Проста трэба захаваць, а не здушыць тое, што ў нас засталося ад дзіцёнка. Не забіваць сабе галаву рознай лухтой, стэрэатыпамі і комплексамі. Трэба паводзіць сябе вальней. Не валяцца перад тэлевізарам на канапе, як бервяно, а ўвесь час рухацца, цікавіцца, шукаць, спасцігаць. Не адпачываць, а дзейнічаць, жыць не мірам, а вайной (у ніцшэанскім разуменні). Шчыра ставіцца да свету, быць прагным да жыцця.
Я хуценька дапісваю гэтыя радкі і ўцякаю на вуліцу зноў коўзацца з горкі.
Брыдкі гук будзільніка. Нібыта халодны жалезны свердзел таўшчынёю з палец і даўжынёю сантыметраў у дзесяць прарываецца праз вуха ў мозг, а потым свідруе яго. Павольным сонным рухам адключаю дрэль, націснуўшы на экран. Цудоўная рэч гэтыя мабільнікі з будзільнікам: звоніць ён у 7:45, ты прачынаешся, але ўсё яшчэ вельмі хочацца спаць, тады ты ставіш яго на 8:00 і так бясконца, пакуль не зразумееш, што ўжо спазняешся. З сучаснымі электроннымі гаджэтамі заўсёды можна лёгка дамовіцца, каб скрасці дзесяць-пятнаццаць хвілінак на сон.
Першую атаку свердзела я спыніў. Падымацца буду, калі ён зноў пачне агрэсіўную інтэрвенцыю ў мой мозг. Тым больш што справіцца з ім зноў будзе не так проста: пасля першага разу я адкінуў мабільнік далей на суседнюю канапу.
Штосьці дзіўнае. Спаць амаль не хочацца, а новая атака на шэрае рэчыва ў маёй галаве так і не пачалася. Можа, батарэя села. Хаця не, падзараджалася ўсю ноч. Правяраю час. Fuck, піпец паўнейшы. Ужо 12:37. Напэўна, я контратакаваў у непрытомным стане. Блін, ненавіджу сучасную электроніку. Гэта не будзільнік, а яго найгоршая ілюзія. Усё роўна праспіш, усё роўна па галаве надаюць. Як можна адпачываць у няспынным стрэсе ды калаціцца з-за кожнай хвіліны, прачынацца і засынаць па дзесяць разоў.
У мяне ёсць тэорыя, што гэта проста стратэгічнае вынаходніцтва капіталістаў. З такім будзільнікам у любым выпадку праспіш. І замест таго, каб за паўгадзіны шпацыру дайсці да працы, будзеш кожную раніцу марнаваць грошы на бензін для машыны, або на аўтобус, а то і на таксі. От ужо гэтыя капіталісты, Сталіна б на іх нацкаваць. Але я і сам у нейкай меры з гэтага варожага лагеру. Пралетарскія масы, канечне, не эксплуатую, проста працую ілюстратарам у глянцавым часопісе, так бы мовіць, выкарыстоўваючы тэрміны дзядулі Маркса, займаюся не столькі базісам, колькі надбудовай.
А ўвогуле мне больш пашанцавала, бо штодзённай патрэбы карыстацца будзільнікам не маю. Працую, дзе і калі пажадаю, у рэдакцыі з’яўляюся толькі некалькі разоў на месяц (і сёння акурат той самы дзень). Магу некалькі дзён запар бухаць, паліць гаш, тусавацца, а потым ужо працаваць. Не праца, а рай. Праўда, часам пасля працяглых тусовак, калі яшчэ не паспеў анічога стварыць, можна апынуцца ў паўнейшым самалі. Самалі ― гэта такі стан, калі няма грошай і не ведаеш, калі з’явяцца, пазычыць немагчыма, бо ўсе навокал такія ж жабракі, і да таго ж невыносна баліць галава, а за ёй і ўсё астатняе цела (і не мае значэння, дзе менавіта ў Самалі, там паўсюль галіма). Але потым настаюць цудоўныя дні, калі з’яўляюцца грошы і ты купляеш квіток, ды перабіраешся з Самалі на Ібіцу. Апошнім часам я толькі і жыву паміж Самалі ды Ібіцай.
Мікі Маўс з вялізным чэлесам. Прышпільная статуя (дарэчы, вышэй за мяне), адразу бачна, што праца не нашых соцрэалістычных мегатворцаў. А вось і нейкая неамарксісцкая карцінка. Майкл Джэксан на крыжы, які складаецца са значкоў розных брэндаў: Rolex, Mercedes, Adidas, Armani, Macdonald’s ды шмат іншых. Неяк нязвыкла бачыць крыж без Езуса. Хаця і Езус без крыжа як iPhone без Інтэрнэта ― папантавацца, канечне, можна, а так… начорта ён патрэбны.
У прынцыпе, даволі цікавая выстава, натхняе. Люблю час ад часу наведаць выставы такога кшталту. Але самому стварыць што-небудзь мегасупергіперкласнае амаль немагчыма на галодную галаву, калі ты не геній. Хаця якія там геніі. Я згодны з тым, што «геній» – гэта канструкт лянівых лузераў, выдуманы, каб апраўдваць уласную ляноту ды нікчэмнасць. Маўляў, мы не можам стварыць што-небудзь кшталту «Фаўста», як гэта зрабіў Гётэ, не таму, што мы анічорта не робім, а таму, што Гётэ меў нейкі прыродны геній. Што за лухта. Лёс, геніяльнасць, бог… Адзінае, што трэба ― гэта працаваць.
Але не заўсёды толькі працаваць. Каб у галаву прыходзілі геніяльныя ідэі, галаву яшчэ трэба і падкармліваць. Кажуць, Фрэйд стымуляваўся какаінам, а мой любімы адстаўны нобелеўскі лаўрэат Сартр ― амфетамінам.
Праз некалькі дзён здаваць ілюстрацыі ў рэдакцыю, а яшчэ нічога не зроблена. Трэба і мне падкарміцца. Купіў півасіка, падрыхтаваў гаш. Ёсць у верхнім горадзе цудоўны тупічок, дзе рэдка хтосьці бывае. Часта люблю там пасядзець. Пакіраваў туды і гэтым разам.
І праўда, у нас цэнтр Еўропы. У нас, як у Італіі, можна паліць на вуліцы. У нас, як у Польшчы, нельга піць на вуліцы. У нас многія, як у Нідэрландах, ужываюць наркотыкі, хаця тут гэта забаронена. Сапраўды, мы ў цэнтры Еўропы: дзесьці паміж Італіяй, Польшчай ды Нідэрландамі.