— Ды не, запэўняю вас, што я кажу праўду! Вы самі хутка ўпэўніцеся ў гэтым! Вось незвычайная краіна! Тут сеюць рогі, і яны ўзыходзяць, як пшаніца! Я хацеў-бы мець такое насенне!

— Хлопчык, здаецца, не жартуе,— сказаў маёр.

— Ей-права, пане Мак-Набс, я кажу праўду. Вы самі ўбачыце!

Роберт сапраўды не жартаваў. Хутка падарожнікі ўз’ехалі на вялікае, як вокам згледзець, поле, закіданае правільнымі радамі рагоў. Гэта быў сапраўдны зараснік з рагоў.

— Бачыце! — радасна ўсклікнуў Роберт.

— Вось дык так! — працадзіў здзіўлены Паганель і звярнуўся да індзейца за тлумачэннямі.

— Рогі вылазяць на паверхню, а быкі застаюцца ў зямлі,— сказаў Талькаў.

— Як? Цэлае стада загрузла ў гэтай гразі? — закрычаў Паганель.

Патагонец пераканаўча кіўнуў галавой.

Сапраўды, тысячы быкоў, якія цесна стоўпіліся ў кучу, знайшлі смерць у гэтай вялікай пастцы. Такія здарэнні бываюць часам у аргентынскіх раўнінах, і для патагонца гэта было зусім натуральна. Гэтыя бычыя могілкі для Талькава былі толькі папярэджаннем аб неабходнасці рушыць наперад з найвялікшай асцярожнасцю.

Падарожнікі бокам аб’ехалі гэтую гіганцкую гекатомбу[44], ў якой задавальняўся-б самы кравяжэрны з багоў старажытнасці, і хутка пакінулі яе далёка ззаду.

Талькаў не без трывогі ўвесь час разглядаў глебу. Часта ён спыняў Тауку і ўзнімаўся на страмёнах. Дзякуючы яго высокаму росту перад ім рассцілаўся шырокі кругавід. Але нічога асаблівага не знаходзіла яго вока і, апусціўшыся ў сядло, ён зноў ехаў далей. Аднак, праехаўшы некалькі метраў, ён зноў прыпыняўся ці раптоўна ад’язджаў убок, рабіў круг у некалькі міль то к поўдню, то к поўначы і варочаўся на сваё месца наперадзе атрада, нікому нічога не гаворачы пра сваю асцярогу. Так паўтаралася шмат разоў. Загадкавыя паводзіны Талькава зацікавілі Паганеля і занепакоілі Гленарвана. Ён прапанаваў вучонаму распытаць патагонца; Паганель ахвотна падпарадкаваўся гэтаму распараджэнню начальніка экспедыцыі.

Талькаў адказаў географу, што яго вельмі здзіўляе збытак вільгаці ў глебе. Ніколі яшчэ за ўвесь час яго работы ў якасці правадніка яму не здаралася бачыць тут такой дрыгвы. Нават у сезон дажджоў ён не наглядаў такой сырасці.

— А па вашаму, адчаго гэта бывае?

— Не ведаю,— адказаў індзеец.— Каб я ведаў...

— Ці здараецца, што горныя рэчкі выходзяць з берагоў?

— Бывае.

— Можа, і зараз здарылася гэта?

— Магчыма,— адказаў Талькаў.

Паганелю давялося задавальняцца гэтым двузначным адказам. Ён расказаў Гленарвану змест сваёй гутаркі.

— Што раіць рабіць Талькаў? — запытаў той.

Паганель пераклаў пытанне патагонцу.

— Хутка ехаць уперад! — адказаў Талькаў.

Гэта лягчэй было параіць, чым выканаць. Коні страшэнна стамляліся, ступаючы па дрыгвянай глебе, якая зыбалася пад нагамі. Раўніна ўсё яшчэ паніжалася, утвараючы вялікую лагчыну, у якой павінна была збірацца дажджавая вада. Падарожнікам, якія ехалі цяпер па самай нізіне лагчыны, трэба было спяшацца выбрацца на больш высокае месца, таму што ад першых патокаў ліўню гэтая лагчына павінна была быць залітай і пагражала ператварыцца ў сапраўднае возера.

Яны прышпорылі коней. Але, відаць, прыродзе мала было тых вадзяных луж, па якіх шлёпалі коні: каля двух гадзін папаўдні раскрылася нябеснае бяздонне, і патокі трапічнага ліўню хлынулі на раўніну. Нічога другога не заставалася рабіць, як толькі запасціся філасофскім спакоем: не было ніякай магчымасці схавацца ад гэтага патопу. Па панчо ручаямі сцякала вада. Вада сцякала з капелюшоў, як з водасцёчных труб; махры панчо — «рэкадо» — здавалася складзенай з тоненькіх вадзяных цурочкаў. Запырсканыя гразёю, што вырывалася з-пад капытоў коней пры кожным кроку, падарожнікі ехалі шагам пад двайным ліўнем — які падаў з неба і ўзлятаў пырскамі з зямлі.

Прамоклыя да ніткі, адубянелыя, стомленыя, дабраліся яны ўвечары да закінутага ранчо. Трэба было быць ужо вельмі змучаным, каб згадзіцца прызнаць гэтае ранчо выгодным прыстанішчам. Але ў Гленарвана і яго спадарожнікаў не было выбару. Яны з радасцю забраліся ў гэтую несамавітую хаціну, на якую-б з агідай пазіраў любы жыхар пампасаў. Яны ледзьве распалілі ў ачагу агонь, ад якога было больш дыму, чым цяпла. Лівень бушаваў знадворку, і праз гнілую салому страхі маленькімі цурочкамі сцякала ў сярэдзіну хаціны вада. Калі агонь у ачагу не патух разоў з дваццаць, дык толькі таму, што дваццаць разоў Вільсон і Мюльрэдзі гераічна змагаліся з наступам патокаў.

Вячэралі ў сумоце. Падарожнікі елі без усякага апетыту, і толькі адзін маёр з’еў усю сваю порцыю. Спакойны Мак-Набс не звяртаў увагі на такую дробязь, як дождж у пакоі. Паганель, як сапраўдны француз, спрабаваў жартаваць, але нікога не рассмяшыў.

— Відавочна, мае жарты таксама падмоклі,— сказаў ён урэшце,— ні адзін не дасягае мэты.

Перейти на страницу:

Похожие книги