— Адным словам,— закончыў Гленарван,— вернемся к нашым сябрам і параім ім добра закруціцца ў панчо і філасофію, а галоўнае, запасціся цярплівасцю! Яе якраз нам і трэба будзе больш за ўсё!
Гленарван глянуў апошні раз на неба. Хмара ўжо зацягнула яго цалкам. Толькі на захадзе, над самым гарызонтам, мігцела асветленая няпэўным святлом змроку вузкая палоска. Вада пацямнела і стала падобнай на другую хмару, гатовую зліцца з нябеснай. Цемра была такая густая, што за крок нельга ўжо было нічога ўбачыць. Вакол панавала надзвычайная цішыня.
— Спусцімся,— запрапанаваў Гленарван.— Навальніца зараз пачнецца!
Падарожнікі саскальзнулі па галлі ўніз. Тут іх уразіла дзіўнае поўсвятло ад тысяч мігатлівых кропак, якія, гудучы, мітусіліся над самай паверхняй вады.
— Гэта фасфарычнае свячэнне? — запытаў Гленарван.
— Не, гэта фосфарнае святло ідзе ад машкары,— адказаў вучоны.— Гэта светлякі, сапраўдныя брыльянты, але толькі не каштоўныя.
— Няўжо гэтыя мігатлівыя іскаркі — машкара? — запытаў Роберт.
— Так, дружок.
Роберт злавіў аднаго светляка. Паганель не памыляўся. Гэта была даволі буйная мошка, даўжыней з вялікі палец, якую індзейцы называлі «туко-туко». Гэта цікавае жорсткакрылае адсвечвала з двух плям, размешчаных уперадзе яго шчытка, даволі яркім святлом, пры якім нават было можна чытаць у цемры. Паднёсшы светляка к цыферблату свайго гадзінніка, Паганель убачыў, што было ўжо каля дзесяці гадзін вечара.
Гленарван параіў маракам і маёру падрыхтавацца да бурнай ночы. Трэба было спадзявацца вялікай навальніцы.
Як толькі яна пачнецца, напэўна, узнімецца ўраганны вецер, і омбу будзе моцна гайдацца. Таму Гленарван параіў усім моцна прывязацца да галін. Калі ўжо нельга было пазбавіцца дажджу, дык хоць варта было забяспечыць сябе ад знаёмства з шпаркім бегам вады. Падарожнікі пажадалі адзін аднаму добрай ночы, не вельмі спадзяючыся на тое, што гэтае пажаданне спраўдзіцца. Пасля гэтага ўсе забраліся ў сваю паветраную пасцель, захуталіся ў панчо і пачалі чакаць сну.
Але набліжэнне вялікай навальніцы ці ўрагана заўсёды пасяляе ў чалавечым сэрцы, нават самым мужным, нейкую няпэўную трывогу, ад якой нельга адчапіцца. Таму ўстрывожаныя, усхваляваныя жыхары омбу не маглі нават задрамаць, і першы грукат грому застаў іх з адкрытымі вачыма. Навальніца пачалася аддаленым рокатам каля адзінаццаці гадзін ночы. Гленарван вылез са сваёй пасцелі, і, прабраўшыся на край гарызантальнай галіны, высунуў галаву з лісця.
Цёмны фон вады ўжо адлюстроўваў зыркую бліскавіцу. Электрычныя разрады рвалі хмары ў многіх месцах, але грому яшчэ не было чуваць. Зірнуўшы на гарызонт, дзе чорныя хмары злучаліся з цёмнай вадой у непраніклівую заслону, Гленарван вярнуўся да агню.
— Ну, расказвайце,— папрасіў яго Паганель.
— Няма чаго і расказваць. Пачынаецца. Калі навальніца пачнецца над намі, будзе горача!
— Тым лепш! — адказаў энтузіяст Паганель.— Калі ўжо нельга пазбегнуць гэтага спектакля, дык хоць пацешымся ім.
— Гэта ваша новая тэорыя таксама разляціцца ўшчэнт, як і ўсе астатнія,— сказаў маёр.
— Пабачым, Мак-Набс! Я далучаюся да думкі Гленарвана. Навальніца сапраўды будзе цудоўная. Нядаўна, дарэмна спрабуючы заснуць, я ўспомніў некалькі цікавых фактаў, якія дазваляюць спадзявацца на выдатны спектакль. Не забывайцеся: мы знаходзімся ў самым цэнтры мясцовасці, якая спрадвеку вядома сваімі электрычнымі абурэннямі. Я недзе чытаў, што ў 1793 годзе якраз у гэтай самай правінцыі Буэнос-Айрэс гром грымеў трыццаць сем разоў запар у часе адной навальніцы. А мой паважаны калега Марцін дэ-Мусі назіраў тут аднойчы бесперапынныя грымоты на працягу цэлых пяцідзесяці пяці хвілін!
— Па гадзінніку? — запытаў маёр.
— Па гадзінніку,— адказаў Паганель.— Мяне занепакоіла-б толькі адно,— каб неспакой мог адхіліць небяспеку,—што адзіным узвышаным месцам на многа міль навокал з’яўляецца тое самае омбу, на якім мы знаходзімся. Тут як нідзе добра было-б паставіць громаадвод, таму што маланка з усіх дрэў пампасаў чамусьці выбірае омбу. Апрача таго вы, напэўна, ведаеце, што фізікі не раяць хавацца пад дрэвамі ў часе грому.
— Вось гэта карыснае і своечасовае папярэджанне! — засмяяўся маёр.
— Трэба адкрыта сказаць, Паганель, што вы выбралі нязручны момант для гэтай лекцыі!—заўважыў Гленарван.
— Падумаеш, вялікая важнасць! — адказаў вучоны.— Усякі момант падыходзіць для таго, каб папаўняць свае веды. Аднак, здаецца, пачынаецца.
Гулкі раскат грому спыніў гэтую не ўчас пачатую гутарку. Удары зачасцілі. З кожнай хвілінай яны рабіліся ўсё больш моцнымі. Хутка яны сталі аглушальнымі, і паветра задрыжэла. Маланка бліскала так часта, што ўся прастора вакол омбу была ў агні і нельга было вызначыць, які электрычны разрад выклікаў чарговы ўдар грому, што грукатаў цяпер бесперапынна, не змаўкаючы ні на хвіліну.