Маланкі набывалі самыя рознастайныя формы. Некаторыя з іх амаль проставесна падалі на зямлю, па пяць-шэсць разоў удараючы ў адно і тое-ж месца. Іншыя захапілі-б кожнага фізіка. Араго ў сваім статыстычным аглядзе мог назваць толькі два выпадкі раздвоенай вілаватай маланкі, а тут яны бліскалі сотнямі. Трэція, падзяліўшыся на тысячы адросткаў, нагадвалі бліскучы куст на цёмным фоне неба. Хутка ўсё неба было ахоплена свячэннем, нібы пачаўся гіганцкі пажар у воблаках. Адлюстроўваючыся ў вадзе, гэтае свячэнне стварала вакол свайго цэнтра — дрэва омбу — грандыёзную вогненную сферу.
Гленарван і яго спадарожнікі моўчкі назіралі гэты страшны спектакль. Хоць не было чаго і думаць аб гутарцы: з-за аглушальных грымотаў усёроўна нічога-б не было чуваць. Ад бліскавіцы з цемры паказваліся і зараз-жа зноў знікалі то спакойны твар Мак-Набса, то зыркія ад цікаўнасці вочы Паганеля, то энергічныя рысы Гленарвана, то перапалоханы тварык Роберта, то бесклапотныя твары матросаў.
Аднак дождж яшчэ не пачынаўся, і зусім не было ветру. Але раптам вертыкальныя поласы злучылі неба з зямлёй, нібы ніткі ткача. Цяжкія кроплі дажджу, б’ючыся аб ваду, узнімалі маленькія фантанчыкі пырскаў, якія мігацелі ўсімі колерамі радугі ад бляску маланкі.
Ці азначаў гэты лівень, што хутка канец навальніцы? Ці скончылася ўсё гэта для падарожнікаў толькі халодным душам, ці новыя няшчасці яшчэ чакаюць іх?
У распале электрычнага буянства ў атмасферы на канцы гарызантальнай галіны раптоўна загарэўся асляпляюча яркі шар, велічынёй з добры кулак. Шар пакруціўся вакол сваёй асі і раптам лопнуў, як бомба. Яго шум выбуху быў мацнейшы за гром. Запахла серкай. У раптоўнай кароткай цішы пачуўся голас Тома Аусціна:
— Дрэва гарыць!
Том Аусцін не памыліўся. Полымя раптоўна ахапіла заходняе галлё і лісце омбу. Сухое галлё, птушыныя гнёзды, урэшце кара — усё гэта жывіла і падтрымлівала агонь, які распаўсюджваўся з нястрыманай сілай.
А тут яшчэ ўзняўся вецер і пачаў раздзімаць пажар. Гленарван і яго спадарожнікі перамясціліся на ўсходнія галіны омбу, яшчэ не закранутыя агнём, і, маўклівыя, ашаломленыя, назіралі адтуль, як набліжаецца полымя. Галлё трашчала, скручвалася ў агні, як гадзюка, раскідаючы навокал гарачыя галавешкі, якія адразу знікалі ў цмяна асветленым патоку. Агонь то ўзнімаўся слупам угору, то слаўся каля ніжняга галля дрэва, калі налятаў новы шквал. Гленарван, Роберт і маёр і матросы былі ў роспачы. Яны задыхаліся ад густога дыму; нястрымная гарачыня апякала іх; пажар няўхільна набліжаўся да іх. Нішто не магло ні затрымаць ні патушыць яго, і яны ўжо лічылі, што надышла пагібель. Ужо нельга было больш трываць; і з двух смярцей трэба было выбіраць менш страшную.
— У ваду! — крыкнуў Гленарван
Вільсон, якога ў гэтую секунду лізануў язык полымя, першым выканаў загад. Але раптам падарожнікі пачулі яго дзікі крык:
— Дапамажыце! Дапамажыце!
Аусцін кінуўся ў ваду і дапамог выбрацца зноў на дрэва.
— Што здарылася?
— Кракадзілы! Кракадзілы! — адказаў Вільсон.
Ніз дрэва быў акружаны гэтымі самымі лютымі прадстаўнікамі атрада панцырных яшчараў. Шырокія пласціны іх лускі адлюстроўвалі полымя, як сотні люстэркаў; пляскаты хвост, зыркія вочы, вострая морда, страшныя пашчы, разяўленыя да самых вушэй,— ўсё гэта сцвярджала, што Вільсон не памыліўся. Паганель пазнаў у іх алігатараў[47], якіх завуць у іспанскіх краінах кайманамі. Не менш дзесяці штук гэтых страшных паўзуноў акружылі омбу, атакуючы ствол яго доўгімі клыкамі сваіх ніжніх сківіц.
Убачыўшы гэта, няшчасныя зразумелі, што яны загінулі. Іх чакала пякельная смерць у агні ці ў пашчы кайманаў. Падарожнікі пачулі, як сам маёр спакойным голасам сказаў:
— Падобна на тое, што гэта канец!
Бываюць абставіны, калі людзі бяссільны змагацца са стыхіяй, якую можа ўціхамірыць толькі другая стыхія. Гленарван разгублена пазіраў на агонь і ваду, якія ўзброіліся супроць яго самога і яго таварышоў; ён не ведаў, адкуль чакаць дапамогі.
Навальніца ўжо сціхала, але яна выклікала вялікае выпарэнне вады, і навіслыя воблакі пары былі вельмі наэлектрызаваны электрычнымі разрадамі. На поўдні падняўся велізарны смерч, вострым канцом кнізу, асновай угару, злучыўшы ўсхваляваную ваду з навальнічнымі хмарамі. Гэты смерч, круцячыся вакол сваёй асі, набліжаўся з неймавернай хуткасцю. Ён убіраў у сябе з возера ваду, якая ўзнімалася ўверх гіганцкім слупам. Смерч раптоўна наляцеў на омбу і ахінуў яго з усіх бакоў, гойдаючы дрэва да самай асновы. Падарожнікам здалося, што гэта кайманы атакавалі дрэва і сваімі магутнымі сківіцамі разгайдалі яго. Раптам яны адчулі, што велізарнае дрэва нахіляецца, падае... Яго палаючае ніжняе галлё дакранулася да вады і патухла з дзіўным шыпеннем. Усё гэта здарылася ў адну секунду, і смерч ужо рушыў далей.
Паваленае ў ваду дрэва загайдалася і паплыло пад націскам ветру і плыні. Кайманы ўцяклі, апрача аднаго, які ўзлез на голае карэнне і поўз к падарожнікам. Але Мюльрэдзі, адламаўшы тоўсты сук, з такой сілай ударыў ім каймана, што перабіў яму хрыбет. Кайман зваліўся ў паток і пачаў успеньваць ваду страшнымі ўдарамі хваста.