Cпераду вялікія, сонечныя, белыя, часам шэрыя, правей ― цёмныя, сумныя ў прадчуванні дажджу. З другога боку аблокі паменш, але іх вельмі шмат і яны зліваюцца ў адно, ствараючы пейзаж гор на беразе акіяна. Іх формы розныя, абсалютна розныя, проста фантастычныя. Здаецца, што гэта цвёрдая матэрыя. Іх колеры мяняюцца ад белага да сіняга, шэрага і нават чорнага. Усё гэта суіснуе ў дзівоснай, немагчымай гармоніі. Гэтыя аблокі спараджаюць складаныя сюррэалістычныя пейзажы. Гульня святла, колераў, формаў проста захапляе.
Разганяюся на ровары і гляджу ў неба. Аблокі з усіх бакоў ляцяць на цябе. Адчуванне, нібыта сюррэальнае агортвае цябе цалкам.
Увесь дзень ганяю на чужым ровары. Радуюся як дзіцёнак. Купаюся ў возеры. Грэюся на сонейку. Вакол прырода і нікога, акрамя мяне. У мяне натхнёны настрой, але не такі, як звычайна. У такім настроі я б ніколі не намаляваў штосьці цынічнае, фанабэрыстае, бруднае. І зараз гэта хутчэй мінус, чым плюс. Заўтра ў рэдакцыю здаваць працы, а ў мяне такі настрой. Што я намалюю?! Аблокі, лес, возера?! За такія ружовыя соплі мне наўрад ці заплацяць у рэдакцыі.
У мяне пачынаецца паніка. Не таму, што засталося мала часу на працу, а таму, што мне патрэбны іншы настрой. Трэба кідаць гэты ровар нахер, закідвацца бухлом ды траўкай, і спадзявацца, што прыйдзе нармальнае натхненне.
Дзiцячы манiфест (1849 год, Лондан)
Дарагія таварышы Дзеці! Дарослыя нам хлусяць, прыгнятаюць, прымушаюць. Так жыць больш нельга. Мы мусім выступіць адзіным фронтам і скінуць свае рабскія кайданы. Для дарослых Дзіцёнак ― гэта бяспраўны раб. Ад самага нараджэння з нас робяць ні на што не здольных лялек, не маючых ні голасу, ні правоў, ні самастойнасці. Нас апранаюць, як дзявочых лялек. У розныя там банцікі ружовыя, карункішмарункі і да т. п.
Вы верыце ў Дзеда Мароза, Санта Клаўса, Елоў Пукі і г.д. у залежнасці ад нацыі, але гэта ідалы, ілюзіі, якія нам навязалі праз сродкі масавай інфармацыі дарослыя, каб кіраваць намі. Трэба весці сябе так і так, ― кажуць дарослыя, ― а то Дзед Мароз не прынясе табе падарунак. Дзеці, ведайце, што ніякага Дзеда Мароза не існуе.
Ніколі не настане той судны дзень, калі ён будзе вырашаць, хто варты атрымаць падарунак, а хто не, бо яго не існуе. Вера ў Дзеда Мароза ― гэта опіум Дзяцей. Гэта дарослыя кідаюць нам нейкія рэшткі сусветных дабротаў, каб трымаць нас у падпарадкаванні. Але нам можа належаць усё.
Нас пужаюць Бабаем, але яго тасама, як і Дзеда Мароза, не існуе. Гэта сродак барацьбы з дзіцячай свабодай. Братачкі, мы б маглі рабіць усё, што заўгодна, ды нас бы ніхто не спыніў. Дарослыя гэта разумеюць, таму яны і навязалі нам міфы пра Бабая і Дзеда Мароза. Скіньце ідалаў Дзеда Мароза і Бабая! Скiньце iдалаў гэтага пантэону!
Нам кажуць: не ешце шмат печыва, пернікаў, цукерак, не ешце шмат салодкага, бо гэта дрэнна для здароўя: дыятэз, дупа зліпнецца і гэтак далей. Але куды ж тады знікае ўсё астатняе? Мы з’елі дзве-тры цукеркі з вялікай скрынкі, а куды ж знікла астатняе? Можа, Бабай з’еў?! Не! Усё астатняе з’елі дарослыя, і нічога ў іх не зліплася. Яны заўсёды забіраюць сабе большую частку, а нас пакідаюць ні з чым.
Шмат вы бачылі дарослых, якія штодня ядуць кашу?! Шмат вы бачылі дарослых, якія спяць удзень?! Шмат вы бачылі дарослых, якія адмаўляюцца глядзець тэлевізар пасля дзесяці вечара?! Чаму ж тады мы павінны ўсё гэта рабіць? Колькі мы яшчэ будзем гэта трываць?
Калі мы пакорліва ямо кашу, яны ядуць цукеркі. Калі мы спім удзень, яны шалеюць, равуць, весяляцца. Калі мы ўвечары кладземся спаць, яны працягваюць глядзець «Честный понедельник» з Мінаевым альбо «З шырока заплюшчанымі вачыма». Хопіць спаць! Час прачынацца!
Яны хаваюць ад нас жыццё за каляровымі цацкамі. Лега, Барбі, машынкі, манаполія, лато. Усё гэта лухта. Запалкі, разеткі, шкло, дарога з машынамі, малаток. Вось яно, сапраўднае жыццё, без якога не стаць самастойным. Пакуль мы згодныя на сурагат жыцця, не стаць нам незалежнымі ад дарослых.
Дзеці, вазьміце ўсе свае цацкі, веру ў Дзеда Мароза і Бабая, абліце бензінам і падпаліце. Ешце салодкае, гуляйце, не кладзіцеся спаць уночы, рабіце, што пажадаеце. Толькі так мы станем вольнымі і незалежнымі. Толькі так мы пазбавімся прыгнёту дарослых!!!
Аднойчы я быў не ў гуморы, нiбыта сасiска ў носе захрасла. Я вырашыў пайсцi на нудысцкi пляж, каб крыху развеяцца. Зняў майку, зняў штаны, зняў шкарпэткi дый пайшоў. На мне засталiся толькi мае любiмыя майткі ў сiнія бобкі з рэльефным малюнкам слонiка спераду. Я ішоў па горадзе, весела падміргваючы сваім піўным жывоцікам сустрэчным дзяўчынкам. Яны ўсе глядзелі на мяне і ўсміхаліся. Але не толькі яны. Усе ішлі і ўсміхаліся. «Якія ўсе мілыя», – падумаў я. Усе ўсміхаліся, ва ўсіх быў добры настрой. Навошта ж сумаваць мне. І я далучыўся да гэтай оргіі ўсмешак. Урэшце, я прыйшоў на пляж, але туды, на жаль, мяне не пусцілі. «У майтках нельга», ― сказаў голы начальнік пляжу.