– Ну, сам паглядзі. Магчыма, я трохі агрубляю, але дадаізм быў рэакцыяй на сусветную вайну, якая стала кульмінацыяй крайняга рацыяналізму. Дадаізм грунтаваўся на ірацыянальнасці, не кажучы ўжо пра антыэстэтызм, ды ўяўляў сабой антымастацтва. Так? Часткова, але гэта справядліва і адносна сюррэалізму, які стаў яго лагічным працягам. Што тычыцца агульных каранёў, то я маю на ўвазе ніцшэанства. Сюррэалісты, у прыватнасці, Далі, як і некаторыя дадаісты, звярталіся да філасофіі Ніцшэ ў аспекце ірацыянальнасці. У сваю чаргу футурызм, з яго рацыянальнасцю і «вайной», гэтаксама ж меў сваім падмуркам ніцшэанства, але ў аспекце сілы ды «падштурхні слабага». Правільна?

– О-о, Андрэй, якімі ты разумнымі словамі кажаш. Давай прасцей. Мяне так рэжа гэты энцыклапедычны стыль, тым больш з тваіх вуснаў. Калі сур’ёзна, ты сам адказаў на сваё пытанне. Па-першае, гэтыя напрамкі базаваліся не толькі на ніцшэанстве. Па-другое, часта так адбываецца, што з адной філасофскай сістэмы могуць паўстаць абсалютна супрацьлеглыя светапогляды, ідэалогіі, палітычныя рэжымы і гэтак далей. Бо адбіраюцца і ў далейшым развіваюцца, як правіла, асобныя аспекты. Напрыклад, нешта падобнае было з філасофіяй Гегеля. Адны бачаць у ёй тэорыю дэмакратычнай дзяржавы, грамадзянскай супольнасці, а іншыя – тэорыю таталітарнай дзяржавы, з яе дамінаваннем грамадскага над індывідуальным.

Андрэй меў непераадольнае жаданне пазнаёміць Тадэвуша і Жыля асабіста, але, на жаль, гэта было катэгарычна забаронена правіламі клінікі. Ён нават спрабаваў абмеркаваць гэта з доктарам Штомпкам, вядома, не раскрываючы сваіх намераў, але гэта ні да чаго не прывяло. Акрамя таго, было адчуванне, што дырэктар клінікі ўсё разумеў і наўмысна перашкаджаў таму, каб трохкутнік замкнуўся. Таму адзінае, што заставалася Андрэю, – разрывацца паміж імі, спрабуючы хоць неяк злучыць аскепкі свайго маленькага свету.

Тадэвуша ён па-сяброўску называў Тадзікам, а той Андрэя – Андрэ. Гэтаксама ж яго называў і Жыль. Было прыемна чуць уласнае імя з іх вуснаў, а ў такой форме яно набывала некаторы шарм. З Тадзікам яны падоўгу шпацыравалі ў наваколлях Мікушэва, часам выпраўляліся на роварах да рэчкі, дзе купаліся і грэліся на сонцы. Як і з Жылем, у іх было мноства тэм для размоў, але малады аднагодка не хацеў замыкацца ў зносінах з Андрэем ды любіў таксама бавіць час у коле старэйшых калег. Гэта часам выклікала ў Андрэя пачуццё крыўды і нават рэўнасці. Таму бывала, што свайму сябру-пацыенту ён дэманстратыўна аддаваў значна больш часу ды ўвагі.

Часам, калі заставаўся адзін, Андрэй зайздросціў Жылю. Яго Эга было сапраўдным стрыжнем, ядром усёй асобы. Зламаць Эга значыла зламаць яго самога. Адзіная слабасць выявілася толькі ў тым, што Жыль перастаў яго кантраляваць, і тады ўжо асоба сталася ядром Эга. Дзіўна, але ён цалкам падзяляў погляды свайго сябра, яго бунтарства, крытычнасць да ўсяго, эгацэнтрычнасць і цынізм. Ён мог быць сабой. Яго не стрымлівалі ні мараль, ні забабоны, ні асуджэнне грамадства. Ён здолеў тое, чаго Андрэй не мог сабе дазволіць з-за ўнутранай слабасці. Сябе ён спрабаваў пераканаць, што прызнанне і падтрымка пацыента ў яго пазіцыі толькі перашкодзяць лячэнню. Аднак насамрэч, хоць ён сам гэтага не ўсведамляў, маладому доктару прыносіла садысцкае задавальненне ламаць такі магутны стрыжань, знішчаць тое, чым сам так хацеў, але не мог валодаць. Паміж імі існавала дзіўная сувязь.

Хоць сяброўства і выступала тут у якасці падмурка сістэмы лячэння, але ні ў кога з дактароў не мелася такіх блізкіх стасункаў з пацыентам, як у яго. У тых заўсёды заставалася пэўная мяжа. Магчыма, з гэтай прычыны Андрэю даводзілася адчуваць насцярожанасць з боку астатніх. А вось доктар Штомпка, наадварот, не хаваў празмерную сімпатыю да пачаткоўца ды яго поспехаў у лячэнні. Дасягненні былі відавочнымі. Прыступы эгазліцця знізіліся з двухтрох на дзень да двух на тыдзень, а потым і да трох на месяц. І гэта ўсяго толькі за тры з паловай месяцы. У першыя дні Андрэй, ды і не толькі ён, нават не мог уявіць, што прапанаваны метад будзе такім простым для яго і такім эфектыўным для Жыля. Той і сам пачаў верыць у сваё хуткае выздараўленне. Калі раней мастак пераважна распавядаў пра сваё мінулае, то цяпер усё часцей дзяліўся планамі на будучыню і аднойчы нават запрасіў Андрэя да сябе ў Францыю.

– Слухай, Андрэ!.. Калі я ачуняю і мяне адсюль выпусцяць, прыязджай да мяне ў госці! Пазнаёмлю цябе са сваёй жонкай і дзецьмі, яны табе спадабаюцца. А пасля пазнаёмлю са сваімі сябрамі, пісьменнікамі і мастакамі, многія з іх дастаткова вядомыя. Асабліва калі надумаеш працягваць займацца літаратурай, для цябе гэта будзе цікава і карысна. Увогуле, гэта было б вельмі добра.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже