Але шэпт адабрэння адразу ж замёр. Цяпер было не да размоў. Воклічы змяніліся магільнай цішынёй. Усе разумелі, што справа стала сур’ёзнай. Сварка павінна была скончыцца дуэллю. Ніякая сіла не магла яе прадухіліць.
Атрымаўшы душ з віскі, Калхаўн ухапіўся за рэвальвер і выняў яго з кабуры. Але, перш чым накінуцца на свайго праціўніка, ён затрымаўся, каб выцерці вочы.
Мустангер ужо выняў такую ж зброю і цяпер стаяў, гатовы адказаць стрэлам на стрэл.
Самыя баязлівыя з заўсёднікаў бара ў паніцы кінуліся да дзвярэй, штурхаючы адзін аднаго.
Некаторыя засталіся ў бары: адны – проста ад разгубленасці, другія – таму, што былі больш стрыманыя і мужныя і ўсведамлялі, што ў час уцёкаў могуць атрымаць кулю ў спіну.
Зноў настала поўная цішыня, якая цягнулася некалькі секунд. Гэта быў той прамежак, калі рашэнне розуму яшчэ не ператварылася ў дзеянне – у рух.
Магчыма, пры сустрэчы іншых праціўнікаў гэты інтэрвал быў бы карацейшы: два больш непасрэдныя і менш вопытныя чалавекі тут жа спусцілі б куркі. Але не Калхаўн і Джэральд. Яны неаднаразова былі сведкамі вулічных схватак і прымалі ў іх удзел, яны ведалі, як небяспечна ў такіх выпадках спяшацца. Кожны вырашыў страляць толькі напэўна. Гэтым і тлумачылася прамаруджванне.
Для тых жа, хто быў звонку і нават не асмельваўся зазірнуць у дзверы, гэта затрымка была амаль пакутлівай.
Трэск рэвальверных стрэлаў, якія яны разлічвалі ў любы момант пачуць, разрадзіў бы напружанасць. I яны былі амаль расчараваны, калі замест стрэлу пачуўся гучны і ўладарны голас маёра, аднаго з тых нешматлікіх, хто застаўся ў бары.
– Стойце! – скамандаваў ён тонам чалавека, які прывык, каб яго слухаліся, і, агаліўшы шаблю, раздзяліў ёю праціўніка. – He страляйце, я загадваю вам абодвум! Апусціце зброю, інакш, клянуся Богам, я адсяку руку першаму, хто датыкнецца да курка! Спыніцеся, кажу я вам!
– Чаму? – закрычаў Калхаўн, пачырванеўшы ад гневу. – Чаму, маёр Рынгвуд? Пасля падобнай абразы, ды яшчэ чорт ведае ад каго…
– Вы зачыншчык, капітан Калхаўн.
– Ну дык што ж? Я не з тых, хто зносіць абразы! Сыдзіце з дарогі, маёр! Гэта сварка вас не тычыцца, і вы не маеце права ўмешвацца!
– Вось як? Ха-ха! Слоўмен, Генкок, Кросмен! Вы чуеце? Я не маю права ўмешвацца… Адстаўны капітан Касій Калхаўн, не забывайце, дзе вы знаходзіцеся. He думайце, што вы ў штаце Місісіпі, сярод вашых «высакародных жыхароў Поўдня», што катуюць рабоў. Тут, сэр, ваенны форт. Тут дзейнічаюць ваенныя законы, і вашаму пакорнаму слузе даручана камандаванне гэтым фортам. Па гэтаму я загадваю вам пакласці ваш рэвальвер у кабуру, з якой вы яго дасталі. I зараз жа, інакш я адпраўлю вас на гаўптвахту, як простага салдата!
– Няўжо? – прашыпеў Калхаўн. – У якую цудоўную краіну вы збіраецеся ператварыць Тэхас! Значыць, чалавек, як бы ён ні быў абражаны, не мае права біцца на дуэлі без вашага на тое дазволу, маёр Рынгвуд? Вось якія тутэйшыя законы!
– Зусім не, – адказаў маёр. – Я ніколі не перашкаджаю чэснаму вырашэнню сваркі. Ніхто не забараняе вам і вашаму праціўніку забіць адзін аднаго, калі гэта вам падабаецца. Але толькі не зараз. Вы павінны зразумець, містэр Калхаўн, што вашы забавы небяспечны для жыцця іншых людзей, якія ніяк у іх не зацікаўлены. Я зусім не маю намеру падстаўляць сябе пад кулю, якая прызначана другому. Пачакайце, пакуль мы ўсе адыдзем на бяспечную адлегласць, і тады страляйце колькі хочацца, цяпер, сэр, спадзяюся, вы задаволены?
Калі б маёр быў звычайным чалавекам, наўрад ці гэта распараджэнне было б выкавана. Але да яго аўтарытэту старшага афіцэра форта дабаўлялася яшчэ пашана да чалавека паважнага ўзросту, да таго ж такога, які бездакорна валодае зброяй і, як добра было вядома ўсім, не дазваляе грэбаваць сваімі загадамі. Ён агаліў сваю шаблю не дзеля пустой пагрозы.
Праціўнікі ведалі гэта.
Яны адначасова апусцілі рэвальверы дуламі ўніз, але працягвалі трымаць іх у руках.
Калхаўн стаяў, насупіўшы бровы, сціснуўшы зубы, як драпежны звер, якому перашкодзілі напасці на яго ахвяру. Мустангер жа падпарадкаваўся распараджэнню спакойна, без бачнага раздражнення.
– Мяркую, вы цвёрда вырашылі біцца на дуэлі? – сказаў маёр, добра разумеючы, што надзеі на прымірэнне амаль няма.
– Я не буду на гэтым настойваць, – сціпла адказаў Морыс. – Калі містэр Калхаўн папросіць прабачэння за свае словы і ўчынак…
– Ён павінен гэта зрабіць: ён першы пачаў! – умяшаліся некалькі сведкаў сваркі.
– Ніколі! – фанабэрыста адказаў адстаўны капітан. – Касій Калхаўн не прывык прасіць прабачэння, ды яшчэ ў такой пераадзетай малпы!
– Досыць! – закрычаў ірландзец, у першы раз праявіўшы гнеў.– Я хацеў даць яму магчымасць выратаваць сваё жыццё. Ён адмовіўся ад гэтага. I цяпер, клянуся ўсімі святымі, адзін з нас не выйдзе жывым з гэтага пакоя! Маёр, вельмі прашу вас і вашых сяброў пайсці адсюль! Я не магу болей цярпець яго нахабства!
– Ха-ха-ха! – пачуўся пагардлівы смех Калхаўна. – «Магчымасць выратаваць сваё жыццё»! Ідзіце адсюль, усе ідзіце! Я пакажу яму!