Якраз у той момант, калі Гленарван варочаўся на яхту, да яе пад’ехалі і судновыя шлюпкі. За некалькі гадзін яны аб’ехалі ўвесь востраў і не знайшлі ніякіх слядоў «Брытаніі». Гэта «сусветнае» падарожжа мела адзіны рэзультат: канчатковае выключэнне вострава Трыстан д’Акун’я з праграмы пошукаў.
«Дункан» мог зараз-жа пакінуць гэту групу афрыканскіх астравоў і прадаўжаць свой шлях на ўсход. Ён не зняўся з якара ў той-жа вечар толькі таму, што Гленарван загадаў усяму экіпажу выйсці на паляванне на цюленяў, безліч якіх запаланіла берагі Фальмуцкай бухты. Некалі тут вяліся і кіты, але іх знішчалі так бязлітасна, што яны амаль зусім зніклі. Рашылі, што экіпаж яхты будзе паляваць увесь заўтрашні дзень, каб папоўніць запас тлушчаў. Такім чынам выхад «Дункана» быў прызначан на паслязаўтра, гэта значыць на 20 лістапада.
У часе вячэры Паганель паведаміў некаторыя дадатковыя весткі аб астравах Трыстан д'Акун’я, якія надзвычай зацікавілі слухачоў. Яны даведаліся, што гэты архіпелаг быў адкрыты ў 1506 годзе партугальцам Трыстан д'Акун’я і заставаўся не даследаваным на працягу цэлага стагоддзя. Гэтыя астравы не без падставы лічыліся «гняздом бур» і мелі такую-ж благую славу, як і Бермудскія астравы. Да іх баяліся падплываць, і ні адно судно добраахвотна не кідала тут якара, калі яго не прымушала на гэта раптоўна ўзнятая бура.
У 1697 годзе тры галандскія судны, якія належалі Індыйскай кампаніі, прысталі да берагоў архіпелага. Яны вызначылі яго каардынаты, даўшы магчымасць славутаму астраному Галею праверыць свае вылічэнні. За час ад 1712 да 1767 года з архіпелагам пазнаёмілася яшчэ некалькі французскіх мораплаўцаў, у прыватнасці Лаперуз, якога прывялі сюды навуковыя даследаванні ў час яго вядомага падарожжа ў 1785 годзе.
Гэтых астравоў амаль ніхто не наведваў і яны былі зусім бязлюдныя, пакуль урэшце ў 1811 годзе амерыканец Джонатан Ламберт не задумаў каланізаваць іх. Ён і яго два таварышы высадзіліся тут у студзені і мужна ўзяліся за працу. Англійскі губернатар мыса Добрай Надзеі, даведаўшыся, што яны багацеюць там, прапанаваў ім перайсці пад пратэктарат Англіі.
Джонатан згадзіўся і падняў над сваёй хацінай брытанскі сцяг. Здавалася, ён павінен быў мірна панаваць над сваімі падданымі, якія складаліся з аднаго старога італьянца і аднаго партугальскага мулата, як раптам у часе аднаго аб’езду берагоў сваіх уладанняў ён утапіўся ці яго ўтапілі, што дакладна невядома.
Прышоў 1816 год. Напалеона пасадзілі ў астрог на востраве св. Елены, і, каб лепш ахоўваць яго, Англія паставіла гарнізоны на астравах Вазнясення і Трыстан д’Акун’я. Гарнізон Трыстан д’Акун’я складаўся з роты артылерыстаў з мыса Добрай Надзеі і атрада гатэнтотаў. Гарнізон гэты быў тут да 1821 года і пасля смерці Напалеона яго перавялі зноў на мыс Добрай Надзеі.
— Тут застаўся толькі адзін еўрапеец,— прадаўжаў свой расказ Паганель,— капрал-шатландзец.
— А! Шатландзец! — паўтарыў маёр, якога заўсёды асабліва цікавілі яго землякі.— Як яго звалі?
— Яго звалі Вільям Глас,— адказаў Паганель,— ён пасяліўся на востраве са сваёй жонкай і двума гатэнтотамі. Хутка да шатландца далучыліся два англічаніны, адзін матрос, адзін рыбак з Темзы і экс-драгун аргентынскай арміі. Урэшце ў 1821 годзе адзін з пацярпеўшых крушэнне на «Блендон-Голе» разам са сваёй маладзенькай жонкай знайшоў прытулак на востраве. У 1821 годзе насельніцтва вострава складалася ўжо з шасці мужчын і двух жанчын. У 1829 годзе там было ўжо сем мужчын, шэсць жанчын і чатырнаццаць дзяцей. У 1835 годзе лічба гэта павялічылася да сарака, а цяпер яна патроілася.
— Такім чынам нараджаюцца цэлыя нацыі,— сказаў Гленарван.
— Я дадам, каб закончыць гісторыю Трыстан д’Акун’я,— прадаўжаў Паганель,— што гэты востраў здаецца мне зусім вартым, як і востраў Хуан-Фернандзец, называцца востравам Рабінзонаў. І сапраўды, калі на Хуан-Фернандзец закінула аднаго за адным двух маракоў, дык такі-ж лёс спаткаў на Трыстан д’Акун’я двух вучоных. У 1793 годзе адзін з маіх землякоў, натураліст Обер Дзю-Пеці-Туар,захоплены збіраннем гербарыя, заблудзіўся і знайшоў сваё судно толькі ў той момант, калі капітан ужо загадваў падняць якар. У 1824 годзе адзін з вашых землякоў, дарагі Гленарван, умелы рысавальшчык Аўгуст Ірль, быў пакінуты там на цэлых восем месяцаў. Капітан судна, забыўшыся, што ён застаўся на беразе, паехаў без яго на мыс Добрай Надзеі.
— Вось гэта ўжо сапраўды няўважлівы капітан,— сказаў маёр.— Не сумняваюся, гэта быў адзін з вашай радні, Паганель?
— Калі-б ён быў ім, маёр, дык ён цалкам варты быць ім! — адказаў географ, і гутарка скончылася.
Усю ноч цягнулася паляванне; было забіта пяцьдзесят вялікіх цюленяў. Назаўтра ўвесь дзень тапілі тлушч з цюленяў і апрацоўвалі скуры.