Ясная справа, гэта быў падман, але парэчанцы таго не сцямілі. Тыя трое толькі зноў абмяняліся цяжкімі паглядамі: мусіць, чулі ад тых, хто паспеў збегчы з засады на дарозе, пра паланенне маладога парэчанца ды дзівака пад ссечаным дубам. Стары Сокаль крывіў рот і шчыпаў вусы. Вуглі тлелі ў жароўнях, распаўсюджваючы цяпло, патрэсквалі паходні, асвятляючы накіданыя звярыныя шкуры, мапы на дашчаным стале ды стойку з даспехамі. На цяжкіх панцырах таксама раскідваў крылы белы гербавы птах.

Лель выцягнуў з-за пазухі цяжкі сыгнет з тым жа гербам, што атрымаў ад маладога палоннага, паклаў на шырокую далонь Сокаля. Той сціснуў пярсцёнак у кулаку, і кулак у яго заўважна дрыжаў.

– Але пярсцёнак можна зняць і з мёртвага, – забубніў адзін з маладзейшых парэчанцаў. – Нават і прасцей так. А пасля паслаць сюды нахабнага мальца ды тлуміць галаву. Хіба сталі б яны шкадаваць? Асабліва пасля таго, як іхняга князя зарубілі?..

– …чым давядзеш, малец? – глуха спытаў стары Сокаль, усё яшчэ сціскаючы сынаў сыгнет. – Чым давядзеш, што палонны ваш яшчэ жывы? Скуль мне… скуль мне ведаць, ці можна вашаму ўладару-чарадзею верыць?

А сам – бачна было па вачах, па сутаргаватых рухах – гатовы быў хоць за самае ненадзейнае абяцанне ўхапіцца. Сын быў у яго адзіны, спадчыннік і надзея, і гэтая надзея пакуль яшчэ жыла – у скляпеннях князева селішча.

Двое другіх парэчанцаў хмурыліся, але маўчалі: вырашаць было не ім.

– Вер або не вер, – Лель з наўмысным раўнадушшам паціснуў плячыма. – Мой уладар даводзіць не будзе. Хочаш вызваліць сына – выканай, чаго ён просіць. Іначай сябе толькі будзеш вінаваціць.

Сівы Сокаль маўчаў, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Лель, чуючы, як за полагам перагукаюцца воі, як прамінае, бразгаючы зброяй і насвістваючы, вартавы, сціснуў кулакі. Не адчуваў холаду, не адчуваў цяжару плашча, на якім побач з жароўняю раставаў снег, толькі глядзеў на сівога парэчанца, гадаючы, што за думкі варочаюцца ў ягонай галаве.

А той падняў на маладога ганца вочы і спытаў няголасна:

– І чаго ж просіць ад мяне гэты ваш вой-чарадзей?..

Лель ад ягонага голасу скалануўся, але, усё яшчэ сціскаючы кулакі, азваўся ўпэўнена. Патрабаванне ён паўтараў пра сябе ўвесь час, пакуль ішоў сюды, правальваючыся па пояс у снег, пакуль прадзіраўся праз буру, цягнучы за сабою сваіх вояў, пакуль поўзаў у хісткіх ценях, унікаючы паглядаў вартавых. І калі ён сказаў гэта, кусцістыя бровы ў сівога палезлі на лоб. Адзін з маладзейшых парэчанцаў паспрабаваў быў засмяяцца, але смяшок бездапаможна застрак у ягоным горле.

– Дарагая цана, малец, – мовіў стары Сокаль пахмурна.

– Але і сын табе, напэўна, дарагі, – азваўся Лель. – Выбірай, так мой уладар кажа. Часу табе ён дае да світання.

Лель, сутаргавата пакланіўшыся, развярнуўся, і за спінай ужо пачуў змяіны шэпцік, мусіць, кагось з маладзейшых парэчанцаў.

– Ці не затрымаць мальца-ат? Можа, здолелі б з яго яшчэ нешта выцягнуць? Занадта ўжо склізкі, пранырлівы, унь і ў лагер прабраўся.

– Ты, малец, – мовіў стары Сокаль. – Счакай-ка…

Спінаю Лель адчуў рух, але тут за полагам закрычалі і замітусіліся людзі. Лель выскачыў у снежную каламуць, асветленую чырвоным зарывам і пабег, змяшаўшыся з парэчанскімі воямі. А тыя сцякаліся да паўднёвага ды заходняга краёў лагера, дзе танчыла, разганяючы завею, вясёлае полымя, паглынаючы прыпасы. І несліся ў снежную ноч успуджаныя коні, высока ўзбіваючы капытамі снег. А за мітуснёю завеі заводзілі злавесную песню паляўнічыя рагі, і парэчанцы, забыўшыся на пажары, заміралі, прырастаючы да месца, асянялі сябе ахоўнымі знакамі і шапталі ўспуджана:

– Дзікі Гон!..

Агонь жа, адрозна ад іх, не спыняўся.

А Лель упрыскочку спускаўся з залітага вогненнай чырванню пагорка, змешваючыся з завеяй, гэтым разам – адзін, сам-насам са снегам. Тыя воі, што спудзілі парэчанскіх коней ды падпалілі прыпасы, мусілі ўжо адступіць і вярнуцца за бяспечныя сцены. Двое з паляўнічымі рагамі, што заселі на пагорках, павінны былі рушыць разам на адзін з бліжэйшых хутароў, дзе іх чакалі.

І зноў быў снег вакол і снег пад нагамі, і сцюжа падціскала з усіх бакоў, а сівер рваў з плеч плашч. Лель колькі разоў аступаўся, правальваючыся глыбей, але сяк-так выбіраўся, скіроўваючыся на ўнутранае чуццё. Нязмераныя снягі нагадалі яму бясконцую снежную роўнядзь, пабачаную ці то наяве, ці то ў сне, і гэтаксама пелі за снегам, паступова аддаляючыся, рагі паляўнічых. Галасы камянёў усё яшчэ былі побач, змешваліся са снегам, з голасам завеі. Лель, змагаючыся з ветрам, ішоў на іх, ажно пакуль не выраслі наперадзе, быццам з-пад зямлі, цёмныя сцены за земляным валам. Скрозь сцюжу пахнула гніллю з рова за насыпам. Леля, напэўна, трохі закруціла завірухаю, і зараз давялося ісці ўздоўж вала, асцярожна намацваючы шлях. Яго гукнулі са сцен – ён азваўся, спрабуючы перакрычаць завею. Зарыпеў, апускаючыся, мост, і Леля падхапілі пад рукі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже