Пасля першых прывітанняў і абдымкаў Элен, Мэры і Джону Мангльсу расказалі пра галоўнейшыя падзеі экспедыцыі, але перш за ўсё давялі да іх ведама новае тлумачэнне дакумента, зробленае мудрым Паганелем. Было выказана шмат хвальбы і па адрасу Роберта. Мэры Грант магла па праву ганарыцца сваім братам. Яго смеласць, яго адданасць, небяспекі, якіх ён унікнуў,—усё гэта было вельмі маляўніча расказана Гленарванам, і хлопчык, не ведаючы, куды схавацца ад сарамлівасці, прытуліўся да сястры.
— Не чырваней, Роберт,— сказаў яму Джон Мангльс.— Ты годны сын капітана Гранта.
Ён падаў руку брату Мэры і ласкава пацалаваў яго ў шчаку, усю мокрую ад слёз сястры.
Ці патрэбна тут гаварыць аб прыёме, зробленым маёру і вучонаму-географу, і выказваннях падзякі адсутнаму Талькаву? Элен шкадавала, што не можа паціснуць руку храбраму індзейцу.
Мак-Набс адразу пасля гарачага спаткання пайшоў у каюту і перш за ўсё добра пабрыўся. Што да Паганеля, дык ён без стомы лятаў ад аднаго к другому, як пчала, збіраючы мёд пахвал і ўсмешак. Ён хацеў абняць увесь экіпаж «Дункана» і, сцвярджаючы, што Элен і Мэры Грант з’яўляюцца часткай яго, пачаў з іх і скончыў Ольбінетам.
Буфетчык не знайшоў больш вартага адказу на гэту ласку, як паведаміць, што снеданне гатова.
— Снеданне? — крыкнуў Паганель.
— Так, пане Паганель,— адказаў Ольбінет.
— Сапраўднае снеданне, за сапраўдным сталом, з пасудай і сарвэткай?
— Вядома, пане Паганель.
— І нам не дадуць ні сушанага мяса, ні філея страуса?
— О, сэр! — пакрыўдзіўся буфетчык.
— Я не хацеў вас пакрыўдзіць, дарагі Ольбінет,— сказаў вучоны, усміхаючыся,— але на працягу цэлага месяца мы елі не за сталом, а на зямлі, у лепшым выпадку седзячы верхам на дрэве. Тое снеданне, якое вы нам абяцаеце, здаецца нам марай, фікцыяй, хімерай!
— Пойдзем-жа ўпэўнімся, што гэта рэальнасць,— прапанавала Элен, ледзьве стрымліваючыся ад смеху.
— Дазвольце вас правесці! — сказаў далікатны географ.
— Ці будуць якія-небудзь распараджэнні «Дункану»? — спытаў Джон Мангльс у Гленарвана.
— Пасля снедання, мілы Джон,— адказаў той,— мы абмяркуем усе разам праграму нашай новай экспедыцыі.
Пасажыры яхты і малады капітан спусціліся ў кают-кампанію. Галоўнаму механіку было прапанавана трымаць яхту пад парай.
Толькі што пабрыты маёр і астатнія падарожнікі, сяк-так агледзеўшы сябе, занялі месцы за сталом.
Снеданне Ольбінета хвалілі бясконца. Яго прызналі першакласным, і, згодна заявы падарожнікаў, нават самыя пышныя піраванні пампасаў не маглі зраўняцца з ім. Паганель браў па дзве порцыі кожнай стравы, «па няўважлівасці», як казаў ён.
Гэтае няшчаснае слова прымусіла Элен запытаць, ці часта паважаны француз грашыў сваім звычайным грахом. Маёр і Гленарван, усміхнуўшыся, пераглянуліся. Паганель зарагатаў і пабажыўся, што за ўвесь час падарожжа ён толькі адзін раз стаў афярай сваёй няўважлівасці. Потым ён вельмі цікаўна расказваў аб сваім расчараванні вялікім тварэннем Камаэнса.
— У заключэнне скажу,— ліха не без дабра — я ані не шкадую, што памыліўся,— закончыў ён свой расказ.
— Чаму-ж, мой шаноўны сябра? — запытаў маёр.
— Таму, што я вывучыў не толькі іспанскую, але і партугальскую мову. Я размаўляю цяпер на двух новых мовах замест адной.
— Чэснае слова, я аб гэтым не падумаў,—адказаў Мак-Набс.— Віншую вас, Паганель.
Усе заапладыравалі Паганелю, які ні на секунду не пераставаў жаваць. Але, заняты ядой і балбатнёй, ён не заўважыў адной асаблівасці, якая не магла ўнікнуць ад зоркага позірку Гленарвана: увагі Джона Мангльса да Мэры Грант. Лёгкі жэст Элен пераканаў яго, што ён не памыляецца. Гленарван паглядзеў на маладых людзей з асаблівай сімпатыяй, але не выдаючы, што здагадваецца аб нечым.
— Як прайшло ваша падарожжа, Джон? — запытаў ён.
— Пры самых спрыяльных абставінах,— адказаў капітан.— Але я павінен паведаміць вас, што нам давялося праплысці міма Магеланава праліва.
— Вось які — крыкнуў Паганель.— Вы абышлі мыс Горн, і мяне не было з вамі!
— Вам застаецца толькі павесіцца,— сказаў маёр Мак-Набс.
— Эгаіст! Вы раіце мне гэта, каб забраць сабе вяроўку, якая, кажуць, дае шчасце,—адказаў географ.
— Мілы Паганель,— усцешыў яго Гленарван.— Калі не валодаць дарам прысутнічаць усюды, немагчыма прысутнічаць у некалькіх месцах адначасова. Вы вандравалі па пампасах, значыцца, вы не маглі ў той-жа самы час праплываць міма мыса Горн.
— Ваша праўда, але гэта не перашкаджае мне шкадаваць аб тым, што я не бачыў мыса Горн,— адказаў вучоны.
Больш яго не раздражнялі, задаволіўшыся гэтым адказам.
Джон Мангльс узяў слова і расказаў гісторыю свайго плавання.