Да гэтага часу немагчыма дакладна вызначыць, ці выклікана яго дзейнасць паталагічным альтруізмам або знішчальнай прагаю грошай. Перш чым збіраць італьянца назад па частках, як Франкенштэйна, і лячыць ад загадкавай хваробы, прыкладаюцца намаганні высветліць сапраўдную хваробу, інакш застаецца пагроза далейшай донарскай дзейнасці. На дадзены момант Сальені, а дакладней кажучы, тое, што ад яго засталося, знаходзіцца ў суседнім з Гвата пакоі.
Нарэшце, шостым быў Жыль Арто, пацыент, з якім меўся працаваць Андрэй. Арто – французскі пісьменнік ды мастак – быў дастаўлены сюды досыць нядаўна. Ён быў хворы на нястрыманы рост эга. Аб’ём эга стаў перавышаць аб’ём цела. У рэшце рэшт яно прарвало скуру ды пачало пралiвацца вонкi. У клiнiцы яму выпампавалi лiшак эга, зашылi скуру i прымацавалi адмысловыя трубачкi, якiя б дапамагалi яму падчас прыступаў эгазлiцця.
Ніхто з яго бацькоў ці бліжэйшых продкаў не быў знакамітым, вядомым, але некаторыя з іх пражылі сапраўды цікавае жыццё, вартае кнігі, якая б абавязкова стала бэстсэлерам, насычанае вялікай колькасцю падзей і паваротаў на трыста шэсцьдзесят градусаў, са сваімі падзеннямі ды ўзлётамі. Арто часцяком грашыў тым, што ва ўласныя мастацкія творы ўключаў рэальныя падзеі з жыцця сваіх сваякоў.
Брат прадзеда Жыля – Андрэ Арто – удзельнічаў у Вайне за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Вялікабрытаніі. У юнацтве, падчас вучобы, ён пазнаёміўся з маладым шляхетным хлопцам з Рэчы Паспалітай – Тадэвушам Касцюшкам. Іх погляды былі падобныя, і яны адразу ж пасябравалі. Пасля вучобы Касцюшка вярнуўся служыць айчыне, але праз некаторы час напісаў, што збіраецца ў Амерыку. Ён прапанаваў Андрэ паехаць услед за ім. Доўга не думаючы той пагадзіўся. На вайне прадзед Жыля страціў руку, але, нягледзячы на гэта, усё жыццё заставаўся актыўным і лагодным чалавекам.
Яго дзед – Жак Арто – меў знаёмства з Сэн-Сімонам, і паводле сямейнай легенды нават быў членам той самай філасофскай секты, дзе ўсе дапамагалі адзін аднаму зашпільваць гузікі на спіне. Калі неўзабаве пасля рэвалюцыі яго арыштавалі, Жак паспрыяў, дзякуючы ўласным сувязям, вызваліць любімага настаўніка. Гэтаксама ж па дабрыні душэўнай, каб уберагчы ад пакарання дачку свайго даўняга знаёмага Шарлоту Кардэ, забойцу Мюрата, Жак спрабаваў арганізаваць яе ўцёкі, але план праваліўся. Калі б своечасова не паспеў забраць сям’ю ды з’ехаць за мяжу, іх абавязкова пакаралі б якабінцы.
Поль Арто – адзін з братоў бацькі – доўгі час працаваў выкладчыкам, але пасля Справы Дрэйфуса вырашыў пакінуць Францыю, каб адправіцца ў вялікае падарожжа. Першым пунктам падарожжа быў Афрыканскі кантынент, асабліва доўга ён затрымаўся на Мадагаскары, затым накіраваўся ў Азію, пазней у Лацінскую Амерыку. Падарожжа доўжылася каля дзесяці гадоў. На працягу гэтага часу Поль пастаянна адпраўляў пляменніку розныя экзатычныя сувеніры з той ці іншай краіны, якую наведваў. Аднойчы, пасля двух гадоў знаходжання дзядзькі ў Чылі, плынь сувеніраў ды падарункаў спынілася. Любімы дзядзька нават не пісаў. Сям’я пачала хвалявацца: ці не здарылася чаго. Што адбывалася далей, Жыль не ведаў, але аднойчы зімовым вечарам бацькі сказалі, што дарагі дзядзька Поль памёр ад нейкай ліхаманкі і бацьку давядзецца ехаць за акіян, каб перавезці нябожчыка ў Францыю ды пахаваць. У гэты вечар Жыль плакаў, перабіраючы дзіўныя падарункі і ўяўляючы, якія прыгоды перажыў дзядзька.
У адрозненне ад прадзеда, дзядулі і дзядзькі, бацьку Жыля не цягнула на прыгоды. Яго жыццё прайшло спакойна і размерана. Доўгі час ён выкладаў у Алжыры, дзе і нарадзіўся доўгачаканы сын. Трохі пазней па прапанове сябра пераехаў з сям’ёй у Парыж, адразу ж атрымаўшы новую пасаду ў адным з каледжаў. Здавалася, што жыццё любімага дзіцяці будзе такім жа простым. Так яно і атрымлівалася доўгі час, пакуль Жыль не вырас ды не стаў сапраўдным мужчынам.
Андрэя ахапіў жах ад таго, што распавёў Штомпка. Хлопец ледзь стрымаўся, каб не выбегчы з кабінету. Было вусцішна, нават брыдка. Не толькі ад такіх пацыентаў, але ад гэтага месца, ад тых, хто тут працаваў. Цяпер яны самі выглядалі вар’ятамі. Палац страціў прывабнасць, аказаўся прытулкам сусветнага зла. Але перш за ўсё ў душы Андрэя пасяліўся страх. Хто ведае, што ў гэтых людзей на розуме. Зборышча маньякаў, для якіх і нармальнае падасца дэвіяцыяй або хваробай. Што, калі камусьці прыйдзе ў галаву, нібыта ён сам не зусім здаровы. Што тады? У гэтай глушы яго ніколі ніхто не знойдзе.
Андрэй бег з усіх сіл спачатку па сцяжынках Мікушэва, а затым па полі, за якім віднеўся лес. З нагі зляцеў чаравік, але падабраць яго не было часу. Лепш сцерці пяты ў кроў, чым патрапіць у пашчы гэтых звяроў. Нібыта ў сне, рабіў спробы рухацца хутчэй, але нешта нябачнае перашкаджала, як гэта бывае, калі бяжыш у вадзе. Сілы сканчаліся, сэрца калацілася і не ставала паветра, а так блізка за спінай яшчэ віднелася месца, ад якога трэба было схавацца.