— Апошняя заўвага, дарагі Паганель,— сказаў ён,— і калі вы адкажаце на яе, мне прыдзецца здаць пазіцыі.
— Калі ласка, гаварыце, сэр.
— Як вы цяпер па-новаму расшыфроўваеце дакумент?
— Няма нічога больш лёгкага. Вось дакумент.— І Паганель дастаў з кішэні каштоўныя паперкі, якія ён напружана вывучаў на працягу апошніх дзён.
Глыбокая цішыня запанавала ў той час, як вучоны збіраў думкі, перш чым даць адказ. Нарэшце, ён, водзячы пальцам па разарваных радках, цвёрдым голасам прачытаў наступнае:
— «7 чэрвеня 1862 года з трохмачтавым судном «Брытанія» з Глазго здарылася крушэнне пасля...» — паставім тут: «двух-трох дзён» ці, калі хочаце, «доўгай агоніі» — гэта зусім неістотнае,— «каля берагоў Аўстраліі. Прабіраючыся к берагу, два матросы і капітан Грант паспрабуюць вылезці» — ці, «прабраўшыся к берагу, вылезлі» — «на кантынент, дзе яны трапяць» — ці «трапілі» — «у палон да лютых тубыльцаў. Яны кінулі гэты дакумент...» і так далей, і так далей. Ясна?
— Ясна,— адказаў Гленарван.— Але ці можна назваць «кантынентам» Аўстралію, калі яна ні больш, ні менш, як востраў?
— Супакойцеся, дарагі Гленарван. Лепшыя географы завуць гэты востраў «аўстралійскім кантынентам».
— Тады мне застаецца сказаць адно: у Аўстралію, сябры! — усклікнуў Гленарван.
— У Аўстралію! — хорам крыкнулі яго спадарожнікі.
Так закончылася гэтая гутарка, якая ў далейшым мела вельмі важныя вынікі. Яна зусім перамяніла настрой падарожнікаў. Яны зноў знайшлі пуцяводную нітку, выхад з лабірынта, у якім, здавалася, заблудзіліся канчаткова. Новая надзея нарадзілася на руінах разбураных планаў. Яны маглі цяпер без жалю і страху пакінуць гэты амерыканскі мацярык і ў думках, накіраваных к Аўстраліі, яны пакінулі ўжо яго. На «Дункан» яны ўжо не прынясуць з сабой роспачы. Мэры Грант і Элен не давядзецца аплакваць пагібель капітана Гранта!
Мужныя падарожнікі забылі пра небяспекі, якія з усіх бакоў падпільноўвалі іх, і шкадавалі толькі таго, што нельга зараз-жа выправіцца ў дарогу!
Было каля чатырох гадзін папаўдні. Вячэраць яны рашылі ў шэсць гадзін. Паганель прапанаваў раскошна адсвяткаваць гэты знамянальны дзень. А таму што меню вячэры было небагатае, ён прапанаваў Роберту пайсці на паляванне «ў суседні лес». Роберт запляскаў далонямі. Узяўшы сухі порах з парахоўніцы Талькава і добра прачысціўшы рэвальверы, паляўнічыя набілі іх дробным шротам і пайшлі.
— Не заходзьце далёка! — сур'ёзна папярэджваў іх маёр.
Пасля іх адыходу Гленарван і Мак-Набс пайшлі аглядаць зарубкі на дрэве. Вільсон і Мюльрэдзі ў гэты час пачалі распальваць агонь.
Апусціўшыся да самай вады, Гленарван па зарубках вызначыў, што паводка пакуль што і не збіраецца спадаць. Але, з другога боку, вада як быццам дасягнула самага высокага ўзроўню. Шпаркасць плыні сведчыла аб тым, што яшчэ не наступіла роўнавага між аргентынскімі рэкамі. Ясна было, што перш чым пачне паніжацца ўзровень, павінна была супакоіцца плынь і стаць нерухомай вада, як гэта бывае з морам у прамежку між канцом прыліву і пачаткам адліву. Але ніякіх прымет гэтага яшчэ не было, і нельга было разлічваць на выратаванне, пакуль вада імкліва рушыць на поўнач.
У той час як Гленарван і маёр назіралі за плынню вады, на дрэве грымнулі стрэлы і не менш шумныя выбухі радасці. Сапрано Роберта перамешвалася з басам Паганеля. Паляванне пачалося, відаць, удачна, і можна было спадзявацца на нядрэнную вячэру.
Вярнуўшыся да кастра, Гленарван і маёр засталі Вільсона за неспадзяваным заняткам: вынаходлівы матрос зрабіў кручок са шпількі і лавіў рыбу. Ён ўжо злавіў некалькі дзесяткаў маленькіх рыбак, якіх тубыльцы называюць «маяра». Пабліскваючы срэбрам лускі, яны трапяталіся ў складках яго панчо. Вячэра абяцала быць сапраўды раскошнай.
У гэтую хвіліну з верхавіны омбу спусціліся паляўнічыя. Паганель асцярожна нёс яйкі чорнай ластаўкі і звязку вераб’ёў, якіх ён збіраўся выдаць за драздоў. Роберт урачыста цягнуў некалькі пар хільгуэрос, маленькіх жоўта-зялёных птушачак, вельмі смачных. Яны карыстаюцца вялікім попытам на рынку ў Монтэвідэо.
Паганель пахваляўся тым, што ведае пяцьдзесят адзін спосаб гатавання яец, а між іншым давялося карыстацца самым звычайным — пяклі іх у попеле вогнішча. Але ўсё-ж вячэра была настолькі-ж смачнай, наколькі і рознастайнай: сушанае мяса, печаныя яйцы, «маяры», смажаныя на ражне хіль-гуэросы і вераб’і — усё гэта разам узятае было піраваннем, успаміны аб якім надоўга засталіся ў падарожнікаў.
За «сталом» ні на хвіліну не сціхала гутарка. Паганель заслугоўваў усеагульнай пахвалы і як паляўнічы і як кухар. Вучоны прымаў пахвалы з уласцівай вялікім людзям скромнасцю. Пад’еўшы, ён пачаў успамінаць пра цудоўнае паляванне ў засені гэтага омбу, які стаў прытулкам для іх.
З яго слоў выходзіла, што галлё і лісце омбу ўтварылі сапраўдныя густыя нетры.