Гэта была перамога, але радасці не было. Лель знайшоў у парэчанскім лагеры мёртвую пакутніцкую галаву, насаджаную на піку ды выстаўленую на пацеху, і зняў яе, пераламіўшы дрэўка, завярнуў у чыстае палатно. Дружына забрала палатняны скрутак у селішча, у храм – адзінае суцяшэнне для князевай сям’і. З парэчанскіх уладароў, што распачалі смуту, Порвіда зарубілі, і ён сцёк крывёю яшчэ падчас першага штурму. Другі ж, гарбаносы даўгалыгі Спорнік, быў хаця і жорстка паранены, але жывы, і сядзеў на снезе, не звязаны нават, а скручаны.
– Чарнакніжнік паскудны! – злосна крыкнуў ён, павярнуўшы да Леля збіты да чарнаты твар. – Нелюдзь! Напусціў на дурня Сокаля чары, завею наслаў, бач! Праклён табе, гад нелюдскі, праклён табе ад усіх бостваў, светлых і цёмных!..
Дружыннік, што вартаваў яго, сярдзіта сунуў парэчанцу дрэўкам дзіды ў плечы – для постраху. Але той быццам не заўважыў, усё крычаў, праклінаў нелюдскія чары сарваным голасам, нават тады, калі некалькі плячыстых дружыннікаў кінулі яго ў воз, каб везці за сцены. Лель, якому гэты крык нагадаў лямант старой ведзьмы ў каменным коле, сутаргавата павёў плячыма. Вартавы зірнуў на яго спачувальна і трохі вінавата.
– Нішто, – ціха адказаў Лель на гэты пагляд дружынніка. – Мяне пракліналі ўжо.
За сценамі і ў скляпеннях Спорнік ужо не крычаў, мусіць, выбіўшыся з сіл. Так сталася, што з трох буйнейшых уладанняў Парэчча два страцілі ўладароў, а трэцяе, самае заможнае, – адзінага спадчынніка. Мудрыя сівыя старэйшыны ледзь не ў адзін голас вымагалі смяротных пакаранняў для палонных:
– …каб яны і дзецям заказалі!
А Лелю думалася так: «Калі падсячы корань, той не дасць атожылкаў. Не будзе каму заказваць, ды і дзеці тыя не народзяцца». Ён сказаў гэта Ружане, у якой скруха ад бацькавай смерці перамешвалася з нянавісцю, але тая спачатку заўпарцілася. Давялося нагадваць ёй пра прошчу, ледзь не забітую даўняй чалавечай помстай, і тады Ружана, усё яшчэ хмурачыся, пагадзілася.
– Смерцю яны залёгка адкупяцца, – заўважыла яна змрочна.
І змоўшчыкаў вырашылі судзіць, склікаўшы люд. З’явіўся і стары Сокаль з малою дружынай, вывелі закаванага ў кайданы Спорніка, а замест Порвіда, што загінуў падчас штурмаў, прыехаў ягоны сын-падлетак, бледны і ўспуджаны. Ружана, старэйшая дачка свайго бацькі, сядзела на князевым месцы, Лель стаяў побач, а ўкруг былі воі з раз’юшанымі мядзведзямі на панцырах. Судзілі так: за парушэнне згоды і міру, за парушэнне братэрскіх клятваў, за смерць князя з дружынай, за спаленыя вёскі ды забітых парэчанскія ўладары мусяць сплаціць віру золатам і срэбрам. Спорніка з Порвідам прызнавалі зачыншчыкамі звады і каралі іх здраду, яшчэ і адразаючы на карысць княжага надзелы, на якіх тыя сядзелі спрадвеку. Порвідавых дзяцей, у бацькавай здрадзе нявінных, бралі на выхаванне ў княжы дом, і да паўналецця спадчынніка ўсе землі Порвідаў далучаліся да княжых. Старога ж Сокаля, які ад сваіх хаўруснікаў адкаснуўся і ля вытокаў звады не стаяў, каралі адно віраю, не кранаючы ягоных зямель.
– А сын мой?.. – спытаў, хмурачыся, Сокаль.
Ружана звузіла на яго вочы.
– Будзе нашым госцем, – адказала цвёрда. – Пакуль не паправіць здароўе.
Храмавыя жрацы таропка запісвалі прысуд, сыпалі на чарнільныя радкі пясок, каб напісанае хутчэй высыхала. Пасля адзін са старэйшын прыкладаў да пергаменту княжую пячатку, умацоўваючы новыя дамоўленасці.
– Ты, – сказаў сівы парэчанец Лелю, калі ўсё закончылася. – Ты, значыць, свой уласны ганец? А кажуць яшчэ, быццам у мядзведзя пераварочваешся. Праўда?
– Людзі… многа чаго кажуць, – азваўся Лель унікліва, хаваючы пагляд. Сокаль нядобра ўхмыльнуўся, пашчыпваючы сівыя вусы.
– Які з цябе мядзведзь, малец, калі ты – лісіца.
Сокаль, мусіць, хацеў абразіць. Лель толькі паціснуў плячыма.
– Што ж, – мовіў. – Часам і мядзведзю даводзіцца быць лісіцай.
Напрыканцы той зімы, калі захлынулася парэчанская навала, ён часта сніў востраў на возеры. Зноў з дзікіх скалаў узрасталі стромкія вежы, і чайкі крычалі над белымі ветразямі, раскіданымі па вадзе, а за мостам, не сплеценым са святла поўні, але рэчыўным, шумела мястэчка. Уздыхалі пад ветрам дубы на ўзгорках, і працягвалася, прамая, як страла, бітая дарога, тракт на захад, дзе асляпляльна ззяла золата і барва.
І трэба было ісці туды, крок за крокам, а дарога разгортвалася ўсё далей, пела і клікала голасам вялікай ракі. Голасам струнаў. Голасам песні.
У такіх снах ценем прамінаў нехта яшчэ – падаецца, працягні руку і сягнеш, – але заставаўся незаўважаным, назіраючы здаля. Лель прачынаўся сярод ночы, разбіты, з цяжкаю галавой і з горкім адчуваннем уласнай самоты, закінутасці. Пасля зноў засынаў – і крочыў па верасовых пустках, і спыняўся, пабачыўшы дым ад вогнішча над узгоркам. Верасовае мора атачала яго, хвалявалася пад ветрам, і Лель плыў па ім да самай раніцы, плыў, непапраўна аддаляючыся ад узгорка з вогнішчам, адкуль – ён ведаў – за ім сачылі.