Пасля такога варта і прагуляцца. На вуліцы надта шумна. Ад гэтага гарадскога гулу аж гідка становіцца. Нядаўна запісаў пяты камерны канцэрт цішыні. Якасць не вельмі добрая, але мне падабаецца, і так няблага. Надзеў слухаўкі і ўключыў запіс канцэрту. Праз слухаўкі ўсё роўна прарываюцца гукі гораду. Уключаю плэер на ўсю.
Стала лягчэй. Не адчуваецца ніякай мітусні, усё пофіг. Вакол бегаюць людзі. Хтосьці з вучобы, хтосьці з працы. Усе стомленыя, панурыя. Горад ужо выглядае не тым жахлівым братам Левіяфана, а смешнай замалёўкай з нямога кіно. Можа, схадзіць на вакзал. Тады ўвогуле будзе адчуванне, што я адзін з Люм’ераў. Хаця вакзал – гэта неяк дробненька. З маім гашам можна і на Месяц выправіцца, як Мільес.
Ніякіх фантастычных ідэй яшчэ не ўзнікла, акрамя Буды з вялікім чэлесам ды вушамі Мікі Маўса, але гэта дзёўбаны плагіят, а мае кінафантазіі схілілі схадзіць на якую-небудзь рэтраспектыву. Але адзінае, што зараз атрымалася знайсці ― «Сымонпустэльнік» Бунюэля. Што за дзень, спачатку Майкл Джэксан на крыжы, потым фанацік на слупе. Успомніўся ўрывак з адной філасофска-рэлігійнай кнігі, якую я калісьці чытаў:
«Калі мы кажам пра жыццё чалавека, то яно не мае нейкага метафізічнага сэнсу. Чалавек сам укладае сэнс у сваё жыццё. Чалавечае існаванне папярэднічае яго існасці. Чалавек не нараджаецца смелым ці баязлівым, хітрым ці шчырым. Чалавек ― гэта яго ўчынкі. Смелы можа стаць баязліўцам, а баязлівец смелым, бо чалавек не мае існасці, якая б папярэднічала яго нараджэнню, ён не мае прыроды. Немагчыма казаць, што чалавек па прыродзе такі або іншы. У яго няма вызначанай прыроды.
Чалавек сам сябе стварае. Чалавека можна ацэньваць па тым, якім сэнсам ён надзяляе тыя ці іншыя рэчы, які сэнс ён укладае ў свае дзеянні. Такім чынам, можна казаць пра свабоду чалавека, якая магчымая дзякуючы розуму. Пра свабоду, пра сэнсы, пра жыццё, якія існуюць тут і зараз, пакуль чалавек жыве. Смерць кладзе канец жыццю канкрэтнага чалавека, сэнсу яго існавання. Сэнс свайго існавання вызначае сам чалавек, і гэты сэнс знікае са смерцю чалавека. Зыходзячы з гэтага, нельга казаць аб тым, што чалавек падпарадкоўваецца Богу. Чалавек – адзіная істота, якая не падпарадкоўваецца Богу. Аб гэтым мы яшчэ будзем казаць далей.
Жывёла, напрыклад, у адрозненне ад чалавека, не можа сама вызначаць сэнс уласнага жыцця, не можа ўкладаць сэнс у свае дзеянні. Жывёла не свабодная, бо не можа, як мы казалі, асэнсоўваць уласныя дзеянні, уласнае жыццё, а кіруецца аднымі толькі інстынктамі. Яна не свабодная, бо не мае розуму. Хто, калі не жывёла, вызначае сэнс яе жыцця? Бог! Жывёлы, прырода, усё, акрамя чалавека, падпарадкавана Богу.
Розум дапамог чалавеку вызваліцца з-пад улады Бога. Бог стварыў гэты свет без чалавека, і ўсё было падпарадкавана Богу. Але з нейкай прычыны, яшчэ не вядомай нам, псіхафізічныя характарыстыкі аднаго з відаў жывёл, а менавіта малпы, пачалі змяняцца. Верагодна, гэта быў адзіны момант, калі Бог пралічыўся і стала магчымым узнікненне розуму. То бок, яшчэ кагосьці акрамя Бога, хто валодае розумам. Менавіта розум дае магчымасць мець уладу. Калі адзін толькі Бог меў розум, то толькі ён і меў уладу.
Але з развіццём малпы, змяненнем фізічных ды псіхічных асаблівасцей, у малпы пачынаў развівацца розум. Менавіта ўзнікненне і развіццё ў малпы розуму зрабіла з малпы чалавека і вызваліла з-пад улады Бога. Мала таго, што чалавек стаў істотай, якая не падпарадкоўваецца ўладзе Бога, да таго ж чалавек як той, хто валодае розумам, пачаў прэтэндаваць на ўладу над прыродай. Пачалася барацьба паміж Богам і чалавекам.
Бог не мае над чалавекам улады, таму і не можа нічога яму зрабіць непасрэдна. Але ён можа кіраваць прыродай. Ён кіруе прыроднымі катаклізмамі, якія могуць забіць чалавека. У гэтай барацьбе Бог можа альбо знішчыць усіх людзей, або прымусіць іх падпарадкавацца. Маланка, засуха і, як вынік, голад, вывяржэнне вулканаў, паводкі, тарнада ды яшчэ шмат іншых спосабаў знішчыць чалавека. Але Бог не пажадаў знішчаць чалавецтва, бо гэта было б толькі прызнаннем уласнай слабасці, прызнаннем таго, што Бог не ўсемагутны.
Тады Бог толькі час ад часу караў людзей, а каб змусіць іх падпарадкавацца, ён падсылаў людзям у розныя часы прарокаў. Заратустра і Буда, Хрыстос і Алах, ды яшчэ шмат іншых служак Бога спрабавалі пераканаць людзей падпарадкавацца праз запалохванне рознымі гісторыямі, а таксама з дапамогай цудаў».
У гэтай кнізе было яшчэ шмат рознай лухты, але я не памятаю, што канкрэтна. Памятаю толькі, што аўтар у канцы кнігі прыйшоў да высновы, нібыта чалавек павінен падпарадкавацца Богу, а інакш рана ці позна чалавецтва будзе знішчана.