За гэты другі дзень стаянкі пасажыры зрабілі яшчэ адну экскурсію па востраву. Гленарван і маёр узялі з сабой стрэльбы, каб настраляць дзічыны. У часе гэтай прагулкі падарожнікі спусціліся к самаму падножжу гары, дзе ўся зямля была закідана абломкамі скал, шлакам, кавалкамі чорнай порыстай лавы і іншымі вулканічнымі выкідамі. Падножжа гары складалася з хісткага камення і абломкаў скал. Нельга было памыліцца ў паходжанні гэтага вялікага конуса, і англійскі капітан Кармайкель, безумоўна, казаў праўду, што гэта згаслы вулкан.

Паляўнічыя сустрэлі на сваім шляху некалькі дзікоў. Адзін з іх быў забіты куляй маёра. Гленарван застрэліў некалькі курапатак, з якіх судновы повар павінен быў згатаваць смачнае жаркое. Мноства коз забаўлялася на высокіх горных пляцоўках. Што да дзікіх кошак, адважных, гордых, дужых жывёл, якіх баіцца нават сабака, дык іх пладзілася тут безліч.

А восьмай гадзіне ўсе вярнуліся на борт, і ўначы «Дункан» пакінуў востраў Трыстан д’Акун’я, каб больш на яго не варочацца.

<p>РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ</p><p>Амстэрдамскія астравы</p>

Галоўнымі клопатамі Джона Мангльса было цяпер запасціся вугалем на мысе Добрай Надзеі. Таму ён павінен быў крыху адхіліцца ад трыццаць сёмай паралелі і падняцца на два градусы на поўнач. «Дункан» знаходзіўся ніжэй зоны пасатаў і трапіў у паласу заходніх спадарожных вятроў. Меней чым за шэсць дзён ён прабег тысячу трыста міль, адлегласць ад Трыстан д’Акун’я да афрыканскага берагу.

24 лістапада, а трэцяй гадзіне раніцы, з мосціка «Дункана» можна было бачыць ужо Сталовую гару, а крыху пазней яхта ўзнялася да Сігнальнай гары, якая паказвала ўваход у бухту. «Дункан» увайшоў у яе к васьмі гадзінам і кінуў якар у Капштацкім парту.

Аканечнасць Афрыкі ўпершыню ўбачыў у 1486 годзе партугальскі адмірал Варфаламей Дыяц, і толькі ў 1497 годзе славуты Васко дэ-Гама абышоў мыс, названы потым мысам Добрай Надзеі.

Ці мог Паганель не ведаць гэтага, калі Камаэнс апеў вялікага мораплаўца ў сваёй «Лузіядзе»? З гэтай прычыны географ зрабіў цікавую заўвагу: калі-б Дыяц у 1486 годзе, за шэсць гадоў да першага падарожжа Калумба, абышоў гэты мыс, Амерыка яшчэ доўга не была-б адкрытай. І сапраўды, шлях паўз мыс Добрай Надзеі быў найбольш кароткім і прамым шляхам ва ўсходнюю Індыю. Заходзячы ўсё далей і далей на захад, чаго-ж шукаў вялікі генуэзскі падарожнік, калі не скарачэння шляху к «Праным астравам»? Так, каб мыс абышлі раней, экспедыцыя Калумба была-б непатрэбнай, і ён, безумоўна, не арганізоўваў-бы яе.

Горад Капштат, размешчаны ў Капскай затоцы, быў заснаваны ў 1852 годзе галандцам Ван-Рыбекам. Гэта была сталіца вельмі значнай калоніі, якая канчаткова перайшла к англічанам па дагавору 1815 г.

Пасажыры «Дункана» скарысталі стаянку, каб агледзець яе. У іх распараджэнні было ўсяго дванаццаць гадзін, бо капітану Джону патрэбен быў толькі адзін дзень для папаўнення сваіх запасаў, і 26-га раніцой ён збіраўся ўжо адплываць адсюль.

Між іншым, гэтага было дастаткова, каб паспець абабегчы ўсе клеткі шахматнай дошкі, называемай Капштатам, на якой трыццаць тысяч белых і чорных жыхароў выконвалі роль каралёў, каралеваў, тураў, сланоў, афіцэраў, пешак. Прынамсі, такая была думка Паганеля.

Калі быў агледжаны замак, які ўзвышаўся на паўднёва-ўсходняй частцы горада, палац губернатара, біржа, музей, крыж з каменя, зроблены Дыяцам у гонар свайго адкрыцця, калі выпілі па шклянцы мясцовага віна першага збору, больш нічога не заставалася рабіць, як выправіцца ў далейшую дарогу. Гэта і было зроблена назаўтра.

Досвіткам «Дункан» падняў якар, паставіўшы клівер, фок і марсель. Праз некалькі гадзін ён ужо абыходзіў вядомы мыс Буры, які Іоан ІІ, партугальскі кароль-аптыміст, так нятрапна назваў мысам Добрай Надзеі.

Дзве тысячы дзевяцьсот міль, адлегласць паміж мысам Добрай Надзеі да Амстэрдамскіх астравоў, пры спадарожным ветры і спакойным моры, прайшлі за дзесяць дзён.

Мораплаўцы аказаліся болей шчаслівымі, чым падарожнікі па пампасах: яны не мелі ніякіх падстаў скардзіцца на сілы прыроды.

Перейти на страницу:

Похожие книги