Горад Адэлаіда, заснаваны ў 1836 годзе, налічвае сорак тысяч жыхароў. Гэта багаты, зусім сучасны горад, але насельніцтва яго больш займаецца земляробствам, чым прамысловасцю. Таму ў горадзе куды больш аграномаў, чым інжынераў, і гандаль і індустрыя там не ў пашане.
Ці зможа «Дункан» адрамантаваць у Адэлаідзе пашкоджанні, атрыманыя ў часе ўрагана? Гэта цяжка было сказаць. Джон Мангльс загадаў вадалазу агледзець характар пашкоджанняў. Той далажыў, што адзін з лопасцяў вінта сагнуўся і чапляецца за ахтэр-штэвень, з-за чаго вінт не можа круціцца. Гэта была сур’ёзная аварыя, настолькі сур’ёзная, што цяжка было разлічваць на ліквідацыю яе ў Адэлаідзе.
Пасля доўгага абмеркавання Гленарван і капітан Джон прынялі наступнае рашэнне. «Дункан» пойдзе пад парусамі паўз берагі Аўстраліі, па дарозе шукаючы сляды крушэння «Брытаніі». Каля мыса Бернуілі ён зробіць прыпынак. Там, можна будзе даведацца ў мясцовых жыхароў аб усіх крушэннях, якія былі тут. Адсюль яхта пойдзе ў Мельбурн на рамонт у сухі док. Калі ўсе пашкоджанні будуць адрамантаваны, яхта зноў выйдзе ў мора і будзе прадаўжаць пошукі «Брытаніі» на ўсходнім беразе.
Гэта рашэнне было аднагалосна прынята ўсімі. Джон Мангльс вырашыў падняць якар, скарыстаўшы першы падарожны вецер. Яму не давялося доўга чакаць. Пад вечар мора зусім супакоілася, і лёгкі брыз змяніў нядаўна лютаваўшы ўраган. Яхта пачала рыхтавацца да ад’езду. Парваныя парусы замянілі новымі. А чацвертай гадзіне раніцы матросы паднялі якары, паставілі парусы, і, плаўна гойдаючыся на невялікіх хвалях, «Дункан» паплыў уздоўж берагу Аўстраліі.
Праз дзве гадзіны мыса Катастроф ужо не было відаць, і яхта апынулася на траверзе праліва Даследчыкаў. К вечару яна абышла мыс Борда і прайшла ўздоўж вострава Кенгуру, галоўнага з малых аўстралійскіх астравоў. З мора выгляд вострава быў надзвычай прыгожы. Густой зелянінай абраслі яго берагі. Безліч кенгуру вядуцца ў яго лясах.
Назаўтра Гленарван загадаў выслаць шлюпкі для агляду берагоў вострава. Ён знаходзіўся на 36° шыраты, а Гленарван не хацеў пакінуць недаследаваным ні аднаго шматка зямлі між 36° і 38° шыраты.
Удзень 18 снежня «Дункан», плывучы пад усімі парусамі, як сапраўдны паруснік, прайшоў паблізу берагоў бухты Спаткання.
Сюды трапіў у 1828 годзе падарожнік Штурт пасля адкрыцця Мёрэя, самай вялікай ракі ў Паўднёвай Аўстраліі. Але берагі гэтай бухты нічым не нагадвалі заросшыя буйнай расліннасцю берагі вострава Кенгуру. Тут, наадварот, усё было голае, пустое, шэрае. Тут адчувалася ўжо беднасць прыпалярнай вобласці.
У часе гэтага плавання цяжкая работа прыпала на долю шлюпак «Дункана». Але маракі не скардзіліся. Амаль заўсёды ў паездках уздоўж берагу ўдзельнічалі Гленарван, яго неадлучны сябра Паганель і Роберт. Яны хацелі асабіста ўдзельнічаць у пошуках слядоў крушэння «Брытаніі». Але, не гледзячы на самыя старанныя пошукі, нічога не ўдалося знайсці. Берагі Аўстраліі былі такімі-ж нямымі, як ўзбярэжжа Патагоніі. Аднак падарожнікі не прыходзілі ў роспач, бо яны яшчэ не дайшлі да таго месца, дакладна вызначанага ў дакуменце. Гэтыя-ж пошукі рабіліся, каб супакоіць сумленне, каб потым не было за што дакараць сябе. Ноччу «Дункан» станавіўся на якар ці лажыўся ў дрэйф так, каб па магчымасці не адыходзіць ад таго месца, дзе яго заставаў змрок, а раніцой узбярэжжа старанна аглядалася.
Пасоўваючыся такім чынам пакрысе наперад, яхта толькі 20 снежня даплыла да мыса Бернуілі, не заўважыўшы па дарозе ніякіх прымет крушэння «Брытаніі». Між іншым, беспаспяховасць пошукаў крушэння абсалютна нічога не даказвала. З часу крушэння мінула больш двух гадоў, і мора магло знішчыць усякія сляды катастрофы трохмачтавага карабля, нават калі ён грунтоўна сядзеў спачатку на рыфах. Урэшце і тубыльцы, якія чуюць крушэнні таксама, як каршуны здалёк чуюць падлу, маглі забраць усе астаткі яго, нават самыя маленькія. Што датычыцца Гары Гранта і двух яго спадарожнікаў, дык іх, несумненна, забралі ў палон у той момант, калі яны выбраліся на бераг, і пасля былі адведзены ў глыб краіны.
Аднак гэта меркаванне брала пад сумненне адну з разумнейшых гіпотэз Жака Паганеля. Пакуль гутарылі пра аргентынскую тэрыторыю, вучоны меў права сцвярджаць, што шырата, паказаная ў дакуменце, датычыць не месца крушэння, а месца сталага жыцця палонных. І сапраўды, вялікія рэкі, якія цякуць у пампасах, і іх шматлікія прытокі дазвалялі дзе хочаш кінуць бутэльку з дакументамі, у разліку на тое, што плынь занясе яе ў мора. Між тым у гэтай частцы Аўстраліі рэк, якія цякуць паблізу трыццаць сёмай паралелі, вельмі мала; апрача таго ў Амерыцы Рыо-Каларадо і Рыо-Негро цякуць у акіян па бязлюдных прэрыях, далёка ад людскіх паселішчаў. Тут-жа галоўныя рэкі Аўстраліі — Мёрэй, Яра, Торэнс, Дарлінг — або ўліваюцца адна ў адну, або ўпадаюць у акіян праз вусці, дзе размясціліся ажыўленыя гандлёвыя парты з мноствам караблёў.
Цяжка было ўявіць, што крохкая бутэлька магла бесперашкодна праплысці па гэтай вадзе, якую барозняць сотні суднаў, і папасці ў Індыйскі акіян.