— Не, я вам не адкажу,— сказаў вучоны.— Я абмяжуюся тым, што звярнуся з пытаннем да капітана Джона.
— Я вас слухаю, пане Паганель,—адказаў малады капітан.
— Ці можа шпаркі карабль за адзін месяц праплысці адлегласць ад Паўднёвай Амерыкі да Аўстраліі?
— Можа, калі ён будзе плысці ў сярэднім міль па дзвесце ў суткі.
— А гэта можа незвычайная хуткасць?
— Не. Гэта сярэдні ход. Парусныя кліперы звычайна пры спадарожным ветры ідуць куды хутчэй.
— У такім выпадку,— прадаўжаў Паганель,— дапусціце, што мора сцерла адну лічбу ў дакуменце, і замест «7 чэрвеня» чытайце «17» ці «27» чэрвеня. Тады ўсё будзе зразумелым.
— На самай справе,— сказала Элен,— ад 31 мая да 27 чэрвеня...
— Капітан Грант лёгка мог пераплысці ўвесь Ціхі акіян! — урачыста ўсклікнуў Паганель.
Усе вельмі здаволена спаткалі перамогу вучонага.
— Так, стала яснай яшчэ адна загадкавая акалічнасць! — сказаў Гленарван.— І зноў мы абавязаны гэтым Паганелю! Цяпер нам застаецца толькі дасягнуць берагоў Аўстраліі і на яе заходнім беразе знайсці сляды крушэння «Брытаніі».
— Чаму на заходнім? — запытаў маёр.— Крушэнне-ж магло адбыцца і на ўсходнім беразе.
— Ваша праўда, Мак-Набс. Сапраўды, у дакуменце няма пра гэта ніякага ўказання. Таму нам давядзецца зрабіць пошукі і на ўсходнім і на заходнім берагах у тых месцах, дзе яны перасякаюцца трыццаць сёмай паралеллю.
— Значыцца, вы не ўпэўнены ў... — пачала Мэры Грант.
— О, не, міс Мэры,— паспяшаўся спыніць дзяўчыну Джон Мангльс.— Містэр Гленарван хацеў сказаць, што нам, напэўна, давядзецца толькі некалькі пашырыць раён пошукаў. Праўда, калі капітан Грант высадзіўся на ўсходнім беразе Аўстраліі, дык ён павінен быў адразу спаткаць землякоў, якія-б безумоўна яму дапамаглі. Усё гэта ўзбярэжжа каланізавана англічанамі і даволі густа заселена.
— Правільна, капітан,— сказаў Паганель. — Я далучаюся да вашай думкі. На ўсходнім узбярэжжы — у бухце Туфольда ці ў горадзе Эдэм — Гары Грант не толькі знайшоў-бы прытулак у англійскай калоніі, але і магчымасць вярнуцца на бацькаўшчыну.
— Але, відавочна, людзі пасля крушэння не змаглі знайсці таго-ж у заходняй частцы, куды нас зараз вязе «Дункан»? — запытала Элен.
— Не,— адказаў Паганель.— Гэтая частка мацерыка пустэльная. Адтуль няма ніякіх дарог у Мельбурн ці Адэлаіду. Калі «Брытанія» разбілася аб скалы, што ідуць уздоўж гэтых берагоў, дык ёй не было адкуль чакаць дапамогі, таксама, калі-б гэта здарылася і ў дзікай Цэнтральнай Афрыцы.
— Які-ж лёс у такім выпадку чакаў майго бацьку? — запытала Мэры Грант.
— Дарагая Мэры,— адказаў Паганель. — Вы-ж не сумневаецеся, што капітан Грант пасля крушэння дабраўся да аўстралійскага мацерыка?
— Не сумняваюся, пане Паганель.
— Давайце абгаворым усе магчымасці, якія могуць быць у гэтым выпадку, тым больш, што іх нямнога—усяго тры. Або Гары Грант і яго спадарожнікі дабраліся да англійскай калоніі — гэта першая гіпотэза; або яны трапілі ў палон к тубыльцам — гэта другая; урэшце трэцяя — яны згубіліся ў бязмежных бязлюдных прасторах Аўстраліі.
Паганель змоўк і глянуў на сваіх спадарожнікаў, чакаючы ўхвалы.
— Прадаўжайце, Паганель,— сказаў Гленарван.
— З ахвотай,— адказаў Паганель.— Я адхіляю першы варыянт таму, што калі-б Гары Гранту ўдалося дабрацца да англійскай калоніі, дык ён даўно-б вярнуўся назад у свой добры горад Дёндзі, у абдымкі любімых дзяцей.
— Небарака бацька! — прашаптала Мэры.— Вось ужо два гады, як мы цябе не бачылі!
— Не перашкаджай пану Паганелю, Мэры,— сказаў Роберт,— ён скажа нам, дзе знаходзіцца бацька!
— На жаль, не, дружа! Гэта я і сам не ведаю. Я мяркую толькі, што ён знаходзіцца ў палоне ў аўстралійскіх дзікуноў ці...
Элен паспешна спыніла вучонага, каб не даць яму закончыць сказу.
— Гэтыя дзікуны не небяспечныя людзі? — запытала яна.
— Супакойцеся,— адказаў вучоны, зразумеўшы Элен.— Гэта людзі, якія стаяць на самай ніжэйшай ступені развіцця, але рахманыя і не крывяжэрныя, як іх блізкія суседзі — новазеландцы. Калі капітан Грант і яго спадарожнікі трапілі ў рукі тубыльцаў, іх жыццю не пагражае ніякая небяспека. Усе даследчыкі Аўстраліі аднадушна сцвярджаюць, што тамтэйшыя дзікуны ненавідзяць крывавыя бойкі. Часта гэтыя падарожнікі прасілі дапамогі ў дзікуноў, каб адбіць напад больш небяспечных і крывяжэрных бандаў збеглых катаржнікаў.
— Вы чуеце, што кажа Паганель? — звярнулася Элен да Мэры Грант.— Калі ваш бацька знаходзіцца ў палоне ў аўстралійцаў, мы знойдзем яго здаровым і непашкоджаным.
— А калі ён заблудзіўся ў гэтай бязлюднай краіне? — запытала Мэры, утаропіўшы позірк у Паганеля.
— Тады мы яго знойдзем! Ці-ж няпраўда, сябры?
— Вядома,— адказаў Гленарван, які ахвотна перамяніў-бы тэму гутаркі.— Але я не веру ў тое, што капітан мог заблудзіцца....
— Я таксама,— сказаў Паганель.
— Ці вялікая Аўстралія? — запытаў Роберт.
— Плошча яе роўна сямістам сямідзесяці пяці мільёнам гектараў, гэта значыць, прыкладна, чатыром пятым плошчы Еўропы.
— Ого! — сказаў маёр.
— Так, Мак-Набс, гэта праўда. Ці разумееце вы цяпер, што гэтая краіна мае права прэтэндаваць на назву кантынента?
— Вядома, Паганель.