Пра Жыля Андрэй ведаў досыць шмат. Той распавядаў пра ўласнае дзяцінства, сям’ю, прыяцеляў, пра свае дасягненні. Пасля нараджэння ў Алжыры, дзе працаваў яго бацька, сям’я вярнулася ў Парыж. Пасталеўшы, Жыль пазнаёміўся з дадаізмам. А пасля аднаго з падарожжаў у Швейцарыю сустрэўся з самім Трыстанам Тцара. Першыя спробы Жыля ў мастацтве пачаліся з папулярных тады тэхнік калажу і ready-made. Затым былі эксперыменты з аўтапісаннем. За кароткі перыяд ён стаў досыць папулярнай фігурай у свеце мастацтва. Выставы ў розных краінах Еўропы. Маніфесты сюррэалістаў. Знаёмства з Дзюшанам, Эрнстам, Брэтонам, Далі, Арагонам. Уступленне ў Камуністычную партыю Францыі. Паступова пачаў займацца і літаратурнай дзейнасцю.

Натхнення часта шукаў у падарожжах. Спачатку па Афрыцы, потым Лацінскай Амерыцы. Менавіта там Жыль напісаў свае самыя папулярныя кнігі: «Паўстанне сюррэальнага», «Сусветная анталогія левай рукі», «Энцыклапедыя Б ад А да Я», «Лабірынты», «Перпетуум мобіле экзістэнцыі» ды некаторыя іншыя. Творчая плённасць у гэты перыяд дасягала дзвюх кніг і сямі карцін на год. У іншага за ўздымам наступіў бы крызіс, дэпрэсія, пачуццё спустошанасці, але кожны чарговы твор Жыля публіка ўспрымала з яшчэ большым захапленнем. Яго хвалілі, крытыкавалі, пра яго пісалі, бралі інтэрв’ю.

У значнай ступені гэта прывяло да таго, што і так не маленькае Эга пачало павялічвацца. Ён пасварыўся з блізкімі і сябрамі, якія на пачатковых этапах спрабавалі дапамагчы, але ў выніку не вытрымлівалі. З кожным днём Жыль мяняўся, паводзіны набывалі незвычайныя праявы, нярэдка даходзячы да вар’яцтва. Прыступы эгазліцця абвастраліся, і адбываліся па некалькі разоў на дзень.

* * *

Са сваёй будучай жонкай Жыль пазнаёміўся падчас адной з шумных студэнцкіх вечарынак, якія праходзілі ў сяброў з Лацінскага квартала. У невялікую двухпакаёвую кватэрку набілася чалавек дваццаць. Усе танчылі, спявалі, гралі і пілі. Звычайна такія кампаніі збіраліся каля шасці вечара і разыходзіліся позна ўночы. Тут заўсёды можна было пазнаёміцца з новымі цікавымі людзьмі. Нават самі гаспадары рэдка ведалі ўсіх гасцей, якіх запрашалі сябры іх сяброў. Але ўжо бліжэй да ночы ўсе рабіліся добрымі прыяцелямі. Бесклапотная сяброўская атмасфера і алкаголь самі падштурхоўвалі да таго, каб кожны падурэў у гэты вечар ад душы.

Мішэль не з’яўлялася вялікай аматаркай падобных зборышчаў, ды і не вельмі любіла публічныя мерапрыемствы, таму новае знаёмства Жыля ў гэты дзень можна было лічыць шчаслівым выпадкам. Вялікую частку часу яна праводзіла дома або ў каледжы, толькі зрэдку сустракаючыся з нешматлікімі сяброўкамі. Мішэль была схільная да вузкага кола зносін. І нават у гэтай невялікай прасторы яна імкнулася захоўваць дыстанцыю. Пры гэтым назваць яе замкнёным чалавекам таксама было нельга. У некаторай ступені такія паводзіны тлумачылася хутчэй лёгкім снабізмам.

Правёўшы Мішэль дахаты, Жыль запрасіў схадзіць на наступным тыдні ў кінатэатр. Прапанова банальная, але Мішэль пагадзілася. Наступны месяц яны ўжо сустракаліся па некалькі разоў на тыдзень. Гулялі, наведвалі выставы, хадзілі ў кафэ. У галерэі і кіно Жылю даводзілася яе «выцягваць». Мішэль жа больш падабаліся спакойныя прагулкі, падчас якіх можна было проста пагутарыць. Неўзабаве яны ўжо не маглі пражыць і некалькіх дзён, каб не ўбачыць адно аднаго хаця б на некалькі хвілін. Адносіны паміж маладымі людзьмі развіваліся імкліва, і ўжо праз пяць месяцаў яны пабраліся. Паміж імі была глыбокая сувязь, але без той выбухной жарсці, аб якой пішуць у кнігах. Магчыма, уся справа ў характарах, асабліва ў характары Мішэль – непрыдатнай глебе для эмацыйных усплёскаў, але спрыяльнай дзеля спакойнага, мернага існавання.

Часта здавалася, што яна рухаецца разам з жыццёвай плынню, асабліва не спрабуючы ёй супрацьстаяць. Амбітны Жыль, які актыўна спрабаваў «боўтацца ў малацэ, каб збіць з яго масла», нярэдка здзіўляўся некаторай пасіўнасці сваёй жонкі. Ён не бачыў у ёй аднадумца, што было прычынай многіх унутраных сумненняў. Неўзабаве Жыль прызвычаіўся, пераканаўшы сябе, што яны не супярэчаць, але дапаўняюць адно аднаго. Затым нарадзіліся дзеці, і ўжо не было ані сіл, ані жадання капацца ў тонкіх спляценнях іх узаемаадносін. Ён змірыўся, і ў сям’і таксама стаў плыць па плыні, але ў астатнім усё яшчэ працягваў «збіваць масла з малака».

Ён кахаў сваю жонку, яна кахала яго. У гэтым яны асабліва пераканаліся пасля адной з моцных сварак, калі пад пагрозу стала існаванне іх шлюбу. Першыя гады сумеснага жыцця маладыя часта сварыліся, спрабуючы адстаяць уласную свабоду, а Жыль яшчэ і шырокую асабістую прастору, без якой зусім не мог, але заўсёды мірыліся, і ўсё працягвалася па-ранейшаму спакойна. Часам здавалася, што шлюб існуе ад сваркі да сваркі, але ў цэлым дома ўсё было добра, ва ўсялякім разе Жыль заўсёды так лічыў. Нават калі гэта было не так, яму неабходна было так думаць, каб аднаўляць унутраную раўнавагу.

* * *
Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже