У парку на невялікай палянцы стаяла збітая з дошак трыбуна. Відаць, тут быў нейкі мітынг. На адной з лавак нехта спаў, прыкрыўшыся газетай. Можа, і мне давядзецца, пакуль знайду якое прыстанішча, вось так правесці ноч. Дарожкі парку аж гарэлі ад залатога лістападу.
28/Х
Заўтра ў Беластоку адкрываецца Народны сход. Шкада, што я, заняты пераездамі – з Вільні ў Пількаўшчыну, з Шлькаўшчыны ў Вілейку, – не змог паехаць нейкім карэспандэнтам ці звычайным гледачом у Беласток. Тое, што зараз там адбываецца, мне, як паэту з Заходняй Беларусі, трэба было бачыць на свае вочы і чуць сваімі вушамі. Перажытае самім не заменяць ніякія самыя дакладныя справаздачы, карэспандэнцыі, рэляцыі, апавяданні іншых.
У абласным аддзеле народнай асветы мне прапануюць працу ў сектары нацыянальных школ, паколькі я знаю польскую мову. Тут працуе шмат віляйчан на пасадах розных інспектараў, інструктараў, метадыстаў.
Агулам, куды б ні пайшоў – усюды прапануюць працу, працу і працу. Прызнацца, аж не верыцца, што для ўсіх ёсць праца. Я помню, колькі лішніх рук было толькі ў маёй Пількаўшчыне, на Мядзелыпчыне. А што ўжо казаць пра нашы "ўсходнія крэсы"!
29/Х
У невялічкім пакоі жыве нас трое: А. Кананюк, В. Мілянцэвіч і я. На ўсіх нас: два ложкі, стол, этажэрка і адно крэсла. больш у гэтым пакоі нічога не можа змясціцца. Сплю на стале. Падобнае становішча і ў Лю, і ў Ендрыхоўскіх, і ў Дэмбінскіх, і ў Петрусевічаў, і ў Штахельскіх. Нічога не зробіш. Вілейка – не Вільня.
Разам са сваім старым таварышам па Лукішках Ёзасам Кекштасам, цудоўным літоўскім паэтам і перакладчыкам Ул. Маякоўскага, цэлы дзень выбіралі кнігі для школьных бібліятэк. Відаць, іх з усёй Вілейкі звезлі ў пустыя пакоі абласнога аддзела народнай асветы. На некаторых кнігах былі цікавыя подпісы іх былых гаспадароў, пячаткі: адвакат, доктар, землямер, камендант паліцыі, маёр, суддзя…
Тут, з адходаў, можна было б падабраць і для сябе цікавую бібліятэку. Столькі розных брашур, гадавікоў газет, часопісаў! Потым, калі спатрэбяцца, і са свечкай іх не знойдзеш. Бяда толькі – няма куды іх дзяваць. Я ўзяў толькі на польскай мове "Кліма Самгіна" і некалькі нумароў часопіса "Аркады".
30/Х
Працую з Лю ў рэдакцыі нашай абласной газеты. Я – літработнікам, яна – машыністкай. Работы ў мяне не так многа, але, відаць, прыйдзецца цэлымі днямі сядзець у рэдакцыі, выпраўляць матэрыялы, розныя карэспандэнцыі, адказваць на лісты. Асабліва ў наш аддзел культуры паступае шмат вершаў. Прыходзіла ў рэдакцыю Ганна Новік, з якой я ўпершыню пазнаёміўся асабіста, хоць перапісваўся з ёю даўно. Яна – дужа цікавы чалавек. Працуе ў сельсавеце. Цэлымі днямі занята сваёй працай. Прызналася, што за вершы няма калі брацца. А шкада. Я яе паслаў бы на вучобу. Зараз ёсць каму агітаваць за савецкую ўладу, хоць Г. Новік здаецца, што без яе ў Куранцы гэта ўлада не зможа па-сапраўднаму ўмацавацца і перамагчы. Усё ж, развітваючыся, дастала са свайго партфеля два свае вершы. "Рабіце што хочаце", – сказала і паехала. Я прачытаў гэтыя вершы, і сапраўды – над імі яшчэ трэба працаваць і працаваць.
2/ХІ
На адрас рэдакцыі прыйшла паштоўка ад нашых слонімскіх паэтаў, якія пытаюцца, што я раблю, над чым працую. Пішуць, што яны ўжо "актыўна ўключыліся ў будаўніцтва новага жыцця". А вось я і не ведаю: ці я ўключыўся, ці не. Патрабуюць, каб я прыслаў ім адрасы ўсіх заходнебеларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Адкуль я іх вазьму? Усе адрасы асталіся ў рэдакцыях віленскіх часопісаў. Трэба іх там і шукаць.
З Даўгінава прыехаў В. А. Сасенскі. Расказваў, што ён калісьці быў звязаны з "Нашай нівай". Хваліўся, што ён вывеў у людзі свайго суседа і друга Змітрака Бядулю, пазнаёміў яго з супрацоўнікамі гэтай газеты. I сам пісаў калісьці вершы, карэспандэнцыі, нарысы. Арыгінальны чалавек. I мова ў яго беларуская – сакавітая, багатая, хоць вучыўся ён толькі пару год і то – у яўрэйскай рэлігійнай школе.
Хацелася мне даўжэй пагаварыць з В. А. Сасенскім, які добра знае многіх нашых старэйшых пісьменнікаў і нават некаторых маіх сваякоў у Докшыцах, Крывічах, але мяне паклікалі да рэдактара, і я мусіў з ім развітацца.
Збіраюся ехаць на будаўніцтва дарогі Вілейка – Маладзечна, каб напісаць нарыс ці верш для нашай газеты. Я ўжо некалькі разоў бываў на многіх участках гэтай народнай будоўлі. Падчас апошняга рэйду сапсулася наша рэдакцыйная машына, і я начаваў у Красным, потым цягніком з перасадкай ды з рознымі дарожнымі прыгодамі дабіраўся дамоў. Нарыс мой з гэтай паездкі рэдактар забракаваў, бо ў ім я не паказаў бязмежнага энтузіязму будаўнікоў. А які мог быць энтузіязм, калі імгліў сцюдзёны дождж і на ўсёй трасе толькі некалькі фурманак працавала на падвозцы каменю. Можа, і новы мой нарыс чакае падобны лёс. Ніяк я не магу ўлавіць нешта такое няўлоўнае, што дае газетным нарысам другіх супрацоўнікаў зялёную дарогу на старонках нашай газеты, хоць ад іх мала што астаецца ў памяці.
Прыходзіў да мяне адзін з пачынаючых паэтаў.
– Раскажы, – кажа, – як пісаць вершы.
– Як пісаць, – адказаў я яму, – і сам не знаю. Магу толькі расказаць, як пісалі іншыя, або – як не трэба пісаць…