— Я дадам, што гісторыя амаль не ведае выпадкаў, калі падарожнікі гінулі без вестак у гэтай краіне. Здаецца, застаўся невядомым лёс толькі аднаго Лейхардта. Дый то перад самым маім ад’ездам у Геаграфічнае таварыства паведамілі, што Мак-Інтры наткнуўся на яго сляды.

— Хіба не ўсе вобласці Аўстраліі даследаваны? — запытала Элен.

— Не,— адказаў Паганель.— Да гэтага яшчэ далёка. Аўстралійскі кантынент даследаваны не больш, чым, скажам, унутраныя вобласці Афрыкі, не гледзячы на тое, што, здавалася-б, не было недахопу ў смелых даследчыках: з 1606 па 1862 год амаль пяцьдзесят чалавек займаліся даследаваннем узбярэжных і ўнутраных абласцей Аўстраліі.

— Няўжо пяцьдзесят? — з выглядам поўнай недаверлівасці запытаў маёр.

— Так, Мак-Набс, не меней пяцідзесяці. Я гавару толькі пра маракоў, якія з небяспекай для жыцця вывучалі невядомыя берагі новага мацерыка, і пра падарожнікаў, якія адважыліся забрацца ў глыб яго.

— І ўсё-такі вы мяне не пераканаеце, што іх было пяцьдзесят,— адказаў маёр.

— У такім выпадку я давяду вам...— пачаў Паганель, як заўсёды падагнаны пярэчаннем.

— Давядзіце, Паганель, калі толькі хопіць сілы.

— Калі вы мне не верыце, я зараз пералічу вам пяцьдзесят імён.

— Ай, ну і вучоныя гэтыя! — спакойна сказаў маёр.— Заўсёды яны захапляюцца.

— Маёр,— прапанаваў Паганель,— ці згодны вы закласці свой карабін Пурдэй-Маора за маю падзорную трубу, якую рабіў Секрэтан?

— А чаму не, Паганель, калі гэта дасць вам карысць,— адказаў Мак-Набс.

— Вельмі добра, маёр,— крыкнуў вучоны,—вам не давядзецца больш страляць лісіц з гэтага карабіна, хіба толькі вы папросіце мяне, каб я пазычыў вам яго, што я ахвотна зраблю.

— Паганель,— спакойна адказаў маёр,— калі вам калі-небудзь трэба будзе падзорная труба, з вялікай прыемнасцю пазычу вам яе.

— Шчыра дзякую! — адказаў вучоны.— Сябры мае, вы будзеце суддзямі ў гэтай спрэчцы. Ты, Роберт, лічы ачкі!

Эдуард і Элен Гленарван, Мэры і Роберт, маёр і Джон Мангльс, зацікаўленыя тым, які будзе вынік спрэчкі, падрыхтаваліся слухаць географа. Размаўляць-жа збіраліся аб Аўстраліі, у якую іх вёз «Дункан», і кожны рад быў магчымасці даведацца пра гісторыю гэтай краіны.

Суддзі і слухачы папрасілі Паганеля, не адкладаючы, пачаць расказ.

— Мнемазіна! — з пафасам пачаў вучоны.— Багіня памяці і прамаці муз! Надай натхненне твайму вернаму і гарачаму паважальніку! — І звычайным голасам ён прадаўжаў: Дзвесце пяцьдзесят восем гадоў таму назад[50] Аўстралія яшчэ не была адкрыта. Праўда, вучоныя здагадваліся, што ў паўднёвых морах знаходзіцца вялікі мацярык: дзве карты 1550 года, якія захоўваюцца ў вашым, дарагі Гленарван, Брытанскім музеі, паказваюць, што на поўдзень ад Азіі ёсць вялікая зямля, якая называецца «Вялікай Явай партугальцаў». Але гэтыя карты, магчыма, былі складзены значна пазней, чым у 1550 годзе, таму я не спыняюся на іх і пераходжу проста да XVII стагоддзя. У 1606 годзе іспанскі мораплаўца Квірас адкрыў невядомую зямлю і назваў яе "Australia de Espiritu Santu", гэта значыць «Паўднёвая зямля святога духа». Некаторыя аўтары, між іншым, сцвярджаюць, што Квірас адкрыў групу Новагебрыдскіх астравоў, а не мацярык сучаснай Аўстраліі. Я не буду абмяркоўваць гэтага пытання. Дык залічы мне гэтага Квіраса, Роберт, і пяройдзем далей.

— Адзін,— сказаў Роберт.

— У тым-жа годзе Луіз Ваз дэ-Торэс, малодшы камандзір экспедыцыі Квіраса, прадоўжыў на поўдзень даследаванне нанова адкрытых зямель. Але слава вялікага адкрыцця належыць не яму, а галандцу Тэадорыку Гертогу, які прыстаў к заходняму берагу Аўстраліі пад дваццаць пятым градусам шыраты і даў новай зямлі імя «Эндрахт» у гонар свайго карабля. Пасля Гертога мораплаўцы ідуць адзін за адным. У 1618 годзе Ціхен адкрывае з паўночнага боку землі Арнгейма і Ван-Дымена. У 1619 годзе Жан Эдэльс даследуе заходні бераг і частцы яго надае сваё імя. У 1622 годзе Лёвен спускаецца да мыса, які называецца цяпер яго іменем. У 1627 годзе дэ-Нуітц і Віт, адзін на захадзе, другі на поўдні, дапаўняюць адкрыцці сваіх папярэднікаў. За імі ідзе капітан Карпентэр, заплываючы са сваімі суднамі ў вялікую затоку, якая называецца цяпер затокай Карпентарыя. Нарэшце ў 1642 годзе славуты мораплаўца Тасман абходзіць востраў Ван-Дымена, які ён лічыць поўвостравам, і называе яго іменем генерал-губернатара Батавіі. Але гісторыя справядліва пажадала перамяніць гэту назву на Тасманію. Такім чынам падарожнікі аб’ехалі вакол усяго аўстралійскага мацерыка і ўстанавілі, што ён акружаны водамі Індыйскага і Ціхага акіянаў. У 1665 годзе ўсяму вялізнаму паўднёваму востраву далі назву Новай Галандыі, якраз у тую эпоху, калі галандскія мораплаўцы сыходзілі са сцэны. Але востраў нядоўга насіў яго назву... Колькі я ўжо налічыў, Роберт?

— Дзесяць,— адказаў хлопчык.

Перейти на страницу:

Похожие книги