Гленарван прышоў к пасажырам, якія не ўяўлялі сабе дакладна памераў небяспекі, але здагадваліся аб ёй. Элен і Мэры трымалі сябе таксама смела, як і іх спадарожнікі-мужчыны. Паганель шмат размаўляў на тэму аб напрамку паветраных плыняў; ён расказваў Роберту, які ўважліва слухаў яго, цікавыя дэталі аб вятрах, параўноўваючы цыклоны з тарнадо і ўраганамі. Маёр чакаў канца са спакоем фаталіста-мусульманіна.
Каля адзінаццаці гадзін раніцы 16 снежня ураган як быццам пацішэў; мокры туман апаў, і ў прасвеце Джон Мангльс убачыў у шасці мілях пад ветрам нізкі бераг. Яхта на ўсю пару імчалася проста к яму. Велізарныя валы, вышынёю да пяцідзесяці футаў, перакачваліся па моры. Джон Мангльс падумаў, што хвалі не былі-б такімі высокімі, каб не мелі апоры ад блізкага дна.
— Тут, відаць, пясчаная мель,— сказаў ён Тому Аусціну.
— І я так думаю,— адказаў памочнік.
— Кепская справа,— зноў пачаў Джон.— Калі мы не знойдзем праходу між імі, «Дункан» загінуў...
— Цяпер высокі прыліў, капітан, можа мы здолеем прайсці над мелямі?
— Што вы, Аусцін! Зірніце на гэтыя хвалі. Яны ўмомант разаб’юць нас нашчэнт, калі мы хоць на секунду затрымаемся на мелі.
Між тым «Дункан» неймаверна шпарка імчаўся к берагу пад фор-стэнгі-стакселем. Хутка ён апынуўся на адлегласці двух міль ад меляў. Клочча ўзнятага туману што секунду хавала ад вачэй зямлю. Аднак Джону Мангльсу здалося, што за лініяй пены ад прыбою знаходзіцца больш спакойны басейн. Каб «Дункану» ўдалося трапіць туды, ён быў-бы ў адноснай бяспецы.
Але як трапіць у басейн?
Джон выклікаў пасажыраў на палубу. Ён не хацеў, каб крушэнне застала іх у каюце.
Пасажыры з трывогай глядзелі на страшнае мора. Мэры Гранг збялела.
— Джон,— ціха сказаў Гленарван маладому капітану,— я пастараюся выратаваць сваю жонку ці загіну разам з ёю. Паклапаціцеся аб Мэры Грант...
— Ёсць, сэр,— адказаў той, прыкладаючы руку да казырка шапкі.
«Дункан» быў ужо ледзь на некалькі кабельтоваў ад меляў. Высокая вада прыліву, безумоўна, дазволіла-б судну прайсці над гэтым небяспечным месцам, не зачапіўшыся за яго кілем. Але бушуючыя хвалі, падымаючы судно на вялікую вышыню, а пасля кідаючы яго ў глыбокае бяздонне, немінуча павінны былі ўдарыць яго аб дно. О, каб можна было на секунду супакоіць мора!
У Джона Мангльса раптоўна ўзнікла ідэя.
— Масла! — крыкнуў ён.— Масла, хлопцы! Давайце сюды бочкі з цюленевым тлушчам!
Каманда адразу зразумела думку капітана. Ён хацеў выкарыстаць сродак, які часам дае станоўчыя вынікі: можна стрымаць ярасць хваль, выліўшы на іх пласт вадкага тлушчу; гэты пласт усплывае на паверхню і паслабляе хвалі. Тлушч сцішвае хвалі ўмомант, але дзейнасць яго кароткая. Калі карабль праходзіць па гэтай штучнай гладкай паверхні, мора вызваляецца ад яе і пачынае бушаваць з падвоенай ярасцю. Нездабраваць караблю, які асмеліцца плысці ўслед за першым![54]
Каманда, сілы якой удзесяцярыла небяспека, умомант выкаціла на палубу бочкі з цюленевым тлушчам. З іх павыбівалі дны і паднялі іх над парэнчамі бакборта і штырборта.
— Не выліваць! Чакаць маёй каманды! — крыкнуў Джон Мангльс, які чакаў зручнага моманту.
Праз дваццаць секунд яхта апынулася каля самай граніцы мелі, дзе ярасна кіпела і бурліла вада. Момант настаў.
— Лі! — крыкнуў капітан.
Бочкі ўраз перавярнулі, і ў мора паліліся струмені тлушчу. У тую-ж секунду тлушчавы пласт суняў бушуючыя хвалі, і «Дункан», праслізнуўшы па гладкай паверхні вады, увайшоў у ціхі басейн. Вызвалены ад пут акіян зароў за яго кармой у дзесяць разоў мацней.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
Мыс Бернуілі
Перш за ўсё Джон Мангльс паспяшыў спусціць абодва якары. Дно было заслана шчытна злежанай жарствой і добра трымала якары. Такім чынам судну не пагражала небяспека сарвацца з месца. Пасля столькіх ліхіх гадзін і небяспек «Дункан» урэшце знайшоў спакойны прытулак у бухтачцы, затуленай ад акіянскіх вятроў размешчанымі дугою ўзгоркамі.
Гленарван моцна паціснуў руку маладому капітану.
— Дзякую, Джон,— сказаў ён.
І Джон адчуў сябе ўзнагароджаным за ўсю работу гэтымі двума словамі. Гленарван ні слова не сказаў пра перажытую трывогу, і ні Элен, ні Мэры Грант, ні Роберт і не западозрылі, якой страшнай небяспекі яны пазбеглі.
Зараз трэба было высветліць адну вельмі важную акалічнасць: у якую мясцовасць аўстралійскага ўзбярэжжа занесла «Дункан» бура? Як далёка яна адагнала судно ад трыццаць сёмай паралелі? На якой адлегласці ад іх знаходзіцца мыс Бернуілі? Гэтыя пытанні былі пастаўлены перад Джонам Мангльсам. Скарыстаўшы сонца, якое праглянула на хвіліну, ён зрабіў назіранні і адзначыў вынік іх на карце.
Увогуле «Дункан» не вельмі ўхіліўся ад свайго шляху — ледзь на два градусы. Ён апынуўся пад 136° 12' даўгаты і 35° 07' шыраты, каля мыса Катастроф.
Гэты мыс з такой злавеснай назвай ляжыць супроць мыса Борда на выступе касы вострава Кенгуру. Між гэтымі двума мысамі знаходзіцца праліў Даследчыкаў, які вядзе к двум глыбокім затокам: на поўначы — к затоцы Спенсера, на поўдні — к затоцы св. Вінцэнта.На ўсходнім беразе апошняга знаходзіцца порт Адэлаіда, сталіца правінцыі Паўднёвая Аўстралія.