— Калі ласка, раскажыце, пане Паганель,— папрасіў Роберт.
— А якая мараль вашай казкі? — запытаў маёр.
— Такая самая, як і ва ўсіх астатніх казках, мой храбры маёр.
— Ну, што-ж, Шэхеразада, раскажыце нам вашу казку,— сказаў маёр.
— Жыў-быў аднойчы,— пачаў Паганель,— сын вялікага Гаруна-аль-Рашыда. Ён быў нешчаслівы. Стары дэрвіш[46], да якога ён звярнуўся за парадай, сказаў яму, што цяжка знайсці шчасце на гэтым свеце. «Аднак,— дадаў ён,—я ведаю спосаб зрабіць вас шчаслівым».— «Што гэта за спосаб?» — запытаў малады прынц.— «Адзець на плечы рубашку шчаслівага чалавека». Усцешаны прынц абняў дэрвіша і пайшоў шукаць талісмана. Ён доўга вандраваў. Наведаўшы ўсе сталіцы свету, ён спрабаваў адзяваць рубашкі каралёў, імператараў, прынцаў, князёў. Дарэмна! Ён па-ранейшаму быў нешчаслівы. Ён адзяваў рубашкі артыстаў, воінаў, гандляроў, але ад гэтага не станавіўся шчаслівейшым. Так доўга вандраваў ён, усё не знаходзячы шчасця. Урэшце, страціўшы надзею знайсці рубашку шчаслівага чалавека, ён рашыў вярнуцца ў палацы свайго бацькі, як раптам па дарозе, на полі, убачыў земляроба, які ішоў за сахой і радасна спяваў. «Вось гэта шчаслівы чалавек,— сказаў ён сам сабе,—або шчасця зусім няма на зямлі». Ён падышоў да земляроба. «Браток,—сказаў ён,— ці шчаслівы ты?» — «Шчаслівы», адказаў той.—«Ты нічога не хочаш?» — «Не».— «Ты памяняў-бы сваю долю на долю караля?» — «Ніколі!» — «Ты прадай мне сваю рубашку!» — «Рубашку? Ды ў мяне яе няма!»
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
Між агнём і вадой
Казка Паганеля мела шумны поспех. Расказчыку бурна апладыравалі, але кожны заставаўся пры сваёй думцы. Аднак усе згадзіліся з тым, што трэба мірыцца са сваёй доляй і карыстацца дрэвам у якасці жылля, калі няма ні палацаў, ні хаціны.
Між тым непрыкметна падкралася ноч. Толькі моцны сон мог як належыць закончыць гэты багаты падзеямі дзень. Жыхары омбу адчувалі сябе стомленымі не толькі ў выніку перажытых хваляванняў, але і ад бязлітаснай дзённай спёкі. Птушкі паказалі падарожнікам прыклад: яны ціхамірна спалі на омбу. Нават хільгуэросы, гэтыя салаўі пампасаў, не спявалі больш сваіх мілагучных рулад, а схаваліся ў цемры лісця дрэва.
Аднак, перш чым «залезці ў гняздо», як казаў Паганель, Гленарван рашыў яшчэ раз агледзець ваколіцу з вышкі. Разам з Паганелем і Робертам ён палез на верхавіну дрэва. Было каля дзевяці гадзін вечара. Сонца схавалася за туманам на захадзе. Уся гэтая частка нябеснай сферы была зацягнута туманнай дымкай. Звычайна бліскучыя паўднёвыя сузор’і сёння ледзь прасвечваліся, нібы праз газавую заслону. Тым не менш зоркі былі відны даволі добра, каб іх можна было пазнаць, і Паганель звярнуў на іх увагу свайго юнага сябра Роберта. У прыватнасці, ён паказаў яму Паўднёвы Крыж, сузор’е з чатырох свяціл першай і другой велічыні, ромбападобна размешчаных недалёка ад полюса; сузор’е Кентаўра, у якім знаходзіцца самая блізкая к зямлі зорка — Альфа, на адлегласці ад нас усяго толькі... трыццаці двух тысяч мільярдаў кілометраў; туманнасць Магелана, з якіх меншая займае ў дванаццаць разоў большую прастору, чым бачны дыяметр месяца; урэшце «чорную дзірку» на небе, дзе як быццам зусім няма зорак.
На вялікі жаль, Орыён, які відзен з абодвух паўшар’яў, яшчэ не паказваўся. Але тым не менш Паганель расказваў сваім спадарожнікам звязаную з гэтай зоркай цікавую дэталь патагонскай касмаграфіі. Ва ўяўленні індзейцаў Орыён — гэта вялікае ласо і тры боласы, кінутыя рукой вялікага паляўнічага нябесных прэрый.
Сузор’і адлюстроўваліся ў вадзе і стварылі вакол назіральніка як-бы другое неба, і гэтай прыгожасці пазайздросціў-бы кожны.
У той час як Паганель расказваў, неба на ўсходзе набыло навальнічны выгляд. Цяжкая цёмная хмара, якая хутка падымалася над гарызонтам, засланяла сузор’е за сузор’ем. Хутка гэтая цёмная хмара зацягнула палавіну неба. Здавалася, яна рушыла сама па сабе, бо навокал не калыхалася ні адна былінка; у паветры быў поўны спакой. Не шалясцела і лісце на дрэвах, ні адна складка не моршчыла ідэальна гладкай паверхні вады. Дыхаць рабілася што раз цяжэй, нібы нейкі магутны насос разрэдзіў атмасферу. Электрычнасць высокага напружання насычала атмасферу, і ўсякая жывая істота адчувала яго ток ва ўсім целе.
Гленарвана, Паганеля і Роберта здзівілі адчуванні колікаў у руках, нагах і валасах.
— Будзе навальніца,— сказаў Паганель.
— Ты не баішся грому? — запытаў Гленарван у Роберта.
— Што вы, сэр! — адказаў хлопчык.
— Тым лепш, бо хутка пачнецца навальніца.
— І страшная,— дадаў Паганель,— калі меркаваць па выгляду неба.
— Мяне непакоіць не столькі навальніца,— заўважыў Гленарван,— колькі новыя патокі вады, якія яна прынясе. На нас не застанецца і сухой ніткі. Што-б вы там ні казалі, Паганель, а чалавек не можа задавальняцца гняздом. Вы хутка пераканаецеся ў гэтым на ўласным прыкладзе.
— О! — запярэчыў вучоны.— Пры філасофскіх адносінах...
— Філасофія не перашкодзіць вам прамокнуць...
— Але яна сагрэе мяне.