У той час як гаспадар наліваў віскі, мустангер ветліва адказаў на паблажлівыя кіўкі афіцэраў. Ён быў знаёмы з большасцю з іх, бо часта прыязджаў у форт па справах.

Афіцэры ўжо гатовы былі звярнуцца да яго з пытаннем, як параіў маёр, калі з’яўленне яшчэ аднаго наведвальніка заставіла іх на нейкі час адмовіцца ад свайго намеру.

Гэта быў Касій Калхаўн. У яго прысутнасці наўрад ці ёмка было заводзіць такую размову.

Касій Калхаўн з уласцівым для яго ганарыстым выглядам прайшоў да групы ваенных і цывільных і пакланіўся, як звычайна вітаюцца ў тых выпадках, калі разам быў праведзены ўвесь дзень і людзі разлучаліся толькі на кароткі час. Калі адстаўны капітан быў і не зусім п’яны, то, ва ўсякім выпадку, модна падпіўшы. Яго вочы ўзбуджана блішчалі, твар быў ненатуральна бледны, фуражка надзета набакір, і з-пад яе выбіліся на лоб дзве-тры пасмы валасоў – было ясна, што ён выпіў больш, чым патрабавала разважлівасць.

– Вып’ем, джэнтльмены! – звярнуўся ён да маёра і яго кампаніі, падыходзячы да стойкі.– I вып’ем як след, укругавую, каб стары «Донерветэр» не мог сказаць, што ён дарэмна паліць для нас святло. Запрашаю ўсіх.

– Згода, згода! – адказала некалькі галасоў.

– А вы, маёр?

– З радасцю, капітан Калхаўн.

Згодна з усталяваным звычаем, уся кампанія, якая сабралася выпіць, выцягнулася чарадой каля стойкі, і кожны выкрыкваў назву напітка па свайму густу. Розных гатункаў было заказала столькі, колькі чалавек было ў гэтай кампаніі. Сам Калхаўн крыкнуў:

– Брэндзі! – I тут жа дадаў: – I плюхніце туды віскі.

– Брэндзі і віскі ваш заказ, містэр Калхаўн? – сказаў гаспадар, угодліва нахіляючыся цераз стойку да чалавека, якога ўсе лічылі саўладальнікам вялікага маёнтка.

– Паварушвайся, дурны немец! Я ж сказаў – брэндзі.

– Добра, гер Калхаўн, добра! Брэндзі і віскі, брэндзі і віскі! – паўтараў немец, спяшаючыся паставіць графін перад грубым наведвальнікам.

Кампанія маёра, далучыўшыся да двух-трох гасцей, што ўжо стаялі ля стойкі, не пакінула і дзюйма свабоднага месца.

Выпадкова ці наўмысна, але Калхаўн, стаўшы ззаду ўсёй запрошанай ім кампаніі, апынуўся побач з Морысам Джэральдам, які спакойна стаяў убаку, піў віскі з вадой і курыў цыгару. Абодва яны як быццам не заўважалі адзін аднаго.

– Тост! – закрычаў Калхаўн, беручы шклянку са стойкі.

– Давайце! – адказала некалькі галасоў.

– Хай жыве Амерыка Для амерыканцаў і хай згінуць усялякія прыблуды, асабліва праклятыя ірландцы!

Сказаўшы гэты зневажальны тост, Калхаўн зрабіў крок назад і локцем штурхнуў мустангера, які толькі што паднёс шклянку да губ. Віскі выплюхнулася і заліло мустангеру кашулю.

Ці была гэта выпадковасць? Ніхто ні хвіліны не сумняваўся ў адваротным. Гэты рух, які суправаджаўся такім тостам, мог быць толькі наўмысным і загадзя абдуманым.

Усе чакалі, што Морыс зараз жа кінецца на свайго крыўдзіцеля. Яны былі расчараваны і здзіўлены паводзінамі мустангера. Некаторыя нават думалі, што ён моўчкі сцерпіць абразу.

– Калі толькі ён прамаўчыць, – прашаптаў Генкок на вуха Слоўмену, – то яго варта гнаць у карак.

– He хвалюйцеся, – адказаў пехацінец таксама шэптам. – Гэтага не будзе. Я не люблю ісці ў заклад, як вам вядома, але я стаўлю сваё месячнае жалаванне, што мустангер асадзіць яго як след. I стаўлю яшчэ столькі ж, што Касій Калхаўн не абрадуецца такому праціўніку, хаця зараз Джэральда як быццам больш турбуе кашуля, чым нанесеная яму абраза. Ну і дзівак жа ён!

Пакуль яны перашэптваліся, чалавек, які аказаўся ў цэнтры агульнай увагі, спакойна стаяў ля стойкі.

Ён паставіў сваю шклянку, выняў з кішэні шаўковую насоўку і пачаў выціраць вышытыя грудзі кашулі.

У яго рухах быў непарушны спакой, які наўрад ці можна было прыняць за праяву баязлівасці; і тыя, хто сумняваўся ў ім, зразумелі, што памыліліся. Яны моўчкі чакалі працягу.

Чакаць давялося нядоўга. Усё, што адбылося, уключаючы перашэптванні, цягнулася не болей дваццаці секунд; пасля гэтага пачалася дзея, дакладней – прагучалі словы, якія былі пралогам.

– Я ірландзец, – сказаў мустангер, кладучы насоўку ў кішэнь.

Адказ здаваўся вельмі простым і крыху запозненым, але ўсе зразумелі яго значэнне. Калі б паляўнічы на дзікіх коней тузануў Касія Калхаўна за нос, ад гэтага не стала б ясней, што выклік прыняты. Лаканічнасць толькі падкрэслівала сур’ёзнасць намераў абражанага.

– Вы? – пагардліва спытаў Калхаўн, павярнуўшыся да яго і ўзяўшыся ў бокі.– Вы? – працягваў ён, мераючы мустангера поглядам. – Вы ірландзец? He можа быць, я б ніколі гэтага не падумаў. Я прыняў бы вас за мексіканца, мяркуючы па вашаму касцюму і вышыўцы на кашулі.

– I якая вам справа да майго касцюма, містэр Калхаўн! Але паколькі вы залілі маю кашулю, то дазвольце мне адказаць тым жа і змыць крухмал з вашай.

З гэтымі словамі мустангер узяў сваю шклянку і, перш чым адстаўны капітан паспеў адвярнуцца, выплюхнуў яму ў твар рэшткі недапітага віскі, ад чаго Калхаўн пачаў нястрымна кашляць і чхаць, на задавальненне большасці прысутных.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже