Залатая князева грыўна мільгала то наперадзе, то ўбаку, а пасля раптоўна прапала. І Лель, ледзьве праціснуўшыся, прарубіўшыся скрозь чужынцаў, пабачыў утаптаны ў брудны снег княжы плашч і пакутніцкую русую галаву, з рогатам насаджаную на піку. Ён закрычаў, бо не мог паверыць, і зноў рубіў і сек, прадзіраючыся наперад, але яго ўжо змывала, быццам шчэпку, адкідвала ўбок, і парэчанская конніца заходзіла збоку, топчучы параненых і памерлых.

Купку тых, хто яшчэ мог стаяць на нагах, выратаваў бліжні лес: конніца не прадзерлася б скрозь зараснікі. І яны адступілі – некалькі дзясяткаў з колішніх сотняў, і Лель сярод іх. Трэба было вяртацца за ўмацаваныя сцены, трэба было папярэдзіць тых, у селішчы, расказаўшы і пра паразу, і пра смерць князя. У іх яшчэ быў, можа, дзень, пакуль парэчанцы падлічылі б свае страты ды рушылі да асады.

– Не спыніць іх, – змрочна гаварылі сталыя воі. Глядзелі стомлена і асуджана, і Лель кеміў: асуджанасць была – смерць. Бо той, хто раней часу здаўся і апусціў рукі, не падыме меч, каб бараніць іншых.

– Сілаю не спыніць, – сказаў ён, і на яго зірнулі адначасна пахмурна і здзіўлена. Лель, можа быць, слыў па ваколіцы Мядзведжым Вушкам, але тыя, хто вучыў яго мечнай справе, хто штодзень дзяліў з ім хлеб, бачылі адно зялёнага мальца, а не казачнага віцязя. Яны хмурыліся недаверліва, а Лель гаварыў, упершыню, можа, за ўсё жыццё з надзвычайнай гарачнасцю, з палкасцю. Бо скруха кіпела ў ім, бо за плячыма быў – дом, сапраўдны, свой. Адзіны, які ў яго быў.

Напэўна, яны адчулі ў ім тую палкасць і шчырасць, бо паверылі, хай і не адразу. І, выправіўшы на поўнач ганца з папярэджаннем, пагадзіліся зрабіць так, як прапаноўваў Лель: спыняць ворага не сілай, якой неставала, але хітрасцю.

Парэчанцам, аднак, спатрэбіліся добрыя суткі, каб перавесці дух. Зрэшты, як меркавалі яны, спяшацца не было куды. У падлеску, куды збеглі недабіткі, парэчанскія воі адшукалі кінутыя панцыры. Малады сын аднаго з уладароў смяяўся, кажучы: не дзіва, што такія доблесныя ваякі не ўстоялі перад войскам з поўдня. Падумаўшы трохі, ён вырашыў сам пераследаваць рэшту разбітага войска – каб не дабеглі да сваіх, каб не папярэдзілі. І, пакінуўшы рэшту войска адпачываць, паспешліва выступіў у пагоню сам, прыхапіўшы лепшых сваіх мечнікаў. Спяшаўся, захоплены паляўнічым азартам, і таму загадаў сваім воям гэтаксама кінуць панцыры, ісці ўлегцы. Тыя пагадзіліся – ім, як яны меркавалі, не было чаго баяцца, і чакаў іх не чарговы бой, а паляванне на аслабелых ад страху і безнадзейнасці баязліўцаў.

След, як наўмысна, выразны, хутка прывёў пагоню да ўезджанай дарогі на поўнач. Недабіткі, пэўна, беглі стрымгалоў, спяшаючыся як хутчэй схавацца за сценамі. І малады парэчанскі ўладар зноў засмяяўся. І заўважыў, што, калі ўсе тут такія адважныя, дык войска ягонае возьме крэпасць мясцовага князя без асады, бо абаронцы самі адчыняць яму вароты. Па дарозе між дубовых узгоркаў парэчанцы рушылі далей, і мяккі снег бязгучна церусіўся з нізкага неба, замятаў сляды. Праміналі маўклівыя ўзгоркі, на якіх сям-там падымаліся белыя каменныя іклы. Хутка малады парэчанскі ўладар пабачыў: цераз дарогу ляжыць, засланяючы шлях, зрублены дуб, а перад дубам нехта стаіць.

Парэчанцы падумалі былі пра засаду, але чалавек быў адзін, і вакол расплывалася ціша. Таму, дзівячыся, малады ўладар наблізіўся, разглядаючы дзівака перад дубам, а той глядзеў на парэчанскіх вояў і не кранаўся з месца. Яго б, можа, зарубілі на месцы – але ён, падбачыніўшыся, стаяў непарушна, нават не думаючы бегчы, ды і меч ягоны быў уваткнуты ў мёрзлую зямлю ля самых ноч. А твар быў вусцішны, змрочны і пагрозлівы, з глыбокімі, амаль смяротнымі ценямі вакол светлых вачэй. На панцыры была грубая выява – чорная пачвара, што стала дыбка, і раве, і цягне лапы да нябачнай ахвяры.

– Ты яшчэ хто такі? – сярдзіта спытаў дзівака парэчанскі ўладар. І схамянуўся, бо страшныя светлыя вочы, абкружаныя чарнатой, утаропіліся ў яго. Парэчанцу тут жа прыгадаліся байкі пра мясцовыя страхі ды заклятае возера, а яшчэ – апошнія плёткі пра надзвычайнага воя-чарадзея, які, маўляў, прыйшоў сюды, каб змагацца з пачварамі ды разбураць праклёны.

– Я, – адказаў парэчанцу дзівак, – Алелька Мядзведжае Вушка. І гэты край – мой.

Парэчанскі ўладар здзіўлена падняў бровы і тут жа пачуў, як перашэптваюцца за ягонай спінай воі, што таксама чулі пра віцязя з мячом-кладзянцом.

– Твой? – спытаў парэчанец грэбліва. – А дзе ж тваё войска, каб яго бараніць?

– Мне войска не трэба, – быў адказ. – Бо сам гэты край змагаецца са мной супраць маіх ворагаў. Паварочвай назад – то, можа, застанешся жывы.

Дзівак гаварыў без пагрозы, вельмі спакойна, і ад гэтага спакою парэчанца прадзіраў мароз. Але лепшыя ягоныя воі былі ў яго за спінаю, ды і, распалены пагоняй, парэчанскі ўладар не дужа жадаў прыслухоўвацца да прыдарожных вар’ятаў. А хто ж яшчэ, апроч чыстага вар’ята, у адзіночку выйдзе сустракаць узброеных ваяроў на дарогу?

Таму парэчанец засмяяўся, хай сабе і трохі змушана, а дзівак, усё з тым жа вусцішным спакоем, паўтарыў толькі:

– Паварочвай назад.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже