Удзень ён ніколі не быў адзін, бо ўсё і ўсе патрабавалі ўвагі, умяшальніцтва, дзеяння або слова. Трэба было адбудоўваць вёскі, спаленыя нападнікамі, клапаціцца пра асірацелыя сем’і, панаўляць умацаванні, у тым ліку і рукамі палонных. Па старым князі справілі трызну, а разам з тым – і па ўсіх, хто загінуў пад сценамі, сваіх ды чужых. Побач з селішчам на рачным беразе вырас курган, нагадваючы пра сечу, што адбылася тут, і ўвесну зямля абрасла касматаю травой.
Лель з Ружанаю зноў выязджалі на паляванні – не столькі нават каб здабыць дзічыну, а проста каб пабыць разам, падалей ад цікаўных вачэй. На дзіва хораша было ехаць, пусціўшы коней побач, так што вершнікі краналіся каленямі, і слухаць малінавак у мокрым ад начнога дажджу бэзе, п’янкім і звадлівым. Пад шатамі дубоў яны прыпыняліся, і пад шатамі дубоў Ружана ўпершыню, яшчэ дрогкімі вуснамі пацалавала Леля – і гэта п’яніла не горш за бэзавы водар. За адным пацалункам былі іншыя, больш упэўненыя, больш смелыя, і яны радаваліся, бо былі жывыя і любілі адзін аднаго.
Яны пабраліся шлюбам у самым пачатку наступнага лета. Галасы званоў над цёмнымі дахамі разліваліся шырока і радасна, а ў храмавых залах, упрыгожаных зялёнымі галінкамі, запальвалі агні. Па вузкіх крывых вуліцах ішлі людзі – і пелі, уплятаючы, быццам кветкі ў вянок, імёны Ружаны і Леля ў старадаўнія шлюбныя песні. Маці Ружаны ўсміхалася, можа, упершыню за доўгі час, абвязваючы рукі нявесты і жаніха чырвонаю стужкай, асяняла абаіх ахоўным знакам, абводзіла разам са жрыцамі ўкруг драўляных статуй светлых бостваў.
А на барвовых княжых сцягах зараз станавіўся дыбка касматы мядзведзь, і Леля называлі князем ды ўладаром – дарма што сам ён асаблівага ўладарства ў сабе не адчуваў і моршчыўся ад кожнага паважлівага «васпане».
З новымі тытуламі, аднак, прыходзілі новыя клопаты – на дзіва многа, і з кожным днём усё болей. Лель замірыўся з Сокалямі: малады спадчыннік вярнуўся дамоў ранняй восенню, і ў хуткім часе заручыўся з адной з Ружаніных малодшых сясцёр, шэравокай і ўсмешлівай. Падтрымка заможных Сокалей і іх немалой дружыны паўплывала на іншых парэчанскіх уладароў, якія прысягалі новаму князю на вернасць. Адных змусілі да таго неўраджаі, другіх – страх расправы пасля няўдалай смуты. Іншыя ж скарыліся хутчэй перад байкамі пра ваяра-чарадзея, які ўночы, па чутках, блукаў у мядзведжай шкуры.
Праз год усё Парэчча было пад Лелевай уладай – і пад яго ж адказнасцю.
Зямель і людзей, якія патрабавалі ўвагі, большала. І Лель кеміў: сувязь між усімі імі – гэта ключ да еднасці. А таму па ягоным загадзе пракладалі дарогі, пранізваючы прастору, вырубаючы, дзе трэба, лес або прарэзваючы ўзгоркі. Сам жа Лель усё яшчэ сніў замак на возеры і шлях на захад, абсаджаны дубамі, і марыў пра гэта, хаця дзённыя клопаты засланялі мроі.
У старым князевым селішчы было цесна, крывыя вуліцы ды гнілыя дошкі навявалі смутак. Пасля апошняй навалы драўляныя сцены падаваліся не дужа надзейнымі, ды і пажары прыдараліся часта, і тады агонь з лёгкасцю перакідваўся з будыніны на будыніну. Вандроўныя майстры, умельцы, што сцякаліся да княжага двара, разгортвалі перад Лелем скруткі з накідамі ды планамі, прымервалі свае прыдумкі да наваколля. Разам з імі, спрачаючыся, Лель схіляўся над мапамі, вымяраў, падлічваў, спрачаўся ўголас.
– Азёрны замак, значыць? – пытала Ружана з усмешкай. Яна чакала іх першынца, і пераносіла цяжарнасць не лепшым чынам: адчувала слабасць ды санлівасць, стала бледнаю і задумлівай і часта плакала. Лелю, які з трывогаю назіраў за гэтым, падавалася, быццам гэта старыя вузкія вуліцы ды цесныя каморкі ціснуць на яе, выцягваюць сілы. Усе бязладныя драўляныя збудаванні даўно аджылі сваё, а час бег, вымагаючы нечага новага, лепшага, нечага яшчэ нябачанага.
І старое, каб даць дарогу новаму, мусіла сысці.
Лель ездзіў са сваімі майстрамі на поўнач, да некалі заклятага возера. Там кіпела праца, туды звозілі камень, метал і дрэва. Мясцовыя дубы Лель ашчаджаў, спрабуючы захаваць векавыя дубровы, дзе магчыма, і дрэва везлі збольшага з недалёкай пушчы, вырубаючы хвоі. Майстры – цесляры, муляры, кавалі ды іншыя здатныя людзі – працавалі старанна: ім, калі замак будзе пабудаваны як належыць, Лель абяцаў аддаць асобнае ўладанне без уладара, вольнае селішча на дальняй мяжы. Таму, дзеля свайго будучага прытулку, яны завіхаліся над чужым з усім дасяжным умельствам.