Мае эксперыменты ніколі не насілі навуковага характару, а пісьмовая рэгістрацыя таго ці іншага эксперыменту прымала ў нейкай меры эсэістычную форму. У мяне не было мэты даследаваць важныя для навукі праблемы.

З аднаго боку, шляхам эксперыменту я імкнуўся атрымаць эмпірычнае пацверджанне маіх уласных разважанняў адносна чалавека і грамадства. Канечне, я мог толькі чытаць кнігі па сацыялогіі ці псіхалогіі, але ўсё гэта давала мне адно агульную інфармацыю.

Акрамя гэтага, мяне ж цікавілі і этычныя, маральныя аспекты, праз якія я хацеў глыбей зразумець псіхалогію чалавека. Не агульныя моманты і схемы, а паводзіны канкрэтных людзей у канкрэтных сітуацыях. Я атрымліваў новы матэрыял для разважанняў.

З іншага боку, гэта прыносіла мне асабістае задавальненне. Я ствараў штучную сітуацыю, ставіў незнаёмых мне людзей у рамкі таго ці іншага спосабу дзеяння. Мне здавалася, што так я атрымліваю над імі ўладу. Эксперымент быў для мяне тымі прыступкамі, па якіх я падымаюся ўсё вышэй. Эксперымент станавіўся падмуркам маёй пагарды да іншых людзей, якіх я лічыў абсалютна нікчэмнымі.

* * *

Але я не заўсёды рабіў эксперыменты над іншымі. Былі і, як я іх называў, аўтаэксперменты, якія я ставіў над сабой, кіруючыся словамі дэльфійскага аракула «Спасцігні самога сябе».

«Эксперымент № 5: Неапіфагарэец»

Манахі клюнійскага ды трапісцкага ордэнаў давалі зарок маўчання, у выніку чаго ў зносінах маглі карыстацца толькі мовай жэстаў. Задоўга да іх падобныя практыкі ажыццяўляліся ў суполках піфагарэйцаў. Той, хто збіраўся стаць сябрам піфагарэйскай суполкі і рыхтаваўся да ўступлення, мусіў маўчаць пяць гадоў.

Я вырашыў паспрабаваць, але ў значна меншых маштабах, практыку маўчання як эксперымент: канечне, не ўсё жыццё, і нават не пяць гадоў, а толькі пяць дзён. Пяць дзён абсалютна нічога не казаць.

Нашае штодзённае жыццё, сучасныя сацыяльныя працэсы ў значнай меры залежаць ад камунікацыі. Кожны дзень мы сустракаемся з дзясяткамі людзей, карыстаемся мабільным тэлефонам, перапісваемся па інтэрнэце. З дапамогай гэтага эксперыменту я хацеў высветліць, ці магчыма сёння выйсці па-за межы камунікацыйнай сферы, важнай часткай якой з’яўляецца вусная мова, шляхам маўчання. Ці магчыма пры гэтым удзельнічаць у сацыяльных працэсах. Калі магчыма, то наколькі гэта складана.

Свой эксперымент я пачаў у аўторак і збіраўся скончыць у суботу, але ўсё атрымалася не зусім так, як я планаваў. Першыя гадзіны маўчання праходзілі даволі лёгка, без аніякіх праблемаў.

Зазваніў мабільнік. Тэлефанаваў адзін з маіх прыяцеляў, з якім мы дамаўляліся ў гэты дзень сустрэцца. У наступныя тры гадзіны мабільнік званіў яшчэ каля сямі разоў. Тэлефанавалі прыяцелі, мая бабуля ды яшчэ нейкі незнаёмы нумар (на гэты раз мяне пачала разбіраць цікаўнасць).

Першая камічная сітуацыя адбылася, калі на вуліцы я сустрэў свайго знаёмага. Ён штосьці ў мяне спытаў. Я пачаў курчыцца, нібы ў сутаргах, спрабуючы штосьці расплывіста патлумачыць, потым паказаў на гадзіннік, маўляў, я вельмі спяшаюся, і хутчэй перайшоў дарогу. Збянтэжаны знаёмы больш нічога не паспеў вымавіць. З боку гэта выглядала, напэўна, вельмі смешна. На будучае я дастаў паперку і напісаў: «Sorry. Не магу размаўляць. Ахрып».

Увайшоў у краму. Даю касірцы грошы. Яна пытаецца: «Вам што?» Я нічога не адказаў, толькі махнуў галавой, адышоў да вітрыны і паказаў на пончык. Лысы хлопец у сонечных акулярах не зробіць ласку нават адказаць. Выглядала даволі нахабна. Але касірка, хутчэй за ўсё, палічыла, што я не нахабны, а проста нямы. Касірка спытала: «Пончык?» Я кіўнуў. «Падагрэць?», ― я зноў ківаю. Яна падае мне пончык.

Увесь час адказваю sms-камі на тэрміновыя званкі, на астатнія проста не адказваю. Каб зусім не здзічэць, перапісваюся з некаторымі прыяцелямі па інтэрнэце. Хоць нейкае падабенства гутаркі. Шкадую, што не сказаў аб сваім эксперыменце іншым, так бы не давялося пры сустрэчы ў сутаргах круціць галавой і паказваць на гадзіннік. Зноў званок. Тэлефануюць з працы. Пішу sms-ку: «Ахрып. Не магу зараз размаўляць». Пішуць, што нейкія тэрміновыя справы, але sms-камі не так і проста разабрацца.

Час ад часу хочацца хоць што-небудзь сказаць, каб пачуць уласны голас. Але я стрымліваюся. Зараз я крыху пачынаю разумець піфагарэйцаў (маю на ўвазе практыку): калі пастаянна балбатаць, а многія гэта вельмі любяць, зусім не заўважаеш таго, што навокал. Калі ўвесь час маўчыш, то хоцькі-няхоцькі заўважаеш нейкія дробязі, пачынаеш пра іх разважаць. Адным словам, адбываецца перанос увагі, а дакладней кажучы, вялікая канцэнтрацыя ўвагі. Так што гэта вельмі эфектыўная філасофская практыка.

Увогуле, не размаўляць некалькі дзён не вельмі складана. Але нягледзячы на гэта, мой эксперымент доўжыўся не пяць дзён, як я планаваў, а толькі тры. Прычыны тут не столькі псіхалагічныя, колькі тэхнічныя. Як бы гэта банальна ні гучала, узнікла шмат неадкладных спраў…

* * *

«Эксперымент № 12: Тайлар»

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже