— Добра,— прадаўжаў Паганель,— пяройдзем да англічан. У 1686 годзе Вільям Дальн’е, славуты флібусц’ер[51] і пірат паўднёвых мораў, член «Берагавога брацтва», пасля цэлага раду ўсялякіх прыгод—вясёлых і сумных,— прыстаў на сваім караблі «Лебедзь» к паўночна-заходняму берагу Новай Галандыі пад 16° 50" шыраты. Ён завязаў дружбу з тубыльцамі і склаў падрабязнае апісанне іх выгляду, нораваў і звычаяў. У 1699 годзе ён зноў прышоў у тую самую затоку, дзе высадзіўся Гертог, але ўжо не як флібусц’ер, а як камандзір «Рэбука», карабля, які ўваходзіў у склад англійскага каралеўскага флота. Да гэтага часу адкрыцце Новай Галандыі заставалася толькі чыста геаграфічнай падзеяй і не выклікала грамадскай цікавасці. Пра каланізацыю Новай Зямлі ніхто не думаў, і на працягу трох чвэртак стагоддзя, з 1699 па 1770 год, ні адзін мораплаўца не наведаў яе. Але тут на сцэну выходзіць самы вядомы марак усіх часоў і народаў, капітан Кук, і новы кантынент пачынае хутка каланізавацца еўрапейскімі эмігрантамі. Джэмс Кук у часе сваіх падарожжаў тройчы наведваў Новую Галандыю, а ўпершыню 31 сакавіка 1770 года. Пасля ўдачнага назірання на Таіці прахаджэння Венеры праз сонечны дыск Кук накіраваў свой маленькі карабль у заходнюю частку Ціхага акіяна. Адкрыўшы Новую Зеландыю, ён паплыў к берагам Новай Галандыі і кінуў якар у затоцы, настолькі багатай рознастайнай расліннасцю, што ён назваў яго Батанічнай затокай. Гэта сучасны Батані-бей. Не буду апавядаць пра зносіны Кука з тубыльцамі, якія стаяць на ніжэйшай ступені развіцця — не гэта цікавіць нас. З Батані-бея ён паплыў на поўнач і пад 16° шыраты, недалёка ад мыса Скорбі, яго судно «Папытка» наскочыла на каралавы рыф у трыццаці кілометрах ад берагу. Хвалі немінуча павінны былі разбіць караблы Але Кук загадаў выкінуць за борт гарматы і ўсе прыпасы, і назаўтра лёгкае судно сагнала з рыфаў прылівам. Калі яно не патанула адразу, дык толькі дзякуючы таму, што ў прабоіну ўшчаміўся абломак каралавага рыфа і не прапускаў вады. Куку ўдалося давесці судно да берагу і паставіць яго ў спакойную бухту. На працягу тых трох месяцаў, якія патрэбны былі для рамонту прабоіны, англічане прабавалі пачаць перагаворы з тубыльцамі, але без поспеху. Адрамантаваўшы прабоіну, «Папытка» паплыла далей на поўнач. Кук хацеў даведацца, ці ёсць між Новай Гвінеяй і Новай Галандыяй праліў. Пасля шматлікіх прыгод, у часе якіх адважным мораплаўцам дваццаць разоў пагражала пагібель, ён убачыў на паўднёвым захадзе шырокую прастору акіяна: праліў быў! «Папытка» праплыла па ім. Кук прыстаў да маленькага астраўка і, аб’явіўшы ўсе адкрытыя ім землі англійскай тэрыторыяй, даў ім тыповую англійскую назву: Новы Паўднёвы Уэльс. Праз тры гады адважны марак камандаваў ужо экспедыцыяй з двух суднаў — «Прыгода» і «Рашэнне»; па яго загаду, капітан Фюрно на «Прыгодзе» накіраваўся даследаваць зямлю Ван-Дымена і, вярнуўшыся, выказаў меркаванне, што гэта частка Новай Галандыі. Толькі ў 1777 годзе, у часе свайго трэцяга падарожжа, Кук сам наведаў зямлю Ван-Дымена на караблях «Рашэнне» і «Адкрыццё». Адтуль ён паплыў на Сандвічавы астравы, дзе яго падпільноўвала лютая смерць.
— Гэта быў вялікі чалавек,— сказаў Гленарван.
— Найвялікшы з усіх мораплаўцаў на зямлі! Бенкс, адзін з яго спадарожнікаў, выказаў англійскаму ўраду думку заснаваць калонію ў Батані-беі. Пасля яго к новаму мацерыку рушылі маракі ўсіх краін. У апошнім атрыманым ад Лаперуза пісьме, пасланым з Батані-бея 7 лютага 1787 года, няшчасны даследчык паведамляе аб сваім намеру наведаць затоку Карпентарыя і ўсё ўзбярэжжа Новай Галандыі да самай зямлі Ван-Дымена. Лаперуз выканаў свой план і не вярнуўся назад. У 1788 годзе капітан Філіп засноўвае ў Порт-Джэксоне першую англійскую калонію. У 1791 годзе Ванкувер публікуе апісанне паўднёвых бёрагоў новага мацерыка. У 1792 годзе д’Антркасто, пасланы на пошукі Лаперуза, робіць падарожжа вакол Новай Галандыі і адкрывае па шляху рад новых астравоў. У 1795 і 1797 гадах двое маладых людзей, Фліндэрс і Бас, мужна даследуюць паўднёвы бераг на чаўне даўжынёю ў восем футаў. У 1797 годзе той самы Бас праходзіць між зямлёй Ван-Дымена і Новай Галандыяй пралівам, які носіць цяпер яго імя. У тым самым годзе Фланмінг, адкрыўшы Амстердамскія астравы, адкрыў на ўсходнім узбярэжжы раку Сван-Рывер, дзе гадаваліся выдатныя чорныя лебедзі. Што да Фліндэрса, дык у 1801 годзе ён аднавіў свае цікавыя даследаванні і пад 138° 58" даўгаты і 35° 40" шыраты сустрэўся ў бухце Спаткання з «Географам» і «Натуралістам», двума французскімі караблямі, якімі камандавалі капітаны Бодэн і Гамелен.
— Ага, капітан Бодэн! — сказаў маёр.
— Так. Чаму гэта вас здзівіла, маёр? — запытаў Паганель.
— Нічога. Прадаўжайце, дарагі Паганель. Я слухаю вас з неаслабнай увагай!
— Прадаўжаю. Да гэтых імён трэба яшчэ дадаць капітана Кінга, які з 1817 па 1822 год даследаваў субтрапічныя зоны Новай Галандыі.
— Ужо дваццаць чатыры імёны,— заўважыў Роберт.
— Вельмі добра,— сказаў Паганель.— Палова маёрскага карабіна ўжо мая. Цяпер я разлічыўся з маракамі і пераходжу да сухаземных даследчыкаў.