«Усе, каго ты любіў, ці кінуць цябе, ці памруць. Усё, што ты стварыў, будзе забыта. Усё, чым ты ганарыўся, будзе з часам выкінута на памыйку».
Сшытак. Сшытак. Сшытак за сшыткам. Я перакладваў сшытак за сшыткам. Гэта сшыткі таго кшталту, у якіх звычайна малююць на ўроках ці на парах. У іх малююць, пішуць, выкарыстоўваюць і як нататнік, і як чарнавік. Гэта ўніверсальныя сшыткі для ўсяго. Тут шмат малюнкаў, нумароў тэлефонаў, назваў кніг, ідэй, якія прыйшлі ў галаву, і шмат яшчэ чаго іншага. Яны мне вельмі дарагія. У іх прасочваецца эвалюцыя маіх інтарэсаў ды поглядаў, маё развіццё.
Успамінаў універсітэцкія гады, і захацелася перагледзець свае нататкі тых часоў. Гартаю старонкі. Я вельмі змяніўся за пятнаццаць гадоў. Сярод чарнавікоў сустракаюцца і тэматычныя сшыткі. Мае эсэ, штосьці накшталт дзённіка з чатырма запоўненымі старонкамі (мне так і не хапіла трывання весці яго далей), урыўкі з кніг па псіхалогіі.
Вось я дайшоў і да самага стылёвага. На ім напісана: «Эксперыментальныя нататкі». Гэта самы дарагі мне з усіх сшыткаў. З ім звязаны вялікі этап майго юнацтва і маладосці. Выпадкова адгортваю тую ці іншую старонку і чытаю…
«Эксперымент № 9: Страусы»
Ідэя гэтага эксперыменту прыйшла мне аднойчы, калі ў раёне Зялёнага Лугу (не памятаю, дзе дакладна) я праязджаў каля прыпынку на тралейбусе. На прыпынку я ўбачыў мужчыну гадоў пяцідзесяці, які валяўся на зямлі. Ён быў адзін. Ніхто не спрабаваў дапамагчы яму падняцца. Ніхто нават не правяраў, жывы ён ці не. І тым больш было марна спадзявацца, што хтосьці мог выклікаць хуткую дапамогу. Мяне гэта не толькі здзівіла і адначасова пакрыўдзіла, але пакінула ўва мне глыбокі адбітак. Такое я бачыў не першы раз, але задумаўся чамусьці толькі зараз.
Спачатку ўзнікалі пытанні: хто ён і чым займаецца, што з ім? Можа, ён напіўся, і што тады прымусіла яго дайсці да такога стану? А можа, яму стала блага і ён страціў прытомнасць. Потым у мяне ўзніклі больш непрыемныя пытанні: чаму яму ніхто не дапамог, чаму ўсе праходзяць міма?
Гэта можна было тлумачыць па-рознаму. У гэты час на вуліцы было мала людзей, і яго проста ніхто не заўважаў. А калі і заўважалі, то прымалі за алкаголіка, і грэблівасць, пагарда, якую ён выклікаў, адбівалі ўсякае жаданне дапамагчы. Але што б я ні спрабаваў выдумаць, ніяк не мог апраўдаць чэрствасць і абыякавасць.
А што было б, калі б на яго месцы быў малады чалавек? Калі б людзей было больш, і не заўважыць было б зусім немагчыма?
Я вырашыў правесці свой эксперымент у сераду ў пераходзе станцыі Якуба Коласа, дзе заўсёды вялікі натоўп мінакоў. Вопратка ў мяне была даволі модная, каб не ўзнікала думак, што я малады алкаголік. Спусціўшыся ў пераход і прайшоўшы метраў дваццаць, я пачаў павольна валіцца, абапіраючыся аб сцяну, і кашляць як мага гучней.
Да мяне адразу падышоў мінак гадоў сарака і спытаў: «З табой усё нармальна?» Пачуўшы: «Усё нармальна, у мяне такое бывае», ― ён пайшоў далей. Відаць, толькі такога адказу і чакаў. Напэўна, не столькі шчырае хваляванне і жаданне дапамагчы, колькі шаблоннае выкананне маральнага абавязку прымусіла яго спыніцца.
Я заўважыў, што ўсе астатнія імкнуцца як мага хутчэй мінуць мяне. Пры гэтым яны глядзяць уперад, не азіраючыся, альбо ўтаропіўшыся ў падлогу перад сабой. Амаль як страусы. Напэўна, са сваімі праблемамі яны робяць тое ж самае. Робяць выгляд, што не заўважаюць іх. Муж алкаголік, сын раздзяўбай ці наркаман, дачка шалава, іх уласнае жыццё – поўная дупа, а яны гэтага як бы не заўважаюць.
Прайшло тры хвіліны, а я ўсё працягваў, скруціўшыся, ціхенька ляжаць на жываце каля сценачкі. Час вельмі павольна цягнуўся, і таму маё абурэнне расло з неймавернай хуткасцю. Хацелася ўскочыць і закрычаць на ўсіх: «Паскуднікі, сволачы, вам што, зусім усё роўна, што на вашых вачах памірае чалавек?» Але я стрымаўся, бо, нягледзячы на ўсю трагічнасць, гэта выглядала б неяк камічна.
Мяне з’ядала нянавісць не столькі ад чэрствасці мінакоў, колькі з-за маёй эгаістычнай крыўды. А што, калі б я насамрэч страціў прытомнасць. Так я праляжаў яшчэ хвілін пятнаццаць, і паўз мяне прайшло, напэўна, некалькі дзясяткаў чалавек, з якіх ніводзін так нічога і не зрабіў.
Валяючыся на халоднай бруднай падлозе, я думаў: «Чалавек у гэтым свеце ўсё ж такі адзін. Усе гэтыя размовы пра дабрыню, чалавечнасць ды іншую лухту – звычайная балбатня. Усё часцей упэўніваюся, што чалавек па сваёй прыродзе злы. Бескарыслівасці не існуе. Калі штосьці і робіцца для іншага, то зыходзячы выключна з карыслівых памкненняў».
Нарэшце да мяне падышла старая жанчына, якая паспрабавала мяне падняць. Яна б не змагла гэтага зрабіць, калі б і вельмі хацела. Але я ўсё ж такі вырашыў паддацца ёй і пачаў паціху падымацца…