— Тут! — адказаў голас з неба.
— Дзе вы?
— На вышцы.
— Што вы робіце?
— Аглядаю неабсяжны гарызонт.
— Ці можаце вы спусціцца к нам на хвіліну?
— Я вам патрэбен?
— Так.
— Нашто?
— Каб даведацца, праз якія краіны праходзіць трыццаць сёмая паралель.
— Для гэтага мне не трэба спускацца.
— Добра, гаварыце са сваёй вышкі.
— Калі ласка. Трыццаць сёмы градус паўднёвай шыраты перасякае Амерыку, праходзіць па Атлантычнаму акіяну...
— Так.
— Праз астравы Трыстан д’Акун’я...
— Добра.
— На два градусы ніжэй мыса Добрай Надзеі...
— Далей?
— Праз Індыйскія моры...
— Яшчэ далей?
— Праз востраў святога Пятра ў Амстэрдамскім архіпелагу...
— Прадаўжайце!
— Праходзіць па Аўстраліі, перасякаючы правінцыю Вікторыя...
— Разумею..
— І пасля выхаду з Аўстраліі...
Гэты апошні сказ застаўся незакончаным. Няўжо і географ хістаўся? Няўжо вучоны не ведаў? Не, страшны крык пачуўся з верхавіны дрэва.
Гленарван і яго спадарожнікі збялелі і пераглянуліся.
Што здарылася? Якая-небудзь новая катастрофа? Няшчасны Паганель паслізнуўся і ўпаў? Вільсон і Мюльрэдзі ўжо кінуліся к яму на дапамогу, калі паказалася даўгое цела. Паганель падаў з галіны на галіну, не паспяваючы зачапіцца за іх. Ці жывы ён яшчэ? Гэта было невядома. Вучоны ўжо ляцеў у пеністую ваду, калі моцная рука маёра злавіла яго за фалду пінжака і выцягнула на галіну.
— Дзякуй, Мак-Набс! — сказаў Паганель.
— Што з вамі здарылася?—запытаў маёр.— Зноў ваша безуважлівасць?
— Так, так...— прамармытаў Паганель глухім голасам.— Так, так. Дзіўная безуважлівасць, недапушчальная!
— У чым?
— Мы памыліліся! Мы зноў памыліліся! Мы заўсёды памыляліся!..
— Ды гаварыце-ж, у чым справа!
— Гленарван, маёр, Роберт, сябры мае! — закрычаў Паганель.— Мы шукалі капітана Гранта там, дзе яго няма!
— Што вы кажаце? — выклікнуў Гленарван.
— Не толькі там, дзе яго няма, але там, дзе яго ніколі і не было! — дадаў Паганель.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЕРТЫ
Птушыны спосаб жыцця прадаўжаецца
Гэтая нечаканая заява вельмі ўсіх здзівіла. Што хацеў сказаць гэтым географ? Няўжо ён звар'яцеў? Аднак Паганель гаварыў з такой упэўненасцю, што ўсе позіркі былі звернуты на Гленарвана — словы-ж географа былі простым адказам на пастаўленае ім пытанне.
Між тым Паганель, паспакайнеўшы, зноў загаварыў:
— Так! так! — пераканаўча сказаў ён.— Мы памыліліся!.. Мы прачыталі ў дакуменце тое, чаго там ніколі не было напісана!
— Раскажыце больш падрабязна, Паганель,— сказаў маёр,— і не хвалюйцеся так.
— Гэта ўсё вельмі проста, маёр,— адказаў вучоны.— Таксама, як і ўсе вы, я памыляўся. Таксама, як і ўсе вы, я няправільна растлумачваў тэкст дакументаў. Але хвіліну таму назад, калі я сядзеў на вершаліне дрэва і, адказваючы на вашы пытанні, вымавіў слова «Аўстралія», нібы маланка бліснула ў маім мазгу, і мне ўсё стала ясна.
— Як! — закрычаў Гленарван.— Вы хочаце сказаць, што Гары Грант...
— Я сцвярджаю,— перапыніў яго Паганель,— што слова austra французскага дакумента азначае не паўднёвы, як мы думалі да гэтага часу, а толькі корань слова Australie — Аўстралія.
— Як дзіўна! — сказаў маёр.
— Дзіўна? — паўтарыў Гленарван.— Ані не дзіўна, а проста немагчыма!
— Немагчыма? — закрычаў Паганель.— Гэтага слова няма ў слоўніку француза!
— Значыцца, вы спрабуеце сцвярджаць,— дадаў Гленарван тонам поўнай недаверлівасці,— што з дакумента відаць, быццам з «Брытаніяй» здарылася крушэнне каля берагоў Аўстраліі?
— Я ўпэўнены ў гэтым! — адказаў Паганель.
— Чэснае слова, Паганель, дзіўна чуць гэтае сцвярджэнне ад сакратара Геаграфічнага таварыства!
— Чаму так? — запытаў Паганель, вельмі ўражаны гэтымі словамі Гленарвана.
— Таму, што, каб размова ішла аб Аўстраліі, то чаму-б капітан Грант скардзіўся на лютасць індзейцаў? Гэта поўная бязглуздзіца!
Але Паганеля ані не пахіснуў гэты аргумент. Відавочна, ён чакаў, што яму будуць супярэчыць, і быў гатовы даць адказ.
— Рана іграеце марш перамогі, дарагі Гленарван,— сказаў ён,— я зараз палажу вас на абедзве лапаткі, як кажуць і ў нас, у Францыі. Ніколі яшчэ француз не меў такой рашучай перамогі над англічанінам, якую я зараз вазьму над вамі. Гэта будзе наш рэванш за праіграныя бітвы пры Крэсі і Азенкуры!
— Нічога не маю супроць, Паганель! Няхай будзе ваша перамога.
— Дык слухайце-ж! У дакуменце, які напісаў капітан Грант, не больш гаворкі пра індзейцаў, чым пра Патагонію! Няпоўнае слова indi азначае не indiens — індзейцы, а indi gènes — тубыльцы! Спадзяюся, вы дапускаеце, што ў Аўстраліі жывуць «тубыльцы»?
— Для мяне гэта ўсёроўна,— прадаўжаў Паганель.— Гэтае слова не мае ніякага значэння. Я не думаў нават, што яно азначае. Галоўнае вось што: austral азначае Australie. Трэба было быць сляпым, каб з самага пачатку не разгледзець гэтага! Каб я сам знайшоў дакумент, каб ваша тлумачэнне не загіпнатызавала мяне, я ніколі іначай і не прачытаў-бы яго!
Цяпер усе былі пераконаны. Доўгія крыкі «ура» і апладысменты заглушылі апошнія словы вучонага. Асабліва сардэчна апладыравалі Паганелю маёр і Роберт, шчаслівы тым, што зноў засвяцілася надзея. Гленарван хацеў ужо здавацца.