Зайшоў да гаспадароў Трахіма з надзеяй, што, можа, застану яго дома. За сталом сядзелі дзеці, якіх маці павучала, як трымаць лыжку, нож, вілку, хоць гэтымі прыладамі не асабліва было што лавіць у іх талерках. Гаспадар даўно быў беспрацоўным. Толькі часамі яму ўдавалася зарабіць на чыгунцы нейкі грош пры разгрузцы вагонаў. Часта скардзіўся на жыццё і праклінаў дурныя непаладкі ў сваёй дзяржаве.

– Пане дабрадзею, відаць, і створца не можа пахваліцца розумам, калі стварыў такі несправядлівы свет.

Чуючы гэта, жонка пачынала крычаць: "Бязбожнік, што ты вярзеш?"

Вечарам перапісаў для "Калосся" некалькі сваіх лірычных вершаў. Мне здаецца, лірыка, як крыніца з зямлі, заўсёды бярэ свой пачатак з біяграфіі самога паэта. Да поўначы праседзеў за вершамі. Паэзія – бадай што самая неспакойная і складаная работа ў жыцці. А калі ўлічыць, што ніхто ў маім родзе ніколі ёй не займаўся і сам я не быў да яе падрыхтаваны, можна ўявіць, з якімі цяжкасцямі мне зараз прыходзіцца сустракацца на сваім шляху. Ды ці толькі мне? Амаль поўная ліквідацыя беларускіх друкаваных органаў, выдавецтваў, непераадольныя цэнзурныя рагаткі – не даюць магчымасці нашаму голасу прабіцца ў свет. А да ўсяго, не кожны з нас, заходнебеларускіх пісьменнікаў, усё яшчэ мусіць біцца над рознымі нявырашанымі праблемамі, якія для іншых ужо з’яўляюцца пройдзеным этапам.

Паны Кірціклісы, Рачкевічы, Бацянскія і іх ідэйны бард Цат-Мацкевіч хочуць з трох з паловай мільёнаў беларусаў зрабіць тры з паловай мільёны сваіх нямых валоў. Яны забываюць, што і маўчанне можа быць пратэстам, што на свеце ёсць дзве праўды: праўда прыгнечанай нацыі і пануючай. Першая – у мільён раз большая. I яе нічым не заб’еш.

20/ІІ

Толькі што вярнуўся з апеляцыйнага суда, дзе па міласці пракурора I. Ячынскага пераглядалася мая справа. Абвінавачваўся я ў тым, што ў Вільні 14/ІІ 1934 г. напісаў і распаўсюджваў антырэлігійны твор, а 30/ІV 1934 г. – першамайскую адозву, у якой быў заклік выступаць "супраць тэрору і пацыфікацыі, у абарону СССР і Чырвонага Кітая, супраць фашысцкай дыктатуры, змагацца за Польскую Савецкую Рэспубліку, за права самаакрэслення аж да аддзялення…". Адным словам, як гаварыў пан пракурор, "заклікаў да выступленняў супраць існуючага ўрада і за адрыў ад Польскай дзяржавы часткі яе тэрыторыі". Апошняя фармуліроўка была заключным абзацам ва ўсіх палітычных актах абвінавачвання, стаўшы трафарэтнай і ўсім вядомай.

I пракурор, і сведкі (у мяне не было адваката) сарамліва абыходзілі той факт, што гэтыя крамольныя матэрыялы былі знойдзены ў турме, і не ў маёй камеры, а ў суседняй, дзе тады сядзелі т. Б. Лагун, Д. Файгенберг і I. Фейгельман. Усё абвінавачванне трымалася на паказаннях стражнікаў А. Трухана і Т. Бараноўскага, якія сцвярджалі, што я даўно быў ім вядомы як аўтар падобных грыпсаў. Іх падтрымліваў і "графолаг", хутчэй усяго – нейкі шпік, I. Бругаль.

Невядома, чым бы закончылася ўся гэта справа для мяне, як чалавека, западозранага ў прыналежнасці да КПЗБ і на ранейшым працэсе асуджанага на два гады ўмоўна з пазбаўленнем на 8 год усіх правоў, але ахілесавай пятой абвінавачання былі спасылкі ў знойдзеных матэрыялах на мінскую газету "Звязда", якія і памаглі мне падважыць усё абвінавачанне. Помню, яшчэ ў акружным судзе адбыўся цікавы дыялог. Я папрасіў дазволіць мне задаць пару пытанняў сведку абвінавачання.

– Суд дазваляе.

– Ці на Лукішках арыштаваныя могуць атрымліваць падпольную камуністычную літаратуру і савецкія газеты?

Гэта абсалютна выключана! – горача запярэчыў стражнік, яшчэ не арыентуючыся, у чым справа. Ды каб ён і здагадаўся, куды я хілю, што ён мог іншае сказаць, калі не хацеў пашкодзіць свайму аўтарытэту – аўтарытэту лукішскага дзяржыморды. "Як вядома, – заключыў я, – у грыпсах падаюцца факты і цытаты, узятыя з савецкіх газет. Як жа я мог перапісаць іх, калі ў той час сядзеў на Лукішках і, як сцвярджае сведка А. Трухан, не мог карыстацца гэтай літаратурай? Не менш беспадстаўным з’яўляецца і абвінавачанне мяне ў аўтарстве антырэлігійных вершаў, якія з’яўляюцца – тут хай мне даруе наш выдатны сатырык, што прыпісаў яму гэтыя слабыя і бездапаможныя вершы, – фрагментамі з "Бібліі" вядомага беларускага савецкага пісьменніка Кандрата Крапівы".

Суд зацвердзіў рашэнне першай інстанцыі, вынесенае 19/ХІІ 1934 г. Вечарам пайшоў да Мажуцаў. Сустрэў у іх бацьку I. Гарэлічонка. Стары бедаваў, што сына яго на Лукішках зусім скавала экзема. Ходзіць, казаў, увесь абкручаны бінтамі, толькі вочы блішчаць. 3 I. Гарэлічонкам я некалькі месяцаў сядзеў у 89-й камеры. Ён ужо тады быў цяжкахворы. Ад сырых і сцюдзёных астрожных муроў у нас ва ўсіх балелі і пухлі суставы пальцаў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже