Аляксей не здзівіўся б так, каб у тую мінуту грымнуў гром, як гэтым яе словам. Не самім словам, не, а таму, што пачуў іх ад яе. У школе Вера вучылася пасрэдна, падленьвалася. Ні ў якім грамадскім жыцці не ўдзельнічала і, як кажуць, у той бок не глядзела. Затое вечарынкі любіла. Патанцаваць, паспяваць. Праўда, і папрацаваць як след магла. I дома па гаспадарцы, і ў калгасе. Словам, Аляксей, камсамольскі актывіст, глядзеў на яе як на чалавека інертнага, маласвядомага, а тут — такі парыў патрыятычнага пачуцця, такая перакананасць і вера!
— Думаюць, заваявалі... Не, трасцы.
Іхняя бабка Алёна, жанчына міласэрная, але рашучая, заўсёды, калі хацела катэгарычна сцвердзіць якую думку, ужывала гэтае слова — трасцы. I Вера прамовіла яго, як бабка — працяжна, з прыціскам. Хвіліну памаўчала, раптам ціха заспявала: «Не спи, вставай, кудрявая, в цехах, звеня, страна встает со славаю на встречу дня». Толькі спяванне тое, якім яна ці то хацела заглушыць сваю роспач, ці, можа, выказаць балючы бяссільны выклік ворагу, атрымалася як з плачам, як скрозь слёзы. Можа, яна і заплакала — бо нагнула галаву і адвярнулася.
Увечары яны доўга не клаліся спаць. Штосьці гаварылі і гаварылі адно аднаму, а што іменна, пэўна, і не маглі б пераказаць. Адно выразна адчувалі: падсвядомае неспатольнае жаданне аднадумцаў выгаварыцца.
У іхняй вялікай сялянскай сям’і любілі песню. I бацькі і дзеці — усе. Бацька заўсёды казаў: «Песня і музыка патрэбны чалавеку, каб душа яго не чарсцвела ад жыццёвых нягод». Ён купіў дзецям гітару, мандаліну, балалайку. Таму хата іхняя ніколі не зачынялася для дзятвы з усёй вуліцы. Да Аляксея ішлі яго дружбакі, да Веры яе сяброўкі, да Надзі — Надзіны.
Пад фашыстам якія могуць быць песні? Так Аляксей думаў на першым часе. Але маладосць брала сваё. Пакрысе зноў зарыпелі ў іхнім двары весніцы. Прагныя ўспаміны пра вучобу ў школе, гаворкі пра кнігі і кінафільмы, якія чыталі і глядзелі ў свой зорны час, цяпер такі далёкі і недасягальны... А на давяршэнне ўсяго — у хоры зладжаных галасоў да болю блізкія сэрцу мелодыі пад гукі струн.
Часам, забыўшыся пра вайну, Аляксей чуў у сабе такое радасна-хвалюючае пачуццё, якое ахоплівае чалавека на беразе ракі ў пару вясенняга разліву. Аднак праз хвіліну-другую яго пранізвала жорсткая думка: «Вайна ж...» А душа міжвольна колькі секунд ўсё яшчэ поўнілася тым веснім адчуваннем. I ён, быццам жадаючы пераканацца, што было наяву, а што яму ўяўлялася, паўтараў: «Вайна ж...»
Усе, хто прыходзіў тады ў Аляксееву хату, пакрысе пачалі разумець, што іхнія зборышчы з кожным разам больш збліжалі і згуртоўвалі іх. У трывожных пачуццях, у прытоеных, як маўклівыя замовы, неспакойных думках, у скупых, але са значэннем сказаных, а то і безаглядна адкрытых словах.
У той год зіма выдалася лютая — марозная і завейная. Людзі радаваліся: вось так вам, прыблуды, папамерзніце, пакалейце на нашых «жыццёвых прасторах», якіх вам дужа захацелася!.. Паспытайце падарунка рускага Дзеда Мароза!.. У змаркочанай, застуджанай моцнымі халадамі вёсцы зіма прайшла без асаблівых здарэнняў. А на пачатку лета адбылася падзея, якая надзвычай узрушыла вяскоўцаў. Для Аляксея, Мішы і Юркі, што былі «віноўнікамі» той падзеі, яна не была нечаканай выпадковасцю, хаця і адбылася нечакана. Хлопцы ішлі да яе па ўсёй логіцы свайго жыцця.
Каля хаты дзядзькі Аляксандра пад тым кустом бэзу гітлераўцы пахавалі свайго забітага ваяку і на магіле паставілі бярозавы крыж. Высокі белы крыж здалёка быў відаць.
Яны, Аляксей, яго сябры Міша Васількоў і Юрка Халькевіч, сустрэліся на вуліцы выпадкова. Аляксей выйшаў з весніц, наважваўся пайсці да цёткі Таццяны. Калоў дровы, сякера абшахнулася і — па назе яму, дык ён накіраваўся да цёткі, каб травой прыклала. Міша і Юрка ехалі з лесу, везлі дровы. Прыпыніліся, перакінуліся словамі. Хлопцы ўжо збіраліся ад'язджаць, як Юрка спытаў:
— Куды ты там так углядаешся?
Аляксей пазіраў уздоўж вуліцы. Яна была напружана-ціхая і бязлюдная. Толькі ў хляве цёткі Таццяны, цераз вуліцу, чагосьці не ў час кукарэкнуў адурнелы певень. Конь у аглоблях, які стаяў, апусціўшы галаву, быццам журачыся, як яму дацягнуць воз, страпянуў вушамі.
— Куды ўглядаюся? Ды от любуюся,— гучна, з іроніяй сказаў Аляксей. Зрабіў паўзу і ціха, але жорстка з глыбіні выдыхнуў:
— Прыгожы крыж, ды яму чагось не хапае.
— А і сапраўды — калі прыгледзецца,— неяк няпэўна, быццам узважваючы якуюсьці здагадку, прамовіў Юрка.
На гэтым яны рассталіся.
«А і сапраўды, што мне ўвесь час рупіць? Чаго не хапае?» — думаў Аляксей, кавыляючы да цёткі Таццяны.
У тую ноч яму дрэнна спалася. Апоўначы прачнуўся і не мог заснуць. Ляжаў у пасцелі, калі ранічкай узрушаная цётка Таццяна ўскочыла ў хату. Яна так бразнула дзвярамі, што Аляксей ажно здрыгануўся.
— Ноччу ў вёсцы былі партызаны!
Памятаў Аляксей, некалі баба Алёна, калі гарэла хата пасярод іхняй вуліцы, такім голасам крыкнула: «Пажар!»
Маці ўпраўлялася каля печы. Паставіла вілкі, якія трымала, да нагі, як вінтоўку, сама аж выпрасталася.
— Адкуль ты ведаеш? — спытала ўстрывожана. — Цішэй гавары.