Бог, прырода, чалавек… Успамін пра гэты ўрывак навёў мяне на цікавую ідэю. А чаму зараз не рвануць куды-небудзь за горад. Не рыхтуючыся, проста ўзяць ды паехаць на цягніку хаця б у якую-небудзь вёску. Гэты горад, паскудныя людзі, вечныя тусоўкі ўжо задзяўблі. Можа быць, калісьці, калі я стану знакамітым і ў мяне будзе шмат грошай, куплю сабе дом каля рэчкі і буду там працаваць. Як гэта файна ― жыць толькі творчасцю і не клапаціцца пра грошы.
Хаця, якая там знакамітасць з ілюстратара. Аж смешна стала, калі я ўявіў, што аднойчы ілюстратары, як сёння акторы ды спевакі, стануць сілебрыці. Дзеці будуць у іх пераймаць, будуць клеіцца мадэльныя цёлкі, усе будуць браць аўтографы. Лухта. Калі б я яшчэ жыў гэтак у 20–30-х гадах дваццатага стагоддзя і тусаваўся з дадаістамі ці сюррэалістамі, тады, можа, што і атрымалася б, а так…
«Дзверы зачыняюцца. Наступная станцыя Нарцысава». Расплюшчваю вочы. Люблю ездзіць на цягніку, але зараз тут неяк вусцішна. Вусцішна, як гэта бывае, калі за вокнамі цёмна і ў вагоне ўключылі святло, мала людзей, дый тыя не зусім адэкватныя. У вагоне, акрамя мяне, чалавек пяць: бабулька з торбамі, спяць два сінюгі, студэнт слухае плэер, мужык гадоў сарака пяці штосьці чытае.
Гляджу на гадзіннік. Праспаў дзесьці тры гадзіны. Куды еду, не ведаю. Не ведаю, на якой станцыі буду выходзіць. Не ведаю, дзе буду сёння спаць. Не ведаю, што буду есці, калі захочацца. Дзіўнае адчуванне. Ужо тысячу разоў пашкадаваў, што выправіўся ў гэтую авантуру. Адзінае, што суцяшае, дык гэта рэшткі гашыка, пачак цыгарэт, бутэлька марціні і бутэлька піва (праўда, цяжка вырашыць, з чаго пачынаць буду).
Праехаў яшчэ тры прыпынкі, адышоў ад сну. Падступае бадзёрасць і мінімальны аптымізм. Выходжу на наступным прыпынку. Акрамя мяне выйшаў толькі адзін мужык, дый той адразу кудысьці знік. Цягнік павёз пасажыраў у светлую будучыню, а я застаўся адзін паміж мінулым і будучым, стаю чорт ведае дзе, нічога не бачна. Аптымізм і бадзёрасць – як рукой. Недзе далёка відаць ліхтары. Праз чыгунку невялікі вакзал. Стаіць невыносны брэх сабак.
Заходжу ў будынак вакзала. Нікога няма, касірка спіць. Вырашыў, што гэтай ноччу тут будзе мой дом родны. Цягнікі больш не ходзяць. Стромна, канечне, але іншага выйсця няма. А пакуль… няблага дзе-небудзь прагуляцца.
Вясковая вуліца, ліхтары, брэх сабак. Не відно ніводнага чалавека. Адчуванне, што з кожнай брамкі на цябе можа накінуцца патэнцыйны маньяк з бензапілой, а то і кампанія зомбі. Атмасфера хорара. Дзіўна, чаму хорары не здымаюць у вёсках, гэта было б значна больш рэалістычна. Колькі ў навінах пра п’яных камбайнёраў, якія то прыстрэляць свайго суседа, то зарэжуць жонку з нейкім мужыком. Ды ў вёсцы ноччу наўрад ці дзе-небудзь уратуешся. Іншая справа горад. Толькі алкаголь дапамагае неяк супрацьстаяць жахлівай атмасферы гэтай вёскі.
Трэба заўтра раней прачнуцца, каб гэтыя зомбі-камбайнёры ў мяне чаго-небудзь не стыбзілі. Вярнуўся на вакзал. Тут так сама ж пуста, як і было. Заняў сабе тры самыя ўтульныя месцы, каля сценкі. Сяджу, дапіваю марціні, палю цыгарэту за цыгарэтай. У горадзе б ужо даўно запікала якая-небудзь фігня, або мент падышоў бы. Вось яна, сапраўдная вольнасць.
Хтосьці штурхае ў плячо. Блін, гэта касірка. Паскудная баба, я дык ёй не перашкаджаў спаць. Чаго прычапілася? Даказаць, што я адэкватны чалавек і проста чакаю цягнік, не атрымалася ў 5:30 раніцы. Вінаватая нават не раніца, і не мая фрызура-аэрадром. Перагар выдаў мяне. Нейкае паскуднае адчуванне, і ў роце, як гэта бывае, вельмі непрыемны смак: мікс алкаголю і цыгарэт. Кожную такую раніцу кажу сабе (і насамрэч у гэта шчыра веру): больш не буду ні піць, ні паліць. Ну, можа, толькі па святах. Увесь дзень так і атрымліваецца, а потым…
Выйшаў з вакзала, іду па вёсцы і напяваю: «Некрасива, некрасива. Быть как жопа пилигрима…». Песня пра мяне, я зараз рэальна як дупа выглядаю. Да таго ж, ад мяне яшчэ і смярдзіць. Трэба хаця б вады якой папіць. У горадзе я б яшчэ доўга чакаў, каб набыць мінералачку, а тут падышоў да студні ў любы час дня і ночы, ды пі, пакуль не палезе. Каля студні стаіць чыйсьці ровар. Даўно ўжо не катаўся.
Сонечны дзень. Цёпла, але не спякотна. Дзьме лёгкі вецер. Стаю пасярэдзіне вясковай дарогі. Навокал толькі поле. На небе вялікія аблокі, проста гіганцкія. Аблокі ад гарызонта да гарызонта. У горадзе такога не ўбачыш. Гіганцкія аблокі памерам з вёску. Такое адчуванне, што неба з аблокамі накрывае вялікім купалам усё, што ты бачыш навокал. Вялікі лес спераду, дарога, я, усё ў параўнанні з гэтымі гіганцкімі аблокамі такое нязначнае. Але не нікчэмнае. Неба зліваецца з зямлёй і надае ёй штосьці асаблівае. Неба і зямля злітыя ў нейкай гармоніі. Але вялікія аблокі прымушаюць неба па-добраму дамінаваць. Вельмі шмат аблокаў, некаторыя зліваюцца. Ёсць маленькія, а ёсць такія вялікія, што іх немагчыма разглядзець, не павярнуўшы галавы.