Гэты асобны архіпелаг Індыйскага акіяна складаецца з двух астравоў, якія ляжаць за трыццаць тры мілі адзін ад аднаго, якраз на мерыдыяне Індыйскага поўвострава. На поўначы знаходзіцца востраў Амстэрдам, ці св. Пятра, на поўдні — востраў св. Паўла. Але варта адзначыць, што часта мораплаўцы і нават географы блытаюць іх назвы.
Гэтыя астравы былі адкрыты ў снежні 1796 года галандцам Фламінгам; потым іх наведаў д’Антркасто, камандзір экспедыцыі, накіраванай на пошукі без весткі загінуўшага даследчыка Лаперуза. З таго часу і пачынаецца блытанне астравоў. Бароў, Ботан-Бопрэ ў атласе д’Антркасто, пасля Горсбург, Пінкертон і іншыя географы, апісваючы востраў св. Пятра, называюць яго востравам св. Паўла і наадварот. Затое афіцэры аўстрыйскага фрэгата «Навара», які наведаў гэтыя астравы ў часе свайго кругасветнага плавання ў 1859 годзе, не зрабілі гэтай памылкі, якую Паганель абавязкова хацеў выправіць.
Востраў св. Паўла — паўднёвы ў групе — гэта бязлюдны шматок зямлі, утвораны высокай гарой, напэўна былым вулканам. Востраў Амстэрдам, ці св. Пятра, к якому шлюпка «Дункана» падвезла пасажыраў, мае не менш дванаццаці міль у акружыне. На ім жывуць некалькі добраахвотных выгнаннікаў, якія звыкліся ўжо са сваім невясёлым жыццём. Гэта вартаўнікі рыбных промыслаў, што належаць нейкаму Отавану з вострава Рэюн’ён. Гэты не прызнаны вялікімі краінамі ўладар атрымлівае семдзесят пяць — восемдзесят тысяч франкаў у год ад лоўлі, засолкі і экспарта траскі.
Востраў Амстэрдам, між іншым, павінен належаць Францыі. Першым асталяваўся на ім француз Кармен з Сен-Дэні; пасля ён перапрадаў гэты востраў аднаму паляку, які пачаў апрацоўваць яго пры дапамозе рабоў-мадагаскарцаў. Потым востраў зноў дастаўся французу Отавану.
У дзень прыходу «Дункана», гэта значыць 6-га снежня 1864 года, яго насельніцтва складалі тры чалавекі: адзін француз і два мулаты, служачыя Отавана. Паганель такім чынам мог паціснуць руку земляку, шаноўнаму пану Віо. Гэты слабы стары аказаўся надзвычай гасцінным. Ён быў бясконца рады прыезду еўрапейцаў і адукаваных людзей, бо востраў Амстэрдам звычайна наведваюць толькі паляўнічыя на цюленяў і радзей кіталовы, усе людзі грубыя і неадукаваныя.
Віо пазнаёміў падарожнікаў са сваімі падданымі — абодвума мулатамі. Калі не лічыць некалькіх кабаноў, якія гадаваліся ў лесе, і многіх тысяч пінгвінаў на беразе, гэта было ўсё насельніцтва вострава.
Маленькі домік, у якім жылі тры пустэльнікі, стаяў на беразе прыроднай бухты, утворанай завалам гары.
Востраў Амстэрдам стаў прыстанішчам для пацярпеўшых караблекрушэнне яшчэ доўга да пачатку «панавання» Отавана І. Паганель расказаў пра гэта сваім сябрам, назваўшы сваё апавяданне так: «Гісторыя двух шатландцаў, якія трапілі на востраў Амстэрдам».
Справа была ў 1827 годзе. Міма вострава праходзіў англійскі карабль «Пальміра». З карабля заўважылі дым кастра. Капітан падплыў к берагу і ўбачыў двух чалавек, якія падавалі сігналы аб няшчасці. Ён выслаў за імі шлюпку. Выратаваныя назвалі сябе: адзін — Робертам Прудфутам, другі — Джэкам Пейкам. Няшчасныя амаль страцілі чалавечае аблічча. Восемнаццаць месяцаў запар яны неймаверна гаравалі, пазбаўленыя самага неабходнага, амаль не маючы прэснай вады, харчуючыся толькі ракушкамі і рыбамі, якія эрэдку браліся на сагнуты з цвіка кручок. Здаралася, што яны не елі нічога па трое сутак, ахоўваючы касцёр, распалены апошнім кавалкам трута. Яны не давалі патухнуць гэтаму кастру. Так пражылі яны доўгіх паўтара года. Пейка і Прудфута высадзіла на беразе вострава шхуна, якая займалася паляваннем на цюленяў. Яны павінны былі пражыць на ім адзін месяц і назапасіць цюленевых шкур і тлушчу і чакаць звароту шхуны. Але шхуна не вярнулася. Праз пяць месяцаў к востраву Амстэрдаму падплыло судно «Хоп», якое накіроўвалася на зямлю Ван-Дымена. Але капітан «Хопа» невядома чаму аказаўся жорсткім і адмовіўся ўзяць іх з сабой. Мала таго, адплываючы, ён не пакінуў ім ні аднаго сухара, ні аднаго грама мукі. Безумоўна, няшчасныя маракі памерлі-б з голаду, каб праходзячая міма «Пальміра» не забрала іх.
Другая прыгода, запісаная ў гісторыі вострава Амстэрдам, калі толькі такі шматок зямлі можа мець гісторыю,— гэта прыгода аднаго француза — капітана Перона. Гэта гісторыя пачалася таксама, як і папярэдняя, і таксама закончылася: прыпынак па добрай волі на востраве, свой карабль, які не варочаецца, і чужы карабль, які забірае Рабінзона пасля сарака месяцаў пакут. Але пражыванне капітана Перона на востраве адзначылася яшчэ крывавай драмай, вельмі падобнай на тыя падзеі, якія адбыліся з героем рамана Дэфо пасля яго звароту на востраў.