— Няма нічога больш лёгкага,—сказаў маёр.— Калі пяць месяцаў таму назад у Клайдскай затоцы мы вывучалі ўсе тры дакументы, тлумачэнне, якое мы давалі ім, здавалася нам адзіна правільным. У нас не было і ценю сумнення ў гэтым пытанні.

— Гэтае разважанне справядлівае,— сказаў Гленарван.

— Пазней, калі Паганель, па сваей шчаслівай няўважлівасці, апынуўся на барту нашай яхты, дакументы былі паказаны яму, і ён, не хістаючыся ні хвіліны, ухваліў наша рашэнне пачаць пошукі на амерыканскім беразе.

— Я згодзен з гэтым,— пацвердзіў географ.

— І ўсё-ж мы памыліліся,— закончыў маёр.

— Мы памыліліся, — пацвердзіў Паганель. — Чалавеку ўласціва памыляцца, але трэба быць вар’ятам, каб настойваць на сваёй памылцы.

— Пачакайце, Паганель,— адказаў маёр,— не хвалюйцеся. Я зусім не хачу сказаць, што мы павінны прадаўжаць свае пошукі ў Амерыцы.

— Тады чаго-ж вы хочаце? — запытаў Гленарван.

— Прызнання, што Аўстралія здаецца вам цяпер адзіна магчымым месцам крушэння «Брытаніі», як некалі гэтым месцам здавалася Амерыка.

— Мы ахвотна прызнаем гэта,— адказаў Паганель.

— Бяру гэта пад увагу,— сказаў маёр,— і карыстаюся выпадкам папярэдзіць вас — не захапляйцеся гэтай відавочнасцю. Мы ўжо былі сведкамі, як адно «бясспрэчнае» тлумачэнне аказалася не толькі спрэчным, але і няправільным. Хто ведае, можа пасля Аўстраліі іншая краіна здасца нам больш рэальнай для пошукаў, і, калі гэтыя новыя пошукі будуць такімі няўдачнымі, ці не прыдзе нам у галаву, што яны былі таксама «выпадковымі» і што неабходна пачаць другія?

Гленарван і Паганель пераглянуліся. Заўвага маёра, безумоўна, была лагічная.

— Я хацеў-бы,— зноў пачаў Мак-Набс,— каб была зроблена апошняя праверка перад адплыццем у Аўстралію. Вось дакументы і карты. Прасочым яшчэ раз усе пункты, дзе праходзіць трыццаць сёмая паралель, і паглядзім, ці не спаткаем мы другой краіны, да якой можна прыстасаваць указанні дакумента?

— Няма нічога больш лёгкага,— адказаў Паганель,— бо пад гэтай шыратой ляжыць нямнога зямель.

— Паглядзім,— сказаў маёр, разгортваючы англійскую карту, нарысаваную ў праекце Меркатара і якая паказвала ўвесь зямны шар на плоскасці.

Карту разлажылі перад Элен, і ўсе падрыхтаваліся слухаць тлумачэнні Паганеля.

— Як я вам ужо казаў,— пачаў вучоны,— на захад ад Паўднёвай Амерыкі на трыццаць сёмай паралелі ляжаць астравы Трыстан д'Акун’я. Я сцвярджаю, што ў дакументах няма ні аднаго слова пра гэтыя астравы.

Усе яшчэ раз найдакладнейшым чынам разгледзелі дакументы. Меркаванне аб астравах Трыстан д’Акун’я было аднагалосна адхілена.

— Прадоўжым нашы доследы,— сказаў географ.— Вышаўшы з Атлантычнага акіяна, мы пройдзем двума градусамі ніжэй мыса Добрай Надзеі і апынімся ў Індыйскім акіяне. На нашым шляху мы сустрэнем толькі адну групу астравоў — Амстэрдамскія астравы. Я зусім пераконаны ў тым, што пра іх у дакументах сказана не больш, чым пра астравы Трыстан д’Акун'я.

Пасля ўважлівай праверкі Амстэрдамскія астравы былі таксама адхілены. Ні аднаго слова не было ні ў французскім, ні ў англійскім, ні ў нямецкім дакументах пра гэты архіпелаг у Індыйскім акіяне.

— Мы дасягнулі цяпер Аўстраліі,— зноў пачаў свае тлумачэнні Паганель.— Трыццаць сёмая паралель выходзіць на мацярык каля мыса Бернуілі і пакідае яго ў бухце Туфольда. Вы згодзіцеся са мной, нават не правяраючы тэкста, што англійскае слова stra і французскае austral могуць азначаць Аўстралію. Гэта настолькі відавочна, што тут няма аб чым спрачацца.

Усе згадзіліся з заключэннем Паганеля.

— Прадаўжайце,— прапанаваў маёр.

— Ахвотна,— згадзіўся географ,— вандраваць так зусім няцяжка. Так, пакінуўшы бухту Туфольда, мы перасякаем праліў, які цягнецца на ўсход ад Аўстраліі, і пад’язджаем к Новай Зеландыі. Перш за ўсё я павінен напомніць вам, што слова contin у французскім дакуменце азначае continent — кантынент. Гэта зусім ясна. Капітан Грант не мог знайсці прытулку ў Новай Зеландыі, якая, як вядома, не што іншае, як востраў. А калі гэта так, дык вывучайце, параўноўвайце, перастаўляйце словы, як вам хочацца, і вы ўпэўніцеся, што яны не маюць ніякіх адносін да гэтай краіны.

— Ні ў якім разе,— згадзіўся Джон Мангльс пасля дакладнай праверкі дакументаў і карты.

— Не,— пацвердзілі ўсе слухачы Паганеля і нават сам маёр,— не, капітан Грант не мог апынуцца ў Новай Зеландыі.

— Вы бачыце,— зноў пачаў географ,— што на ўсёй аграмаднейшай прасторы ад гэтага вострава да амерыканскага берагу трыццаць сёмая паралель перасякае толькі адзін пустынны і бясплодны астравок.

— Як ён завецца? — запытаў маёр.

— Гляньце на карту. Гэта Марыя-Терэзія. Няма ніякіх слядоў гэтай назвы ні ў адным з трох дакументаў.

— Ніякіх,— пацвердзіў Гленарван.

— Так, здаюся на вас, сябры мае, рашайце, ці правільнае меркаванне, што ў дакуменце ідзе размова аб Аўстраліі.

— Відавочна,— быў аднадушны адказ пасажыраў і капітана «Дункана».

— Джон,— сказаў тады Гленарван,— ці дастаткова ў вас правізіі і паліва?

— Так, сэр, я назапасіў усяго неабходнага ў Талькагуано. Аднак, калі трэба будзе, мы дапоўнім іх у Капштаце.

— Вельмі добра, тады — у дарогу!

— Яшчэ адна заўвага,— перапыніў свайго сябра маёр.

Перейти на страницу:

Похожие книги