Зіма. Быў дзень. Павольна ішоў снег. Я з сябрам шпацыраваў па парку. Калі мы дайшлі да горкі, дзе з радасным лямантам коўзаліся дзеці, я прапанаваў:

– Пайшлі каўзанемся разоў колькі. Вельмі люблю катацца з горкі.

– Ты што, з глузду з’ехаў?! Што ты як дзіцёнак.

«Не будзь дзіцёнкам», – заўсёды паўтараюць даросламу чалавеку, які паводзіць сябе альбо ўспрымае штосьці вельмі наіўна, шчыра, ці таму, у каго пачынае граць дураслівасць. А чаму б і не пабыць дзіцёнкам, што ў гэтым дрэннага? Што значыць быць дзіцёнкам? Чым дзіцёнак адрозніваецца ад дарослага?

Чаму б не пабыць дзіцёнкам, чаму не пазбавіцца гэтай, часта пустой, сур’ёзнасці. Для дзяцей не існуе забабонаў. Ім не трэба Ламбарджыні, яны не імкнуцца выглядаць модна. Дзеці не абыходзяць, і нават не абпаўзаюць чорных котак, не сочаць за гараскопам. Для іх не існуе мужчынскіх ці жаночых, годных ці нізкіх справаў.

У дзяцей няма ідэалагічных, культурных, гендэрных, расавых ці яшчэ якіх-небудзь стэрэатыпаў. Для іх няважна, які сацыяльны статус вы займаеце і хто вашыя бацькі. Дзеці ніколі не будуць настойваць, што гэта прэстыжна, а тое неперспектыўна (у іх нават няма такіх дэфініцый, таму яны аб гэтым і не думаюць, тут бы Оруэл, напэўна, толькі парадаваўся).

Яны не перагружаныя, у адрозненне ад дарослых, безліччу комплексаў, якія, нібы непатрэбныя псіхалагічныя блокі, абмяжоўваюць штодзённую дзейнасць дарослага чалавека. Дарослыя робяцца рабамі ўласных комплексаў.

Дзеці не баяцца выглядаць смешна, не імкнуцца ўсім спадабацца, яны не паводзяць сябе подла. Іх паводзіны праўдзівыя. Іх стаўленне да свету заўсёды шчырае. Яны бачаць свет так, як ён ёсць. Так бы мовіць, у першым яго варыянце, яшчэ не загружаным сацыяльнымі ды культурнымі нормамі. Нездарма кажуць: вуснамі немаўляці гаворыць ісціна.

Дзеці не паводзяцца маральна альбо амаральна. Для іх не існуе такіх катэгорый, як «дабро» і «зло». Можна сказаць, што яны знаходзяцца «з таго боку дабра і зла», проста мара для Ніцшэ.

Для іх не існуе мітусні, не існуе штодзённасці. Яны бесклапотныя. Дзяцей не турбуе пытанне, дзе ўзяць грошы ці як спланаваць заўтрашні дзень.

У дзяцей няма такой жахлівай рэчы, як пачуццё суму. Ім усё цікава. На кожным кроку яны робяць новае адкрыццё і адразу ж гэтаму радуюцца. Іх актыўнасць не дазваляе ім спыняцца. Дзеці ўвесь час актыўныя, увесь час рухаюцца, спасцігаюць. Дзіцёнак, у пэўнай меры, ідэал філосафа ці навукоўца.

Займацца некаторымі відамі спорту, кажуць, лепей пачынаць з ранняга дзяцінства. Напрыклад, гімнастыкай. Не толькі таму, што цела яшчэ гнуткае і добра расцягваецца, але і таму, што можна навучыць (закласці падмурак) такім элементам, выконваць якія даросламу чалавеку будзе замінаць боязь. Дзеці смялейшыя за дарослых. У іх няма страху, які б замінаў ім рабіць тое, што баіцца зрабіць дарослы чалавек. І гэта тычыцца не толькі спорту.

Дзеці і тыя, хто знаходзіцца перад смерцю, спрошчана кажучы, смяротнікі, адчуваюць жыццё вастрэй. Першыя – таму, што толькі з’явіліся і не паспелі засмеціць адчуванне жыцця «чалавечым, занадта чалавечым». Другія – таму, што ўжо не зважаюць на другасныя рэчы.

Што, як не смерць, прымушае дарослага чалавека вастрэй адчуць жыццё. Гэта падсвядома разумеюць экстрэмалы, якія шточасна рызыкуюць уласным жыццём. Ад іх часта можна пачуць: «Я нібы нанова нарадзіўся». Яны спрабуюць увайсці ў ролю другіх, каб наблізіцца да ролі першых. Экстрэмалы імкнуцца стаць дзецьмі і смяротнікамі адначасова. Абхапіць жыццё з двух бакоў, ад нараджэння да смерці, адчуць жыццё ва ўсёй паўнаце.

А што дарослыя, хіба яны маюць тыя перавагі, што маюць дзеці? Іх галовы ўвесь час забітыя неістотнымі рэчамі, лухтой: «цікава, Дзяніс яшчэ спаткаецца з Нінай, а як ён ставіцца да Іры», «пад гэту кашулю пасуе такі гальштук, а што апрануць заўтра», «гэты файны столік каштуе дванаццаць тысяч, калі штомесяц адкладваць па тысячы, то ў канцы года змагу яго набыць», «зноў гэтыя дэмакраты ашукваюць народ, хто ім толькі даў эфірны час», «трэба раней устаць, каб паспець набыць квіток на «Аватар» у 3D, бо потым раскупяць».

З усіх думак, што круцяцца ў галаве дарослага чалавека, напэўна, толькі адна дзясятая частка з’яўляецца сапраўды важнай. Акрамя гэтага, безліч абмежаванняў і страхаў, шаблонаў у мысленні і паводзінах перашкаджаюць даросламу ў жыцці. Перашкаджаюць яму ўспрымаць жыццё не як сродак, а як мэту.

Дзіцёнак жа – гэта чыстая форма, гэтакі ніцшэанскі звышчалавек. Ён поўніцца воляй да ўлады, воляй да жыцця, ён агрэсіўны, актыўны, ён жыве не мірам, а вайной, ён імараліст. Дзіцёнку не ўласціва individuacya, яму ў вялікай меры ўласцівы дыянісійскі пачатак. Дзіцёнак блізкі да прыроды, да іншых людзей, ён лучны з усім універсумам. У ім можна назіраць дыянісійскі лішак сілы, энергіі.

Стаць дзіцёнкам – вось сродак ад страхаў, суму, штодзённай заклапочанасці, якія тэрарызуюць дарослага чалавека. Безумоўна, я не заклікаю ўсіх адразу кінуцца на падлогу і смактаць палец на назе альбо сікаць у штонікі і крычаць «мама». Зусім не.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже