— Гэта Трыстан д’Акун’я,— сказаў Джон Мангльс.
— Калі памяць не падводзіць мяне,— пачаў вучоны,— мы знаходзімся за восемдзесят міль ад вострава, бо скала Трыстан, вышынёю ў сем тысяч футаў, паказваецца над гарызонтам іменна на гэтай адлегласці.
— Зусім правільна,— пацвердзіў капітан Джон.
Праз некалькі гадзін на гарызонце можна было ўжо зусім выразна бачыць архіпелаг вельмі высокіх скалістых астравоў. Канічная вяршыня Трыстана вырысоўвалася чорным сілуэтам на блакітным фоне неба; яе асвятлялі бліскучыя праменні ўзыходзячага сонца. Хутка з агульнага скалістага масіва выразна сталі відаць контуры галоўнага вострава.
Востраў Трыстан д’Акун’я знаходзіцца пад 37° 8" паўднёвай шыраты і 10° 44" заходняй даўгаты ад Грынвіча.
У восемнаццаці мілях к паўднёваму захаду ад яго знаходзіцца востраў Недаступны, а ў дзесяці мілях на паўднёвы ўсход — востраў Салавей, якім канчаецца гэты маленькі, закінуты ў Атлантычным акіяне архіпелаг.
Каля поўдня яхта мінула дзве мясцовыя рэдкасці, якія служаць маракам распазнавальнымі пунктамі, а іменна: скалу на востраве Недаступным, якая вельмі падобна на карабль з паднятымі парусамі, і на паўночным канцы вострава Салаўя два маленькія астраўкі, якія нагадваюць руіны форта.
У тры гадзіны «Дункан» увайшоў у Фальмуцкую бухту на Трыстан д’Акун’я, заслоненую мысам Гельм ад заходніх вятроў.
Там стаялі на якары некалькі кіталоўных суднаў. Яны лавілі цюленяў і іншых марскіх жывёл, якіх каля гэтых берагоў незлічоная колькасць.
Джон Мангльс пачаў шукаць бяспечнага месца для стаянкі, бо адкрытая гавань вострава вельмі кепска абараняе ад налётаў паўночна-заходніх і паўночных вятроў. Іменна на гэтым месцы англійскі брыг «Джулія» затануў у 1829 годзе. «Дункан» падышоў на поўмілі к берагу і стаў на якар. Пасажыры і пасажыркі зараз-жа селі ў спушчаную на ваду вялікую лодку і хутка вылезлі на бераг, усыпаны дробным чорным пяском.
Сталіца архіпелага Трыстан д'Акун’я нагадвала маленькую вёску, размешчаную ў глыбіні бухты паблізу быстрага ручая. Вёска налічвала пяцьдзесят вельмі чыстых домікаў, размешчаных з той геаметрычнай дакладнасцю, якая з’яўляецца апошнім словам навейшага англійскага горадабудаўніцтва. Ззаду гэтага мініятурнага гарадка размясцілася пляцоўка велічынёй у сто пяцьдзесят гектараў, акружаная астыўшай лавай, а над пляцоўкай узнімаецца на сем тысяч футаў уверх канічная вяршыня гары.
Гленарван адразу-ж пайшоў к губернатару англійскай калоніі, спадзеючыся даведацца ад яго што-небудзь пра Гары Гранта і «Брытанію». Але гэтыя імёны былі зусім невядомыя тут. Астравы Трыстан д’Акун’я знаходзяцца далёка ад звычайнага шляху суднаў і іх рэдка хто наведвае. З часу вядомага караблекрушэння «Блендон-Гола», якое было ў 1821 годзе каля скал вострава Недаступнага, толькі два судны падыходзілі к берагу галоўнага вострава: «Прымогэ» ў 1845 годзе і трохмачтавае амерыканскае судно «Філадэльфія» ў 1857 годзе. Гленарван і не спадзяваўся знайсці тут сляды крушэння «Брытаніі»; ён звярнуўся к губернатару вострава з распытваннямі з-за далікатнасці. Джон Мангльс усё-ж паслаў суднавыя шлюпкі вакол вострава, маючага ў акружыне не болей семнаццаці міль. Ні Лондан, ні Парыж не маглі-б змясціцца на займаемай ім тэрыторыі, нават калі-б яна была ў тры разы большай.
Пакуль рабіліся разведкі, пасажыры «Дункана» прагульваліся па гарадку і навакольных узгорках.
Насельніцтва Трыстан д’Акун'я складаецца з ста пяцідзесяці чалавек. Гэта англічане і амерыканцы, жанатыя на негрыцянках і гатэнтотках з мыса Добрай Надзеі, якія вельмі непрыгожыя. Дзеці ад гэтых шлюбаў уяўляюць сабой нейкую дзіўную сумесь саксонскай сухасці і афрыканскай чарнаты.
Падарожнікі былі так шчаслівы, што ўрэшце адчулі пад нагамі цвёрдую глебу, і працягнулі сваю прагулку да той часткі берагу, якая мяжуе з акружанай лавай пляцоўкай — адзіным апрацаваным тут месцам. Увесь астатні бераг, укрыты астыўшай лавай, бязлюдны і бясплодны. Там жывуць толькі вялікія альбатросы ды сотні тысяч дурных пінгвінаў.
Падарожнікі, агледзеўшыя гэтыя вулканічнага паходжання скалы, вярнуліся зноў у даліну. Там цурчэлі быстрыя і шматлікія ручаі, якія папаўняліся ад вечных снягоў горных вяршынь.
У ярказялёным хмызняку пырхала безліч птушак. Здавалася, іх столькі-ж, колькі кветак. Ражковае дрэва ў дваццаць футаў вышыні, тусе, гіганцкая расліна з падобным на дрэва сцяблом, велізарны ламарыя з пераплеценымі валакністымі сцябламі, яркія кусты ануерын, з адурманьваючым бальзамічным пахам, мох, дзікі сельдэрэй і папараць — усё гэта складала аднастайную, але багатую флору вострава. Адчувалася, што вечная вясна панавала на гэтым шматку зямлі.
Падарожнікі вярнуліся на яхту толькі з надыходам ночы.
Па ваколіцах гарадка пасліся гурты быкоў і бараноў; разам з хлебнымі і масавымі палямі і гароднімі раслінамі, прывезенымі сюды сорак гадоў назад, яны складалі ўсё багацце насельніцтва.