Ад стомы ды болю ногі падкошваліся. Андрэй спатыкнуўся аб вялікі камень, схаваны ў траве, і, перакуліўшыся, паваліўся. Струменьчык крыві выступіў на пальцы нагі. Чым большала чырвоная дарожка, тым слабейшым станавіўся страх. Толькі цяпер, лежачы на зямлі, як маленькае, ні на што не здольнае дзіця, пачаў усведамляць, што яго ўсё ж палохае не клініка і яе пацыенты, а думка, што ад яго патрабуюць пасябраваць з хворымі. Навошта? Што за вычварэнства? Злосць на доктара Штомпку не сціхала. «Збачэнец! Ён зусім вар’ят! Што за ідыёцкія метады?! Яго самога трэба лячыць», – не мог супакоіцца Андрэй.
Паступова ён супакоіўся. Думаў без эмоцый, больш лагічна і аб’ектыўна. Андрэй па-іншаму паглядзеў на сваё становішча. Магчыма, пацыенты – такія ж людзі, як і тыя, хто мае праблемы са зрокам, у якіх грып або астма. Сярод яго знаёмых нямала тых, хто мае праблемы са здароўем, але да іх у яго не было негатыўных эмоцый. Акрамя таго, ён не меў на гэта права як спецыяліст. Бо што, калі ад гэтых адзінокіх, усімі адрынутых людзей адвярнуцца тыя, хто абавязаны ім дапамагчы. Сама сутнасць псіхіятрыі заключацца ў дапамозе, а не ізаляцыі. І адзінае, што цяпер можа ім дапамагчы, напэўна, сяброўства і разуменне.
Можа, гэта не горшыя, як падавалася, а лепшыя людзі. Людзі, якія не змаглі змірыцца з адзінотай і, як большасць вакол, замкнуцца ў шкарлупіне абыякавасці ды бяздушнасці. Са здзіўленнем заўважыў, як пачуццё азлобленасці ды агіды змянілася на захапленне і павагу да Уладзіслава Штомпкі. Зрабілася сорамна за самога сябе.
Колькі прайшло часу, ён не ведаў. Магчыма, дзве або тры гадзіны. Час вяртацца. Па дарозе спрабаваў знайсці згублены чаравік, але трава была настолькі высокая, што задача аказалася практычна невыканальнай. Толькі праз паўгадзіны ён падышоў да палаца. На ганку хтосьці стаяў. Нельга, каб яго пабачылі ў такім стане, да таго ж, лёгка было здагадацца, што ён спалохаўся. Зноў падступіла пачуццё сораму. Як шпіён, ціха, хаваючыся пры кожным шолаху, здолеў дабрацца да свайго пакою, дзе можна было перавесці дых і трохі адпачыць.
― Вітаю, Андрэй!
– Добры дзень!
– Маё імя Тадэвуш. Доктар Штомпка прасіў паказаць вам клініку, правесці невялікую экскурсію. Праглядаеце справу Арто?
– Так, толькі пачаў.
– Цікавая асоба. Увогуле, як і ўсё тут. Буду ў суседняй зале, тады звяртайцеся, калі скончыце.
– Ды не, дзякуй, можна і цяпер. Дачытаю трохі пазней.
– Тады выдатна. Дарэчы, не адразу атрымалася вас знайсці, напэўна, аглядалі ваколіцы.
Пры гэтых словах Тадэвуш па-сяброўску ўсміхнуўся. Той мог бачыць у акно, як ён выбягаў і, напэўна, пра ўсё здагадаўся. А магчыма, у першы дзень знаходжання тут у яго была такая ж рэакцыя. У любым выпадку Андрэй адчуў нейкую роднасную душу. Калега быў такі ж малады і працаваў у клініцы не так даўно. Знешне чымсьці нагадваў Альгерда Францавіча ў маладосці.
– Так, вы маеце рацыю, вырашыў трохі прагуляцца, але сам палац яшчэ не паспеў агледзець.
– У такім выпадку парадак і атмасфера дадзенай установы вас здзівяць.
– Хутчэй за ўсё. Шчыра кажучы, шмат новага, і здзіўляцца даводзіцца часта.
– У мяне было штосьці падобнае. Месца сапраўды экстраардынарнае.
Палац не маленькі, аднак і не такі велізарны, як упершыню здалося. Структура паверхаў была неаднолькавай. На адным доўгі калідор аб’ядноўваў сіметрычна размешчаныя пакоі, на іншым – заблытаныя калідоры, закуткі, пакоі і залы, пляцоўкі, што вялі на вялікія балконы. На першым паверсе знаходзіўся більярдны стол. Там можна было знайсці і настольныя гульні, сярод якіх шахматы, шашкі. Як паведаміў Тадэвуш, тут часам збіраліся дактары, каб пагутарыць, перакінуцца ў карты. Сцены досыць тоўстыя, таму шумныя размовы або ўдары більярдных шароў зусім не перашкаджалі пацыентам.
Маладыя людзі вырашылі згуляць адну партыю, перад тым як працягнуць экскурсію. Перамогу атрымаў Андрэй, таму Тадэвуш, які не любіў прайграваць, угаварыў працягнуць гульню. Той быў досыць эмацыйны і нерваваўся, калі пачынаў прайграваць. Андрэй вырашыў не ўпарціцца ў імкненні да перамогі. Нічыя пакінула абодвух задаволенымі, і ў прыўзнятым настроі яны працягнулі агляд.
Пацыентаў у клініцы, як і персанал, можна было пералічыць па пальцах, таму вялікая частка пакояў пуставала. У далейшым незанятую прастору планавалі адвесці пад архіў клінікі, бібліятэку і асобныя кабінеты для дактароў. Персанал жыў на другім паверсе, а палаты пацыентаў знаходзіліся на трэцім. На першым размяшчаліся кабінеты Уладзіслава Штомпкі і яго намесніка – Базалья Франка, некалькі залаў для рабочых пасяджэнняў, кухня і дапаможныя памяшканні.
Экскурсія аказалася надзвычай цікавай. Затым выйшлі на ганак. Не заўважаючы, як бяжыць час, яны пілі каву, палілі. Незаўважна перайшлі на «ты». Здавалася, іх знаёмства доўжылася не некалькі гадзін, а як мінімум пару гадоў.
– А з кім ты тут сябруеш? – паспрабаваў пажартаваць Андрэй, але адразу ж спахапіўся, не ведаючы, як можа быць успрыняты такі гумар тут.