— Брава, Паганель! — усклікнула Элен.— У вас дзівосная памяць!

— Гэта асабліва нечакана,— дадаў Гленарван,— у такога...

— Няўважлівага чалавека хочаце вы сказаць?—перабіў яго Паганель.— Ого, у мяне памяць захоўвае толькі даты і факты.

— Дваццаць чатыры! — паўтарыў Роберт.— Прадаўжайце, пане Паганель.

— Добра. Дваццаць пятым быў лейтэнант Даус. Гэта было ў 1789 годзе, праз год пасля заснавання калоніі ў Порт-Джэксоне. Ужо адбылося плаванне вакол новага мацерыка, але ніхто не мог сказаць, што знаходзілася ў сярэдзіне яго. Доўгі ланцуг гор, паралельны ўсходняму ўзбярэжжу, здавалася, забараняў заходзіць у глыб мацерыка. Лейтэнант Даус, пасля дзевяці дзён беспаспяховых спроб знайсці праход цераз горы, вымушан быў вярнуцца ў Порт-Джэксон. У тым-жа годзе і таксама без поспеху спрабаваў гэта зрабіць капітан Тэнч. Гэтыя дзве няўдачы адштурхнулі іншых даследчыкаў ад гэтай цяжкай задачы. Толькі праз тры гады, у 1792 годзе, палкоўнік Патэрсон, смелы даследчык Цэнтральнай Афрыкі, адважыўся паўтарыць спробу, але і яго таксама чакала тут няўдача. Затое ў наступным годзе звычайны боцман англійскага флота, Гаукінс, зайшоў у глыб краіны на дваццаць міль далей, чым усе яго папярэднікі. На працягу наступных восемнаццаці гадоў былі толькі дзве новыя спробы зрабіць гэтае геройства — ужо вядомага Баса і інжынера Барэлье. Аднак і яны кончыліся няўдачай. Нарэшце ў 1813 годзе праход быў знойдзены на захадзе ад Сіднея. Губернатар Макары скарыстаў яго ў 1815 годзе і заснаваў горад Батхорст па той бок Блакітных гор. З гэтага часу азнаямленне з новым мацерыком ідзе шпаркімі тэмпамі. Гросбі, Окслей, якія забраліся на трыста міль у глыб краіны, Говель і Гун, якія накіраваліся якраз з бухты Туфольда, дзе праходзіць трыццаць сёмая паралель, і капітан Штурт, які даследаваў у 1829 годзе плынь рэк Дарлінг і Мёрэй,— уся гэтая плеяда даследчыкаў узбагаціла геаграфію новымі звесткамі і дапамагла росквіту калоніі.

— Трыццаць шэсць! — сказаў Роберт.

— Надзвычайна,— адказаў Паганель.— Я выйграю заклад! Напомню пра Эйра і Лейхардта, якія вандравалі там у 1840 і 1841 гадах; пра Штурта, які ў другі раз наведаў Аўстралію ў 1845 годзе; пра братоў Грэгоры і Гельпмана, якія падарожнічалі па Заходняй Аўстраліі ў 1846 годзе; пра Кенедзі, даследчыка ракі Вікторыі ў Паўночнай Аўстраліі ў 1848 годзе; пра падарожжа Грэгоры ў 1852 годзе, Аусціна ў 1854 годзе; зноў братоў Грэгоры з 1855 па 1858 год на паўночным захадзе мацерыка; пра Бебеджа, які прайшоў ад возера Торэса да возера Эйра, і ўрэшце пра ўслаўленага ў аўстралійскіх летапісах Сцюарта, які тройчы адважна перайшоў кантынент. Яго першая экспедыцыя ў глыб краіны была здзейснена ў 1860 годзе. Пазней, калі пажадаеце, я раскажу, вам, як Аўстралія чатыры разы была перасечана з поўдня на поўнач, а зараз абмяжуюся тым, што закончу гэты доўгі пералік імёнамі смелых барацьбітоў за навуку — братоў Дэмістэр, Кларксона і Харпера, Бёрка і Уільса, Нейльсона, Уокера, Ленсборо, Мак-Кінлея, Гавіта...

— Ужо пяцьдзесят шэсць! — крыкнуў Роберт.

— Бачыце, маёр,— сказаў Паганель,— я шкадую вас, бо не ўпамінаю ні пра Дюпера, ні пра Бугенвіля, ні пра Фыц-Роя, ні пра Вінклюеме, ні пра Штока...

— Хопіць,— папрасіўся маёр, прыдушаны колькасцю імён.

— Ні пра Перу, ні пра Куайя,— прадаўжаў Паганель, не звяртаючы ўвагі на яго словы,— ні пра Бене, ні пра Кенінгема, ні пра Нечле, ні пра Т’ера...

— Пашкадуйце!

— Ні пра Дыксона, ні пра Стралецкага, ні пра Рэйда, ні пра Мітчэля...

— Спыніцеся, Паганель,— сказаў Гленарван, смеючыся ад ўсёй душы,— дайце жыць беднаму Мак-Набсу. Будзьце вялікадушным. Ён-жа прызнаў сябе пераможаным!

— А яго карабін? — урачыста сказаў вучоны.

— Ён ваш, Паганель,— спешна сказаў маёр.— Мне вельмі шкада аддаваць яго вам, але не магу не згадзіцца, што з такой памяццю, як у вас, можна выйграць не толькі карабін, але цэлы артылерыйскі музей!

— Сапраўды, немагчыма лепш ведаць гісторыю Аўстраліі,— заўважыла Элен.— Ад Паганеля не схавалася ні адно імя, ні адзін, нават найменшы, факт...

— Ого, наконт фактаў...— маёр няўпэўнена заківаў галавой.

— Як! Вы зноў за сваё, Мак-Набс? — закрычаў географ.

— Я хачу толькі сказаць, што, напэўна, вам вядомыя не ўсе падрабязнасці адкрыцця Аўстраліі,— скромна адказаў маёр.

— Не можа быць! — горда сказаў Паганель.

— А калі я вам раскажу пра невядомую вам падрабязнасць, вы аддасцё мне карабін?

— У тую-ж хвіліну, маёр!

— Па руках?

— Па руках.

— Добра. Ці ведаеце вы, Паганель, чаму Аўстралія не належыць Францыі?

— Але мне здаецца...

— Ці, праўдзівей, што гавораць пра гэта англічане?

— Не ведаю,— збянтэжана адказаў Паганель.

— Дык вось. Ведайце-ж, што Аўстралія толькі таму ні належыць Францыі, што капітан Бодэн, які, дарэчы, не быў баязліўцам, у 1802 годзе так перапалохаўся квактання аўстралійскіх жаб, што як найхутчэй падняў якар і ўцёк, каб ніколі не варочацца!

— Як! — крыкнуў вучоны.— Англічане адважваюцца сцвярджаць гэта? — Але-ж гэта абураючыя плёткі!

— Сапраўды, гэта злыя жарты,— згадзіўся маёр,— але тым не менш кожны англічанін ведае іх.

Перейти на страницу:

Похожие книги