаццаты.
Паганеля гэта не здзівіла. Ён памятаў аргентынскую статыстыку нараджэнняў і ведаў, што ў сярэднім на сям’ю прыпадае тут дзевяць дзяцей.
Але яго здзівіла тое, што салдаты навучаліся па французскай сістэме і што капрал падаваў каманду на французскай мове.
— Вось гэта нечакана! — усклікнуў ён.
Аднак Гленарван прышоў у форт Незалежнасці не для таго, каб дзівавацца з хлапцоў, якія навучаліся ваеннаму майстэрству, і яшчэ меней для таго, каб распытвацца пра іх нацыянальнасць і паходжанне. Таму ён не даў Паганелю магчымасці далей здзіўляцца і папрасіў яго выклікаць начальніка гарнізона. Вучоны географ паслухаўся, і адзін з маленькіх салдат адразу пабег к невысокаму доміку на эспланадзе, напэўна казарме.
Праз некалькі хвілін вышаў сам начальнік. Гэта быў чалавек гадоў пяцідзесяці, яшчэ моцны, з ваеннай выпраўкай, густымі вусамі, круглымі шчокамі, пасівелымі валасамі і позіркам поўным усведамлення ўласнай велічнасці — такім прынамсі ён здаўся нашым падарожнікам праз густыя клубы дыму, што вырываліся з яго люлькі-насагрэйкі. Яго хада нагадвала Паганелю хаду старых французскіх унтэр-афіцэраў.
Талькаў пазнаёміў начальніка гарнізона з Гленарванам і яго спадарожнікамі. У той час, як ён гаварыў, начальнік уважліва ўглядаўся ў Паганеля. Вучоны нават адчуваў сябе неяк няёмка ад гэтага пільнага позірку і хацеў ужо запытаць у начальніка, чаму ён абавязан такой уважлівасцю, як той нахабна схапіў яго руку і весела запытаў на роднай мове географа:
— Вы француз?
— Так,—адказаў Паганель.
— Шчаслівы! Вельмі рад! Я таксама француз! — паўтарыў начальнік, моцна паціскаючы руку небаракі-вучонага.
— Гэта ваш сябра? — запытаў маёр у Паганеля.
— Вядома, чорт пабяры,— адказаў той з гонарам,— хіба вы не ведаеце, што ў мяне ёсць сябры ва ўсіх пяці частках свету!
І ледзьве вызваліўшы сваю руку з жывых абцугоў, Паганель жвава загаварыў з волатам-начальнікам. Гленарван ахвотна накіраваў-бы гутарку на патрэбную для яго тэму, але не тут-та было! Стары салдат расказваў сваю гісторыю і, відавочна, не думаў спыняцца на поўдарозе. Гэты чалавек даўно пакінуў Францыю, ён адвыкнуў ад роднай мовы, забыў калі не словы, дык звароты мовы, і гаварыў, прыкладна, як негр з французскай калоніі. Рана ці позна, але падарожнікі ўрэшце даведаліся, што начальнік форта Незалежнасці быў некалі сержантам французскай арміі і спадарожнікам Паршапа.
З часу заснавання форта, гэта значыць з 1828 года, ён не пакідаў яго, і ў сучасны момант аргентынскі ўрад прызначыў яго камендантам форта. Ён быў баскам па паходжанню, і звалі яго Мануэль Іфарагер. Пасля года жыцця ў Аргентыне сержант Мануэль прыняў аргентынскае падданства, пайшоў служыць у армію і жаніўся на індзейцы. Хутка жонка ўзнагародзіла яго блізнюкамі-хлопчыкамі, ды інакш і быць не магло—годная жонка сержанта не дазволіла-б сабе нараджаць дзяўчынак. Мануэль не прызнаваў іншай прафесіі, апрача ваеннай, і спадзяваўся з цягам часу прэзентаваць аргентынскай рэспубліцы цэлы ўзвод салдатаў.
— Бачылі?—сказаў ён.— Надзвычайныя! Добрыя салдаты! Хозэ, Хуан, Мікеле, Пепе. Пепе сем гадоў! Ужо ўмее страляць!
Пепе, пачуўшы, што гавораць пра яго, стукнуў босымі пяткамі і фарсіста ўзяў стрэльбу на караул.
— Далёка пойдзе! — дадаў начальнік.— У адзін прыгожы дзень — палкоўнік, а можа — генерал!
Сержант Мануэль быў у такім захапленні, што ў падарожнікаў нехапала духу спрачацца з ім ні пра перавагі прафесіі ваеннага, ні пра бліскучую будучыню яго ваяўнічай сям'і.